• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram Tiktok www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Музыка
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • Гісторыя за 5 хвілін
  • Трызуб і Пагоня
  • Разумняты
  • Вандруем разам
  • Афіша
17.11.2014 | Граблі гісторыі

Праметэй беларускай справы

У маім дзяцінстве было шмат кніг. У беларускамоўным дзіцячым садку, які я наведваў, найбольш папулярнымі былі ўжо легендарныя цяпер кніжкі для дзяцей “Пра герб і сцяг”, “Дзікае паляванне” з малюнкамі Адама Глобуса і Уладзіміра Сцяпана ды іншыя, назвы якіх, на жаль, у памяці не адклаліся. Але маімі самымі любімымі былі “Героі Элады” і “Легенды і міфы Старажытнай Грэцыі” М. А. Куна.

У пяшчотным узросце многія хочуць хаця б крышачку наблізіцца да герояў, здабыць славу і вядомасць, каб пасля тваё імя было назаўжды ўпісанае ў вечнасць. Штораз перачытваючы пра арганаўтаў, Персея, Ікара, Тэзея, Геракла ды іншых герояў, я шкадаваў, што нічога не ведаю пра іх адпаведнікі ў беларускай гісторыі. Старажытная Грэцыя – гэта, канечне, выдатна, але мусіць жа быць што-небудзь і сваё.

Раз-пораз прыязджаючы на вёску да бабулі я спрабаваў знайсці што-небудзь старажытнае тут, у месцы, дзе былі мае карані і дзе мінуўшчына была не чорна-белай карцінкай з падручніка, а самай сапраўднай рэчаіснасцю. Але далей за драўляныя хаты, пабудаваныя пасля вайны, ды іконку, датаваную пачаткам ХХ стагоддзя, якую я выпадкова знайшоў на гарышчы, справа не пайшла. Мінуўшчына не хацела адкрываць сваіх таямніц. Знаёмства з ёй адбылося выпадкова.

Штодня ў нашай хаце раўла радыёкропка – бабуля дагэтуль любіць слухаць апошнія навіны ў свеце ды розныя тэматычныя перадачы. Вечарамі, перад сном, звычайна ставілі розныя ўрыўкі з радыёспектакляў, пастаўленых па матывах вядомых твораў беларускай літаратуры. Так у адну з халодных восеньскіх начэй я пачуў радыёпастаноўку твора, які перавярнуў усё маё жыццё. Твор называўся “Лабірынты”, яго аўтара звалі Вацлавам Ластоўскім – дзіўныя, не менш фантастычныя за твор імя і прозвішча.

Вацлаў Ластоўскі нарадзіўся 8 лістапада 1883 года ў фальварку Калеснікi Дзісенскага павета, што цяпер у Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці. З самага маленства здольны да кніжных навук юнак не мог працягваць далейшае навучанне пасля засканчэння народнай школы праз матэрыяльныя цяжкасці. Як вядома, Ластоўскі быў вымушаны здабываць універсальныя энцыклапедычныя веды самастойна.

Падчас першай рускай рэвалюцыі Вацлаў Юстынавіч перабіраецца ў Вільню, дзе, папоўніўшы шэрагі новапаўсталай Беларускай Сацыялістычнай Грамады, абірае адзіны для яго шлях – служэння сваёй Бацькаўшчыне і народу. Ластоўскі ўладкоўваецца на працу ў рэдакцыю газеты “Наша Ніва”, дзе і раскрываецца напоўніцу яго літаратурны талент. Пішучы пад рознымі псеўданімамі, Ластоўскі запаўняў многія нумары газеты матэрыяламі, якія ўспрымаліся публікай з вялікай цікавасцю.

У 1910 годзе ён выдае асобнай кнігай сваю “Кароткую гісторыю Беларусі”, якая да гэтага друкавалася кавалкамі ў “Нашай Ніве”. У прадмове да яе аўтар пісаў: “Працу гэтую ахвярую сыном маладой Беларусі, каб хаця з гэтай кароткай і няпоўнай працы маглі пазнаваць гісторыю бацькаўшчыны ў сваёй роднай мове”. Далей Ластоўскі фактычна заяўляе, што не прэтэндуе на аб’ектыўнасць, бо пры напісанні працы кіраваўся ацэнкамі падзеяў зыходзячы найперш з інтарэсаў беларускага народа. Гэта была першая папулярная праца па гісторыі Беларусі, напісаная беларусам для беларусаў на беларускай мове, якая сталася вялікай падзеяй ў грамадскім жыцці і выклікала шырокі рэзананс. Але ворагі беларушчыны дарма скрыпелі зубамі ў сваіх нецікавых і банальных чарнасоценных газетах, бо Власт і не думаў спыняцца, гэта быў толькі пачатак.

