Прэзідэнт з Моталя

10.11.2020 Гісторыя

Раней беларуская зямля была багатая на прэзідэнтаў. У адным з матэрыялаў мы ўжо ўспаміналі пра выбітнага змагара і прэзідэнта Мікалая Судзілоўскага. А цяпер раскажам пра першага прэзідэнта Ізраіля Хаіма Вейцмана.


100 патэнтаў і Уінстан Чэрчыль

У 1874 годзе ў Моталі нарадзіўся Хаім Вейцман. Спачатку ён атрымаў традыцыйнае габрэйскае выхаванне ў пачатковай габрэйскай школе, а пазней паступіў у рэальнае вучылішча ў Пінску, куды потым пераехала ягоная сям’я. Будучы навуковец далейшую адукацыю атрымаў у Заходняй Еўропе: Дармштадскі політэхнічны інстытут у Нямеччыне, Каралеўскі тэхнічны каледж у Берліне, Фрыбургскі ўніверсітэт у Швейцарыі (дзе абараніў доктарскую дысертацыю). Гэтаксама ў Еўропе пачалася выкладчыцкая і навуковая кар’ера Вейцмана. У 1901 годзе ён стаў выкладчыкам біяхіміі ў Жэнеўскім універсітэце, а ў 1904 годзе пераязджае ў Брытанію, дзе пачынае працаваць у Манчэстэрскім універсітэце.

Асабліва адметнай навуковая дзейнасць Хаіма Вейцмана была падчас Першай сусветнай вайны, калі ён, у прыватнасці, працаваў над атрыманнем сінтэтычнай гумы, а таксама вылучыў бактэрыю Clostridium acetobutylicum (якую часам называюць «арганізм Вейцмана»). Варта адзначыць, што сваёй працай Вейцман звярнуў на сябе ўвагу значных чыноўнікаў, сярод якіх былі будучыя прэм’ер-міністры Вялікабрытаніі Дэвід Лойд Джордж і Уінстан Чэрчыль.

Хаім Вейцман працягваў актыўна займацца навуковай дзейнасцю. Варта адзначыць, што ён з’яўляецца заснавальнікам Габрэйскага ўніверсітэта ў Іерусаліме і навукова-даследчыцкага інстытута імя Даніэля Зіва ў Рэхавоце (які пазней быў перайменаваны ў гонар Вейцмана). Акрамя таго, агулам за сваё жыццё Вейцман атрымаў каля 100 патэнтаў.

Chaim-Weizmann.jpg

Хаім Вейцман

Першы прэзідэнт

Адначасова з надзвычай плённай навуковай працай Хаім Вейцман не менш плённа і актыўна займаўся палітыкай. І менавіта як грамадскі і палітычны дзеяч ён вядомы ва ўсім свеце. У часы вучобы ў Берліне Вейцман далучыўся да сіянісцкага руху, а падчас працы ў Брытаніі ўжо выкарыстоўваў свае сувязі для прасоўвання інтарэсаў па стварэнні габрэйскай дзяржавы. Дзякуючы сваёй актыўнай дзейнасці Хаім Вейцман атрымлівае вялікі аўтарытэт і фактычна становіцца адным з лідараў сіянісцкага руху. Так, у 1920 годзе у Лондане ён абіраецца старшынёй Сусветнай сіянісцкай арганізацыі.

Падчас Другой сусветнай вайны Вейцман і зусім рабіў немагчымае: займаўся навуковымі распрацоўкамі, праводзіў актыўную агітацыю на карысць габрэйскай дзяржавы не толькі ў Брытаніі і Еўропе, але і ў ЗША, у тым ліку лабіяваў на ўзроўні ўплывовых дзеячаў і чыноўнікаў, для змагання падчас вайны дамогся стварэння Габрэйскай брыгады ў складзе брытанскага войска. Аднак змаганне за ўласную дзяржаву было няпростым і доўгім і ў пасляваенны перыяд. У прыватнасці, у 1947 годзе ён браў удзел у працы Генеральнай Асамблеі ААН, а пазней сустракаўся з прэзідэнтам ЗША Гары Трумэнам адносна крэдыту для новай дзяржавы.

У 1948 годзе Хаім Вейцман узначаліў Часовую дзяржаўную раду, а ўжо ў 1949 годзе быў абраны першым прэзідэнтам Ізраіля.

Новы прэзідэнт

Хаім Вейцман быў абраны прэзідэнтам і на другі тэрмін, але памёр праз год (у 1952-м) ва ўзросце 77 гадоў. Але цікава адзначыць, што сёмым прэзідэнтам Ізраіля ў 1993 годзе быў абраны і ягоны пляменнік Эйзер Вейцман (бацька якога таксама з Пінска), які на гэтую пасаду таксама абіраўся двойчы. Сёння на будынку ў Пінску, дзе вучыўся Хаім, вісіць памятная шыльда, а ў самім Ізраілі памяць пра свайго першага прэзідэнта шануюць праз маркі, манеты і банкноты з яго выявай, помнікі, вуліцы і навучальныя ўстановы, названыя ў яго гонар.

Кірыл Стаселька, budzma.org




Сачыце за нашымі публікацыямі ў TelegramFacebookВконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!