Я вагаўся, ці пісаць пра гэта ўвогуле. Па-першае, таму што гэта не надта адпавядае тэме «Простыя рэчы», па-другое, таму што маю вялікі сумнеў адносна таго, ці будзе гэта ўвогуле нехта чытаць. Гонар і годнасць сёння не ў трэндзе. Ад іх патыхае маралізатарствам і старамодным рамантызмам. Пераканаў мяне ў тым, што пісаць варта, Юрый Лотман. Той самы славуты семіётык, культуролаг, літаратуразнаўца, маральны і навуковы аўтарытэт цэлага пакалення. Ведаеце, як гэта бывае: пачынаеш цікавіцца нейкай тэмай, а тэма, паводле нейкіх незразумелых законаў, сама пачынае ўсплываць то там, то тут, з анамальна частай перыядычнасцю.
Вось так і ў мяне: я думаў пра парыжскую трагедыю і пры гэтым механічна, зусім з іншай нагоды, гугліў Лотмана. Мяне зацікавіў адзін фільм, і я націснуў на play. Чорна-белая стужка, прафесар, падобны да Альберта Энштэйна, выступае перад нейкай вялікай аўдыторыяй. Ён пытаецца, ці добра яго чуваць, і пачынае выступ з наступных словаў: абражаны чалавек жыць не можа – ён павінен альбо змыць абразу крывёю, альбо памерці. Выгляд прамоўцы, ягоная кананічная, нават крыху шаржаваная інтэлігентнасць аніяк не стасуецца са зместам прамоўленай, старой як свет максімы, аднак, мажліва, праз гэтую неадпаведнасць, словы гучаць асабліва пераканаўча.
З пункту гледжання права думка, агучаная прафесарам, ёсць заклікам да самасуду і забойства, то бок злачынствам. Нават з пункту гледжання звычаёвага права гэта анахранізм і дзікунства. А гучыць годна і прыгожа, нават шляхетна! Гэткае супярэчлівае стаўленне сядзіць унутры нас ужо не адно стагоддзе. Каб крыху разабрацца з гэтымі супярэчнасцямі, трэба паспрабаваць зразумець прычыны такіх нашых рэакцый і разабрацца з двума блізкімі па сэнсе, але рознымі паняткамі: гонарам і годнасцю.
Сёння агульнапрынятым ёсць тое, што права на годнасць (годнае жыццё) даецца кожнаму ад нараджэння. Гэта вельмі важнае дасягненне. Кожны чалавек, незалежна ад ягонай нацыянальнасці, веравызнання, фізічных, разумовых і нават маральных якасцяў мае годнасць. Годнасць – каштоўнасная абалонка вакол кожнага з нас, неад’емная частка нашай “чалавечнасці”. Нельга пазбаўляць чалавека годнасці ў якасці пакарання за ягоныя ўчынкі. Гэта яшчэ адно важнае цывілізацыйнае дасягненне. Годнасці чалавек можа пазбавіць сябе толькі сам, праз свае ўласныя “нягодныя” паводзіны.
“Годнасць” – універсальны панятак, але ягоныя сэнсы ў розных культурах і нават субкультурах розныя. Выраз “абраза годнасці” здаўна фігуруе ў прававых актах, але дэфініцыі годнасці там звычайна няма. Уяўленне пра годнасць базуецца на звычаёвым праве, абапіраецца на культурную традыцыю і заўсёды ёсць прадуктам калектыўнага светапогляду. Годнасць кожнага з нас – гэта сума таго, што мы ўсе пра яе, годнасць, думаем. Гонар – наадварот, суб’ектыўнае бачанне ўласнай годнасці. Гэта асабістая ўстаноўка, шкала самаацэнкі, разуменне межаў уласнай годнасці і ўзроўню яе недатыкальнасці.
Гонар прымушае і дапамагае нам вырашаць, што пакінуць па-за ўвагай, а што лічыць абразай. Нельга забараніць чалавеку вырашаць самому, дзе ягоны гонар абражаны, а дзе яшчэ не; гэта ягоны гонар, і толькі ён сам дакладна ведае яму цану, бо сам гэтую цану вызначае. Тут варта прыгадаць яшчэ адно адрозненне гонару ад годнасці: гонар не даецца проста так, яго трэба абараняць. Сплачваць вызначаную цану. У максіме, паўторанай Лотманам, гэта чалавечае жыццё. І тут узнікае галоўны канфлікт: мадэль, якая была прыкладам годных паводзінаў цягам тысячагоддзяў і вынікае з самой прыроды чалавека, супярэчыць навейшай максіме “не забі”.
