Прэм’ера спектакля “Палкоўнік-птушка” ў Маладзёжным тэатры

04.06.2014 Тэатр

У Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры адбылася прэм’ера спектакля “Палкоўнік-птушка” паводле вядомай балгарскай п’есы Хрыста Бойчава. Паставіў спектакль малады рэжысёр Сяргей Анцалевіч, які да гэтага зрабіў спектакль “Patris” у рамках беларускага праекту фестывалю “Тэарт”.

П’еса ў свой час перамагла ў конкурсе, які ладзіў British council. І гэта нязвыклы для нас еўрапейскі фармат драматургіі, калі “жыццё чалавечага духу” адбываецца на фоне важных гістарычных працэсаў. У былой Югаславіі ідзе балканская вайна, у далёкую забытую псіхіятрычную клініку, што знаходзіцца недалёка ад месца падзей, прыязджае новы доктар. Хворых нават няма чым карміць, а тут, відаць, памылкова, да іх прызямляецца гуманітарны груз з Еўрасаюза. Гэта тое, што мы і так ведаем з анатацыі. Але вельмі цікава сачыць, як пісьменна драматург развівае завязку, як ідзе далей і далей. Для драматургіі гэта асноўная хвароба: калі “наступны крок” не адбываецца, калі не назапашана рэсурсу для развіцця дзеі.

“Палкоўнік-птушка” — прыклад п’есы, дзе развіццё сюжэту не спыняецца і нават самыя заблытаныя сюжэтныя хады раптам даюць плён. Ёсць у п’есе матывы магічна-рэалістычных мастацкіх канструктаў, за якія мы любім і паўднёваамерыканскую, і балканскую культуру. Дзіва, што на гэтай балканскасці асаблівага націску ў спектаклі не было.

Вельмі цікава загучаў прыём спалучэння словаў “ад аўтара”, таго самага доктара, якога грае Андрэй Гладкі, з дзеяй, галоўным героем выяўляецца той самы “палкоўнік-птушка” ў выкананні Аляксандра Шарова. Вось мы бачым дзею, дзе вар’яцтва ў вар’яцкай сітуацыі вайны раптам робіцца “нармальным”, і голас правадыра невялічкай арміі псіхіятрычнай лякарні гучыць бадзёра і ярка. Але ў момант, калі ён звяртаецца да доктара, пачынаюць гучаць ліслівыя ноткі.

Гэта вельмі крохкі баланс раўнавагі жыцця, калі тыя, у каго ўлада і моц, раптам адчуваюць сваю залежнасць, сваю недасканаласць. А яе адчуваем у пэўным момант мы ўсе. І ў п’есе адбываецца нешта асаблівае з самой сітуацыяй, калі баланс раптам аднаўляецца. Няпэўныя лідары раптам пачынаюць казаць тое, што ад іх хочуць пачуць масы, межы адкрываюцца, лісты, адпраўленыя з птушкамі, знаходзяць  адрасатаў.

П’еса ўвогуле насычаная цікавымі тыпажамі і характарамі, і маладыя артысты Маладзёжнага тэатра граюць у ёй ахвотна і задорна. Рэжысура Сяргея Анцалевіча была менавіта такой — акуратнай, гульнёвай. На вялікай сцэне Анцалевіч амаль не працаваў, затое атрымаў вялікі досвед у рэжысуры драматургічных чытанняў, дзе трэба ўмець эфектна падаць тэкст пры амаль поўнай адсутнасці тэхнічных і іншых сродкаў. І адчуваецца, што тэатр грае на чужой пляцоўцы. Няпэўныя мізансцэны, шмат мітусні, вельмі схематычная праца з прасторай, якая маскіруецца сімпатычнымі відэаінсталяцыямі. Але на гэтыя хібы перастаеш звяртаць увагу, бо ў спектаклі адчуваецца атмасфера, пазнавальны творчы почырк.

І тут, трэба прызнаць, вельмі ўдала пасуе матэрыял. П’еса смешная, публіка адклікаецца на жарты з гатоўнасцю, акцёрам цікава быць на сцэне. Пэўная частка аўдыторыі прыйшла, напрыклад, глядзець на ігру Іллі Чарапко з гурта “Касіяпея” і “Петля Пристрастия”, то бок была не тэатральная аўдыторыя, але ўспрыняла спектакль з цікавасцю.

Пасля спектакля было свежае адчуванне, што маладым далі слова. Хочацца пажадаць спектаклю расці і мацнець, а рэжысёру — новых спектакляў.