За час працы ў рэдакцыі “Нашай Нівы”, а пасля газеты “Гоман”, якая выходзіла ў 1916–1917 гадах, Ластоўскі паспеў прыкласці руку да многіх літаратурных і грамадскіх праектаў, паспрыяць выхаду шэрагу важных кніг. Разам з выдавецкай і грамадзянскай дзейнасцю Власт актыўна займаецца палітыкай. Няма сэнсу пералічваць усе партыі, кааліцыі і рухі, да дзейнасці якіх паспеў спрычыніцца Вацлаў Ластоўскі, галоўнае адзначыць, што гэты чалавек заўжды адстойваў ідэалы поўнай незалежнасці беларускай дзяржавы. Так, напрыклад, ён быў адным з нямногіх, чый подпіс не стаяў пад вядомай тэлеграмай сяброў Рады БНР да германскага імператара Вільгельма ІІ, якую часцяком выкарыстоўвалі антыбеларускія прапагандысты на сваю карысць.

У 1920 годзе Вацлаў Ластоўскі перабіраецца на сталае жыццё ў маладую літоўскую дзяржаву, улады якой з прыхільнасцю ставяцца да беларускіх дзеячаў, у адрозненне ад Польшчы і Савецкай Расіі. У тагачаснай літоўскай сталіцы Коўне пасля адыходу з вялікай палітыкі Вацлаў Ластоўскі вяртаецца да навуковай, грамадскай і выдавецкай працы.

За сем гадоў жыцця ў Коўне Вацлаў Ластоўскі паспеў надзвычай шмат. У 1923–1927 гадах ён выдае часопіс “Крывіч”, у якім з’яўляецца аўтарам большасці матэрыялаў. Відавочна, што нашаніўская закалка дапамагла яму ў гэтай нялёгкай працы, бо часопіс быў прысвечаны надзвычай розным тэмам. На яго старонках можна было знайсці самую разнастайную навуковую інфармацыю, тэксты сусветна вядомых літаратараў, такіх як Оскар Уайлд і Рэд’ярд Кіплінг, вершы і прозу беларускіх аўтараў ды навіны з Расіі, Літвы, Латвіі, Польшчы. Акрамя гэтага Ластоўскі рэгулярна рабіў агляд культурнага жыцця Беларусі.

Прыкладна ў гэты ж час была напісаная невялікая праца “Кароткая энцыклапедыя старасвеччыны”, адшуканая вядомым беларускім навукоўцам Язэпам Янушкевічам у Аддзеле рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі літоўскай Акадэміі навук. У прамове да выдання, якое пабачыла свет толькі ў 2003 годзе, на 120-я ўгодкі з дня нараджэння Ластоўскага, Язэп Янушкевіч параўноўвае яго з Зыгмунтам Глогерам, аўтарам вядомай “Старапольскай энцыклапедыі”, падкрэсліваючы выключную працавітасць Власта.

У 1924 годзе Ластоўскі выдае “Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік”, які да гэтай пары верна служыць не толькі цікаўным да мовазнаўства філолагам, але і разнастайным літаратарам, якія ўжываюць у сваіх творах прыдуманыя Властам словы.

У 1926 годзе Ластоўскі выдае фундаментальную працу “Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі, у якой паспрабаваў зрабіць агляд багатай кніжнай спадчыны на Беларусі ад Х стагоддзя да пачатку ХІХ стагоддзя. Аграменная як па змесце, так і па фармаце праца дагэтуль з’яўляецца найцікавейшай гістарычнай крыніцай, што пацвярджае яе перавыданне “Мастацкай літаратурай” у 2012 годзе.

У тым жа годзе Власт запрошаны на Акадэмічную канферэнцыю па пытаннях мовы ў сталіцу БССР. Ён згаджаецца і едзе ў Мінск. Аб сваім падарожжы і ўдзеле ў канферэнцыі ён падрабязна напіша пасля ў апошнім нумары “Крывіча”. Як вядома, першапачаткова Власт быў праціўнікам савецкай Беларусі, але пасля візіту на канферэнцыю змяніў сваё меркаванне. Ластоўскі на ўласныя вочы пераканаўся, што жыццё ў краіне віруе, працуюць тэатры і музеі, а друкуюцца выданні на беларускай мове. На ўласныя вочы знаны беларускі дзеяч пераконваецца, што савецкі Мінск узору сярэдзіны 20-х – аб’ектыўны цэнтр беларускага жыцця.

