Сяргей Рублеўскі
Ў, тое, што мы скарацілі. – Мінск: Медысонт, 2009
Напэўна, кожны чалавек, раней ці пазней, але непазбежна перажывае перыяд, які ўмоўна можна назваць “дыдактычным”. У гэты час ён імкнецца ўпарадкаваць свае ўспаміны, асэнсаваць большую частку пражытага жыцця. А здабыты за гэты час досвед дазваляе чалавеку “бываламу” ўзвысіцца над мітуснёй паўсядзёншчыны і нетаропка, флегматычна апавядаць, апавядаць… У гэтыя салодкія моманты вір успамінаў мінулага зацягвае апавядальніка ўсё глыбей і глыбей. Ён заплюшчвае вочы і экстатычна, захоплена расказвае, маючы трывалую веру ў тое, што яго слухаюць, яму і героям прыдуманых ім баек суперажываюць, нават нягледзячы на тое, што і героі, і сюжэты, і нават вобразы ўвесь час паўтараюцца.
Кніга эсэ і апавяданняў Сяргея Рублеўскага на першы погляд падаецца менавіта зборнікам аповедаў такога “дыдакта”. Але толькі на першы погляд. Так, аповеды флегматычныя. Так, героі аднатыпныя. Так, няма логікі ў арганізацыі тэкстаў у цэласную кнігу (чытачу даводзіцца здагадвацца, што перад ім: эсэ, дзённікавы запіс, апавяданне ці дарожныя нататкі). Усе гэтыя хібы кампенсуюцца шматлікімі станоўчымі бакамі кнігі (пра якія крыху ніжэй); да таго ж аўтар, як відаць, яшчэ не ўвайшоў у этап падсумоўвання пражытага жыцця – у хуткім часе яму споўніцца толькі 55.
Значную частку кнігі складаюць успаміны і дзённікавыя запісы пісьменніка, якія прасякнутыя настальгіяй па вёсцы, па тых адчуваннях, што можна мець толькі ў вёсцы і толькі ў маленькай бацькоўскай хаце. У вясковым жыцці і быце аўтар бачыць пэўную светапоглядную сістэму, філасофію, якая не можа не ўплываць на будучае жыццё ў горадзе, нават далёка ад роднага дома. Звычайныя вясковыя завядзёнкі (мыццё столі перад святамі), простыя стравы (асабліва клёцкі), мова вяскоўцаў (аўтар прыводзіць уласныя філасофска-філалагічныя назіранні за лексікай маці, робіць сапраўды важныя і цікавыя высновы) у светаўспрыманні аўтара ўзвышаюцца да ідэальнага і амаль недасяжнага ва ўмовах гарадскога жыцця.
Сур’ёзнымі і поўнымі жыццёвага досведу з’яўляюцца дзённікавыя запісы аўтара. Яны хутка і лёгка чытаюцца, але патрабуюць доўгага і грунтоўнага роздуму і гэтым самым набліжаюцца да афарызмаў. Цікавымі і карыснымі падаюцца эсэ-рэфлексіі, прысвечаныя літаратурнай творчасці. У іх выяўляюцца асаблівасці светаадчування пісьменніка, чалавека, для якога шчасцем з’яўляецца “добра напісаны тэкст”.
Ёсць сярод дзённікавых запісаў і творы, якія ўжо лічаць асобным жанрам, а менавіта ўспаміны пра Анатоля Сыса. Сяргей Рублеўскі дае ўласнае, амаль містычнае тлумачэнне знакамітай паставы Сыса: рукі, расхінутыя ўшыркі крыжовай перакладзінай. Версія сапраўды заслугоўвае пільнай увагі.
Апавяданні збольшага флегматычныя, дзеянні ў іх запаволеныя, героі заглыбленыя ва ўласныя роздумы на фоне вонкавых падзей. Але і гэта не выпадкова. Аўтар нібы нашэптвае чытачу: “Не бяжы, спыніся, паглядзі, як цярпліва арнітолаг, герой майго апавядання, чакае сустрэчы з беркутам. Якім цвёрдым крокам ён набліжаецца да сваёй мэты. А што табе перашкаджае проста азірнуцца навокал?..” Не выпадкова і тое, што героі іншых апавяданняў, у большасці сваёй скульптары, працуюць нязменна з глінай. Нават скульптара-атэіста, які робіць скульптуру Леніна, судакрананне з “боскім” матэрыялам штурхае на развагі пра боскае.
Аўтар часта згадвае пра містычнае, рэлігійнае, боскае. Нават простую вясковую столь ён параўноўвае з нябёсамі, а сучкі на ёй – з зорамі. “Хіба можна столь з нябёсамі раўняць?!” – абураецца маці аўтара ў адной з зацемак. Можна, хаця б дзеля таго, каб ведаць, што гэтыя нябёсы ў тваіх сілах у любы момант праясніць…