Прэзентацыя інтэрнэт-часопіса перакладной літаратуры “ПрайдзіСвет” сабрала поўную залю літаратурнага музею Максіма Багдановіча 27 траўня. Віноўнікі ўрачыстасці — малады калектыў аўтараў у складзе Юлі Цімафеевай, Насты Гвоздзевай, Кацярыны Маціеўскай, Ганны Янкута, Сержука Мядзведзева, Паліны Маслянковай ды інш.
Часопіс “ПрайдзіСвет” плануецца як інтэрнэт-выданне, цалкам прысвечанае перакладу замежнай літаратуры на беларускую мову.
Юля Цімафеева
Галоўная аўтарка праекту Юля Цімафеева:
— Ідэя часопіса ўзнікла год таму, і на тое былі аб’ектыўныя прычыны. Адна з іх — адсутнасць друкаванага ці інтэрнэт-выдання, якое было б прысвечанае перакладу на беларускую мову. Таксама адчуваецца недахоп выданняў, дзе маладыя перакладчыкі маглі б друкаваць свае творы.
Валянцін Акудовіч
На тэму Прайдзісветаў разважаў кіраўнік аддзялення філасофіі ды літаратуры Беларускага Калегіюма філосаф Валянцін Акудовіч:
–Я думаў штучкі-дручкі, але цяпер праект мяне ўражвае.
Кацярына Маціеўская
Пра планы на будучыню апавядае галоўны рэдактар першага нумару часопіса Кацярына Маціеўская:
–Інтэрнэт-часопіс і сайт праекту мусяць быць рознымі рэчамі. Часопіс будзе выходзіць прыкладна раз на тры месяцы, а сайт будзе папаўняцца навінамі ды аглядамі. Апроч іншага, на сайце створаная пляцоўка для камунікавання перакладчыкаў, якая рэалізавалася ў выглядзе форума.
У ходзе імпрэзы прайшло спаборніцтва па складанні найлепшага лімерыка пра “ПрайдзіСвет”.
Паліна Маслянкова
Экстравагантная Паліна Маслянкова ды крэатыўная Юля Цімафеева напоўнілі капялюш Паліны лімерыкамі і вызначылі чатырох пераможцаў, якія былі ўзнагароджаныя каштоўнымі прызамі.
У глядацкай залі
Дзень народзінаў часопіса прыцягнуў увагу вялікай колькасці аматараў літаратуры. У пачатку свята супрацоўнікам музею давялось цягаць у залю лавы ды крэслы, але наведвальнікі, што спазніліся, мусілі слухаць пераклады стоячы.
Наведвальніца:
— Часопіс “ПрайдзіСвет” — найлепшы ў сваем жанры, таму што іншага часопіса для перакладчыкаў на беларускую мову ў нас няма.
Марыйка Мартысевіч
Павіншаваць новаствораны часопіс завіталі сёлета “абсалютнае зло байнэту”, паэтка Марыйка Мартысевіч, кіраўнік Перакладчыцкай майстэрні Андрэй Хадановіч, паэт і перакладчык Віталь Рыжкоў, паэтка Вера Бурлак. Незвычайныя пераклады Сержука Вітушкі пра сала з памідорамі спяваў Раман Абрамчук, а з лялькай-перакладчыкам гуляўся “Крывы тэатр”.
Андрэй Хадановіч
Літаратурнае свята скончылася выступам Андрэя Хадановіча, які чытаў пераклады, спяваў ды жартаваў з перакладчыкаў:
— Перакладчык — гэта той, хто перакладае з мовы, якую не ведае зусім, на мову, якую ведае дрэнна.
Праблемы перакладной літаратуры высвятляў Мартын Ветра, а імпрэза ладзілася пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі!”
Фота Мартына Ветра і Мікалая Цімафеева.
Таксама на гэту тэму чытайце: svaboda.org
Тэгі: Мінск