Цень ваяра ўнутры мяне (калі ён там ёсць, то гэта не найгоршая мая частка), пагаджаецца з Лотманам, а цень хрысціяніна яму пярэчыць. Я пагаджаюся з апошнім, а захапляюся першым. Ёсць яшчэ цень грамадзяніна, які патрабуе законнасці, і тут я таксама за. Я здольны на кампрамісы. Вось чаго я не магу прыняць, дык гэта найноўшую тэзу пра тое, што наяўнасць пачуцця гонару – гэта рудымент, сведчанне цывілізацыйнай адсталасці. Я думаю, што ўнутраныя супярэчнасці – гэта частка чалавечай сутнасці, без іх мы б не былі людзьмі, яны дапамагаюць нам тварыць, вымушаюць думаць і шукаць кампрамісы, каб рухацца наперад.
Наша цяперашняя беларуская культура прарасла ў тым ліку з культуры шляхецкай, у якой гонар (менавіта гонар, не годнасць) быў асабліва шанаваны. Шляхціц атрымліваў шляхецкую годнасць ад нараджэння, а гонар, натуральна, таксама шляхецкі, мусіў усё сваё жыццё пацвярджаць і, калі трэба, бараніць. Рабіў ён гэта і з дапамогай шаблі, і абапіраючыся на развітую судовую сістэму. У Статутах Вялікага Княства гонар абараняўся не адзіным артыкулам, магчымыя канфліктныя сітуацыі і спосабы іх цывілізаванага вырашэння былі старанна прапісаныя. Справы абароны гонару лічыліся надзвычай важнымі і разглядаліся ў найвышэйшай судовай інстанцыі Вялікага Княства – у вялікакняскім судзе.
Яшчэ ў ХVI стагоддзі двубоі былі забароненыя. Статут 1588 года за забойства саперніка ў двубоі вызначаў кару смерці ацалеламу. Шляхта, аднак, не пераставала адстойваць уласны гонар з дапамогай зброі, а пік папулярнасці такіх “разборак” прыпаў на часы Асветніцтва. Апошні (пазапраўны, але дзейсны) дакумент, які рэгламентаваў дуэлі, т.зв. “Кодэкс Базевіча”, паўстаў у 1919 годзе і функцыянаваў да пачатку Другой сусветнай вайны. Што да згаданага Асветніцтва, то апроч усплёску моды на двубоі яно спарадзіла рамантызм, рамантызм прыклаўся да паўстання мадэрных нацый, а з паўстаннем нацый узнік такі феномен, як гонар нацыянальны.
Не ведаю, ці лічаць заходнія інтэлектуалы яго такім жа рудыментам, як гонар асабісты, але тут, у нашай Усходняй Еўропе, ён па-ранейшаму застаецца важным чыннікам палітыкі і культуры. Тут за годнае жыццё яшчэ даводзіцца змагацца, і пачуццё гонару, што асабістае, што калектыўнае, нам яшчэ патрэбнае. Украінская “рэвалюцыя годнасці“ таму прыклад. Ёсць, аднак, і адмоўны прыклад, калі пачуццё абражанага нацыянальнага гонару спараджае вайну і пазбаўляе людзей жыцця не дзясяткамі нават, а тысячамі. Не апошнюю ролю ў распальванні ваеннай істэрыі граюць мас-медыі, то бок тое самае слова, за свабоду якога так зладжана і прынцыпова выступаюць сёння еўрапейскія палітыкі і мас-медыі.
Прынцып свабоды слова – гэта, безумоўна, вельмі важна, мы гэта ведаем, але не будзем забывацца, што гэта толькі прынцып карыстання інструментам, то бок словам. Слова – гэта толькі інструмент. Важна тое, што будзе ім сказана. Яшчэ мы ведаем, што слова, памножанае шматкроць сродкамі масавай інфармацыі, можа хлусіць, абражаць і забіваць. Я яшчэ ў стане зразумець, калі вайна і такое робіцца свядома. На вайне як на вайне. Я таксама разумею, што не заўсёды можна прадбачыць наступствы прамоўленага. Бывае. А вось пагадзіцца з тым, што чыйсьці гонар (хай нават будзе гонар, не годнасць) свядома прыніжаецца, і не ў стане вайны, а таму, што гэта такі бізнес, я не магу. Права на годнасць для мяне адназначна важнейшае за права на свабоду слова.
Таму пасля выхаду наступнага пасля трагедыі нумара я болей не Шарлі. Я б заставаўся ім, каб ведаў, што гэта вайна. Але вайны не было.