Алесь Тодараў на budzma.org пералічвае самыя папулярныя правілы чытання кніг, якія прыносяць не толькі задавальненне, але і практычную карысць ад гэтага працэсу.
Мы ўжо вызначылі, што для тых, хто жадае развівацца кожны дзень, кнігі — адносна недарагі, але пры гэтым надзвычай эфектыўны спосаб.
Пры чым, каб развіцца, набірацца жыццёвага досведу і разумення, можна чытаць не толькі складаную навуковую літаратуру або класіку. Чытаць можна і тое, што цікава менавіта вам — прыгоды, фэнтэзі, папулярную літаратуру на тэму псіхалогіі, гісторыі або філасофіі.
Па першым часе і дзесяці старонак добра напісанага тэксту будзе цалкам дастаткова, каб вы маглі ўзбагаціць свой слоўнікавы запас, падвысіць узровень інтэлекту і кругагляд, зрабіцца цікавым суразмоўцам.
Калі вы не з’яўляецеся зацятым аматарам папяровай кнігі, або не маеце магчымасці ці жадання ўсюды насіць яе з сабой, можна звярнуцца да электроннай версіі.
Эксперты ў кніжнай сферы раяць мець электроную копію нават у тым выпадку, калі вы ўжо маеце папяровую. Так вы зможаце звяртацца да любімага твора ў любую хвіліну. Скажам, калі едзеце ў траспарце, падчас перапынку, або седзячы ў чарзе.
Чытаць жа можна не толькі ў рамантычных умовах, калі вы захутаўшыся ў плед сядзіце ў фатэлі, трымаеце ў руках любімую кнігу, а побач стаіць кубак з духмянай кавай з далёкай Італіі.
Кнігі, на якія не варта марнаваць час
Па вялікім рахунку кожны сам вырашае, што, як і калі яму чытаць. Але некалькі наступных рэкамендацый дапамогуць вам зразумець на якія кнігі лепей ўсё ж не звяртаць увагі, каб не губляць час.
Кнігі, якія чытаюць усе Гарантавана не варта марнаваць уласны час на кнігу, якую чытаюць усё навокал толькі з той прычыны, што яе чытаюць усе навокал. Імаверна, што ў дзеянні агрэсіўны маркетынг і нічога новага для сябе вы там не знойдзеце. Так бывае, і да гэтага трэба ставіцца з разуменнем, але не паддавацца на спробы сагітаваць і вас набыць бескарыснае чытво.
Кніга расчаравала пасля першых старонак
Калі раптам з’явілася такое адчуванне, то вам трэба проста адкласці гэтую кнігу, але не рабіць заўчасных высноў. Магчыма, вы захочаце вярнуцца да яе праз год, два ці пазней. Бо кожная кніга павінна быць прачытана своечасова.
Можна таксама звярнуцца і да такой тэхнікі: паспрабуйце прачытаць першыя 50 старонак кнігі. Калі адолеце іх і не згубіце цікавасці, значыцца, хутчэй за ўсё, дачытаеце і да апошняй. Калі ж цікавасць губляецца, то пэўна, кніга гэтая не для вас.
Кароткі змест
Калі вам з тых ці іншых прычынаў трэба прачытаць нейкую кнігу, то не абавязкова чытаць яе адразу ж цалкам. Можна звярнуцца да старой добрай школьнай практыкі і паглядзець яе кароткі змест. А ўжо потым, пазнаёміўшыся з ім, канчаткова вызначыцца: трэба яе чытаць або не.
Спісы рэкамендаванай літаратуры
Далёка не заўжды варта «весціся» на спісы рэкамендавай літаратуры, якую прапануюць тыя або іншыя выданні. Уважліва паглядзіце, хто і чаму іх прапануе. Кім складзены спіс і на якіх падставах. Бо цалкам рэальна, што такі рэйтынг можа быць абсалютна адвольным, які зрабіў не зусім кампетэнтны ў літаратурнай справе чалавек з мэтай клікбэйту.
Ці не кожны бачыў такія загалоўкі, калі нам прапануюцца «10 лепшых твораў пра вайну», «Тузін найлепшых раманаў пра каханне» і гэтак далей. Яны, як правіла, прымеркаваныя да нейкай даты або актуальных падзеяў. Але ўнутры такога тэкста можа быць прапанаваны спіс «неўміручай» класікі, якую ведае кожны са школьнай лавы, або абсалютна бескарыснай літаратуры. Бо ягоныя складальнікі па-просту хайпуюць на «гарачай» тэме. Таксама парою сустракаецца спроба выдаць за «свежы» твор на пэўную тэму, які не атрымаў прызнання ні ў свой час, ні пасля, а адметны толькі тым, што ён калісьці быў напісаны і існуе ў гісторыі літаратуры.
3 спосабы чытаць больш
Складзіце спіс кніг.
Складзіце спіс, у якім будзе мінімум дзесяць кніг, якія вы б хацелі прачытаць у бліжэйшы час. Туды можа ўвайсці літаратура, якая наўпрост звязана з вашай прафесіяй або хобі. Магчыма, вы хочаце палепшыць свае веды ў нейкай канкрэтнай вобласці. Галоўнае, каб гэтыя кнігі былі вам цікавыя. Пастаўце мэту на год.
Вызначыце сваю мэту на бліжэйшы год. Колькі кніг вы плануеце адолець за гэтыя 365 дзён?
З аднаго боку, будзе цудоўна, калі вы самі сабе кінеце выклік, але з іншага — абсалютна не варта перанапружвацца. Самы мінімум, які варта адолець даросламу чалавеку — гэта 2 кнігі ў месяц.
Можаце далучыцца да чэленджаў, якія рэгулярна ладзяць літаратурныя парталы і папулярныя блогеры. Шкада, што не беларускія ...
Абярыце зручны час для чытання.
Будзе выдатна, калі вы знойдзеце ў сваім графіку адмысловы час для чытання і вызначыце для сябе мінімальную дзённую норму старонак. Напрыклад, каб за год адолець сотню кніг, у дзень трэба будзе чытаць у сярэднім па 50 старонак.
Поспехаў!
Алесь Тодараў, budzma.org