У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі прадставілі першы том серыі даведнікаў “Польшча-Беларусь. Агульная гістарычная спадчына. Даведнік па архіўных матэрыялах 1918-1939”, які змяшчае інфармацыю аб жыцці Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.Складальнікамі выдання сталі беларускія гісторыі Аляксандр Вабішчэвіч, Аляксандр Смалянчук, Анатоль Вялікі і польскі спецыяліст Ева Расоўская.
Для стварэння даведніка яны працавалі ў Дзяржаўных абласных архівах Брэсцкай і Гродзенскай абласцей, якія змяшчаюць амаль 402 тыс. адзінак па тэме Заходняй Беларусі 1918-1939 гадоў.
“У першую чаргу гэта цікава гісторыкам і вучоным. Да таго ж важныя для сябе звесткі могуць атрымаць тыя, хто цікавіцца ўласнай радаслоўнай, каранямі, якія ідуць з Заходняй Беларусі”, – адзначыў Анатоль Вялікі, адзін са складальнікаў выдання.
“Польшча-Беларусь. Агульная гістарычная спадчына….” складаўся на аснове архіваў, якія да сярэдзіны 80-х гадоў былі засакрэчаны. Галоўнае адрозненне даведніка ад папярэдніх работ па гэтай тэме ў тым, што прадстаўлены змест упершыню такі падрабязны. Выданне ахоплівае ўсе сферы жыцця ў Заходняй Беларусі: тут можна знайсці інфармацыю аб прамысловасці, сельскай гаспадарцы, натарыяльных канторах, бальніцах, друкаваных выданнях, дзейнасці паліцыі.
“Калі да гэтага часу можна было знайсці толькі фармулёўку “Слонімскае павятовае ўпраўленне”, то мы яе расшыфравалі і паказалі, што хаваецца за гэтай структурай. З выдання можна даведацца, напрыклад, якія бальніцы былі ў населеным пункце, прыватныя і муніцыпальныя, штат гэтых бальніц і іншае”, – растлумачыў Анатоль Вялікі.
Друкаваны варыянт выдадзены на польскай мове, электронны варыянт мае версію і на беларускай мове. Работа над серыяй даведнікаў будзе прадаўжацца, аднак дакладная колькасць тамоў пакуль невядома.