29 лістапада 2016 года сумесна з выдавецтвам «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» прэзентуе незвычайнае трохтамовае энцыклапедычнае выданне «Францыск Скарына».
Аўтар кнігі Алесь Суша — намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці, культуролаг, кнігазнавец, старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў.
У новай публікацыі ў займальнай і форме падаюцца найноўшыя навукова пацверджаныя факты пра першадрукара, упершыню публікуюцца ўнікальныя ілюстрацыйныя матэрыялы (больш 300 якасных ілюстрацый), выказваюцца нечаканыя гіпотэзы. У выданні засталося месца нават для некаторых правакацый і адкрыццяў.
Кніга выйшла ў трох тамах. Першы том, «Францыск Скарына — чалавек-энцыклапедыя», − пра шматграннасць першадрукара. Другая частка, «Францыск Скарына — чалавек свету», прысвечана падарожжам вялікага палачаніна. Трэцяя, «Францыск Скарына — чалавек–легенда», распавядае пра спадчыну Скарыны. Тут ёсць таксама раздзелы пра рукапісную кнігу, узнікненне кнігадрукавання, тэхналогіі, якімі карысталіся ў тую эпоху.
Цудоўнае паліграфічнае выкананне, напісаныя лёгкай мовай тэксты, шыкоўныя ілюстрацыі, якасныя папера і пераплёт зробяць выданне цудоўным падарункам да вялікага свята – 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, якое мы будзем святкаваць у 1517 годзе. Выданне прыйдзецца даспадобы ўсім, хто цікавіцца багатай гісторыяй нашай краіны.
Пачатак а 16-й гадзіне ў галерэі «Лабірынт» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (пр.Незалежнасці, 116, 3-ці паверх, галоўны ўваход).
Паводле арганізатараў