Найбольш шчымлівы момант, якому Ластоўскі прысвячае літаральна некалькі сказаў, – выпадак на віцебскім вакзале, яшчэ па дарозе ў сталіцу БССР. Чакаючы цягнік, Власт заўважыў групу моладзі, якую нядаўна прывезлі ў Віцебск. Частка адразу ж пайшла ў горад, другая засталася на вакзале. Прымасціўшыся на бакавым століку, дзеці прыняліся нешта вучыць у кніжках і сшытках. Ластоўскага ахапіла вялікая цікавасць, на якой жа мове вучацца гэтыя “нашчадкі крывічанскага роду”. Ён некалькі разоў праходзіў вакол дзяцей, баючыся заглянуць у іх кнігі, каб не расчаравацца, пакуль усё ж не адважыўся. Наблізіўшыся і заглянуўшы, ён бачыць, што адзін з малых вучыць на памяць верш Якуба Коласа “Маці”. Магчыма, менавіта ў гэты момант Ластоўскі і вырашыў перабрацца ў Беларусь.

Насамрэч у маладой рэспубліцы не ўсё было так салодка. Гэта адзначае і сам Ластоўскі. Пасля той Акадэмічнай канферэнцыі ён атрымлівае запрашэнне пераехаць у Мінск на працу, якое прымае з энтузіязмам. Акрамя гэтага Ластоўскі мог перабрацца ў Прагу ці Чыкага, куды яго таксама запрашалі, але выбар спыніўся на Радзіме.

Пасля пераезду ў Мінск Ластоўскі актыўна ўключаецца ў працу па нацыянальна-культурным і дзяржаўным адраджэнні Беларусі, працуе дырэктарам Дзяржаўнага музея БССР. Ад літаратурных пошукаў старасвеччыны ён пераходзіць да рэальных – менавіта ягонымі намаганнямі быў знойдзены крыж Еўфрасінні Полацкай. З 1928 года Вацлаў Ластоўскі прызначаны неадменным сакратаром і акадэмікам Акадэміі навук БССР. У гэты час ён праводзіць не толькі ўласныя навуковыя даследаванні, але і займаецца развіццём навуковых кірункаў ды гадаваннем маладых навукоўцаў.

Але нядоўга цягнулася гэтая ідылія. Праз тры гады пасля вяртання на Радзіму, у 1930 годзе, Вацлаў Ластоўскі разам з іншымі вядомымі навукоўцамі і дзеячамі культуры быў арыштаваны па прыдуманай справе Саюза вызвалення Беларусі. За ўдзел у няіснай антысавецкай арганізацыі ён быў прыгавораны да высылкі ў Саратаў, адбыўшы якую, вяртацца на Радзіму не стаў.

Паўторна арыштавалі Ластоўскага ў кастрычніку 1937 года. У тыя дні начальнік УНКВД па Саратаўскай вобласці, маёр дзяржбяспекі Стромін паведамляў у Маскву, што яго супрацоўнікі схапілі вельмі важную птушку. З гэтага ж паведамлення можна даведацца, што вярнуўся Ластоўскі ў Мінск у 1927 годзе па запрашэнні шэрагу асобаў, у тым ліку і Аляксандра Чарвякова. Наперадзе Власта чакалі бясконцыя здзекі, допыты і катаванні.

Кропку ў нядоўгім, але надзвычай прадуктыўным жыццяпісе Вацлава Ластоўскага паставіла Выязная сесія Вайсковай калегіі Вярхоўнага суда СССР,  якая вынесла яму смяротны прысуд 23 студзеня 1938 года, выкананы ў той жа дзень.

Вацлаў Ластоўскі – гэта не проста беларускі дзяржаўны і палітычны дзеяч, навуковец, літаратар, аўтар фундаментальных навуковых прац, але сапраўдны Праметэй беларускай справы, які адной сваёй асобай здолеў замяніць для беларусаў на пэўным этапе цэлыя інстытуты і навуковыя ўстановы. Ён запаліў той самы агонь незалежнай Беларусі з тысячагадовай гісторыяй, які, хацелася б верыць, ужо не згасне ніколі.

Канстанцін Касяк

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Літаратура

«На беразе Волі». Выйшла новая кніга Андрэя Хадановіча

«Гэтым разам не выбранае, а менавіта новае!», — падзяліўся навіной у сацсетках вядомы беларускі паэт Андрэй...

valiancina_shauchenka
Літаратура

«Адплывае спакойнае неба...» Памерла паэтка Надзея Артымовіч

У Бельску Падляшскім пасля працяглай хваробы на 77-м годзе жыцця памерла Надзея Артымовіч. Яе называлі паэткай...

valiancina_shauchenka
Музыка

«Тэкст напісаўся разам са слязьмі па спачылым». Андрусь Такінданг распавёў пра песню памяці Міраслава Лазоўскага

Напрыканцы верасня беларускі музыка Андрусь Такінданг прэзентаваў кліп на сваю новую песню «Шэры камень». Гэты твор...

valiancina_shauchenka
Культура

Фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA пройдзе ў Варшаве на гэтых выходных

На працягу чатырох дзён, з 6 па 9 кастрычніка, у Варшаве адбудзецца фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA. Гэта...

Апошнія навіны

    Літаратура
    «На беразе Волі». Выйшла новая кніга Андрэя Хадановіча
    Літаратура
    «Адплывае спакойнае неба...» Памерла паэтка Надзея Артымовіч
    Музыка
    «Тэкст напісаўся разам са слязьмі па спачылым». Андрусь Такінданг распавёў пра песню памяці Міраслава Лазоўскага
    Культура
    Фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA пройдзе ў Варшаве на гэтых выходных
    Культура
    «Чаму вы выйшлі з дому?» Хадановіч разважае пра паэзію пратэсту і салідарнасці
    Гісторыя
    Голда Мэір: «У мамы была звычка заяўляць, што ў Мілуокі ўсё горш, чым у Пінску»
    Грамадства
    У пошуках літвінізму. У Сейме Літвы абмеркавалі уплыў літвінізму на адносіны паміж беларусамі і літоўцамі
    Культура
    «Берлінскі сшытак»: загадкавы спеўнік бабулі Кацярыны Ваданосавай
    Грамадства
    Генпракуратура распачала крымінальныя справы супраць Рады БНР
    Мастацтва
    «Ніці супраціўлення»: адкрыццё выставы Руфіны Базловай адбудзецца ў Чэхіі
    64-гадовая беларуска падняла БЧБ-сцяг над адной з найвышэйшых гор свету
    Кіно
    Фільм «Зялёная мяжа»: што хацела паказаць Агнешка Холанд і што атрымалася
    Музыка
    Наста Хмель: Робім Беларусь у выгнанні, каб не знікнуць у чужым краі
    Забавы
    Гульня: Знайдзі аднолькавыя вокладкі
    Грамадства
    На якой мове мусіць размаўляць лагапед з беларускамоўнымі дзецьмі? Іна Кулей аб працы беларускамоўнага лагапеда

Афіша

  • 04.10

    ПАДЗЕЯ ДНЯ: Музейная імпрэза «Посцілка: прастора натхнення» ў Гомелі

  • 04.10 — 08.10Восеньскі салон у Мінску
  • 04.10 — 19.11Фотавыстава Андрэя Логінава «CHAROMUSHKI ODYSSEY 1930-2023» у Познані
  • 04.10 — 13.11Выстава «Васіль Быкаў. Праз абрысы і лініі» ў Віцебску
  • 04.10 — 08.10Фестываль незалежнай беларускай культуры ва Уроцлаве
  • 04.10 — 17.11Выстава Руфіны Базловай у Чыкага
  • 04.10ПАДЗЕЯ ДНЯ: Музейная імпрэза «Посцілка: прастора натхнення» ў Гомелі
  • 05.10 — 09.11LAZARET. Персанальная выстава Цемры ў Празе

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • Чучхэ ў самым сэрцы Еўропы альбо Што чакае беларускую нацыянальную культурную прастору
    • «Я аддала апошняе на сваю мару». Беларуская мастачка рызыкнула ўсім, што мела, і адкрыла ў Варшаве фотастудыю
    • Тэст для вандроўнікаў: пазнай мясціны, дзе нарадзіліся ці жылі нашыя славутыя землякі
    • Параза ці перамога? Першы мір Вялікага Княства Літоўскага
    • «Будуць беларусы — будзе беларуская кніга». У Батумі стартаваў фестываль інтэлектуальнай кнігі Pradmova-2023
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип