Яна не клікала на барыкады і не вызваляла краіну ад іншаземных захопнікаў, але пакінула яркі след у мастацтве, даказаўшы, што, дзякуючы таленту і неверагоднай працавітасці, можна падняцца на вяршыню нават з самых нізоў. «Салідарнасць» распавядае пра Апалонію Дарэўскую – прыгонную танцорку, якая стаяла ля вытокаў беларускага балета.

Ніводнай выявы Апалоніі Дарэўскай не захавалася. Гэта карціна Нікаля Ланкры Camargo Dancing, 1730-ы
Школа «распусты»
Сваім узыходжаннем на сцэне звычайная вясковая дзяўчынка з прыгонных абавязана вядомаму палітычнаму і дзяржаўнаму дзеячу, надворнаму падскарбію літоўскаму Антонію Тызенгаўзу. Менавіта ён, мецэнат і вялікі прыхільнік мастацтваў, вырашыўся адкрыць у Гродне ў 1774 годзе тэатральную школу, куды набраў таленавітых прыгонных хлопцаў і дзяўчат для навучання мастацтву.
У гэтай школе і апынулася воляю лёсу васьмігадовая Апалонія.
Антоній Тызенгаўз
Пра танцорак тэатра Тызенгаўза згадваў у сваёй паэме «Пан Тадэвуш» нават Адам Міцкевіч:
...пан Тызенгаўз прыслаў танцорак —
Увесь кардэбалет, дзяўчатак мо
пад сорак...
Зрэшты, трэба сказаць, што тэатр Тызенгаўза існаваў яшчэ да таго, як там з’явілася Апалонія. Вось толькі гралі ў ім замежныя артысты, якіх магнат спецыяльна запрашаў, каб забаўляць пастаноўкамі сябе і сваіх шматлікіх гасцей. Аднак даволі хутка Тызенгаўз зразумеў, што тэатральныя пастаноўкі зусім не стануць горшымі, калі італьянцаў зменяць тутэйшыя беларусы. Наадварот, з прыгонных можна будзе сфарміраваць пастаянную трупу, працаваць з якой значна прасцей.
Як жа галасілі бацькі Апалоніі, калі забіралі іх дзяўчынку. У вёсках Тызенгаўза хадзілі чуткі, што ў школе збіраюцца зрабіць з дзяцей бязбожнікаў, навучыць распусце і загубіць чыстыя дзіцячыя душы. Панскія дзівацтвы выглядалі жудаснымі.
Усе гэтыя асцярогі, вядома, былі марныя. Хоць лёгкага жыцця ў выхаванцаў школы таксама не прадбачылася. Апалонія патрапіла ў самы першы набор. Заняткі ў школе доўжыліся ўвесь дзень – па 12 гадзін. Дзяцей вучылі спеву і харэаграфіі, пісьму, маляванню, нотнай грамаце і французскай мове. За правіннасці і непадпарадкаванне строга каралі.
Юная танцорка апынулася ў групе харэографа з Італіі Гаэтана Пецінэці. Ён не толькі выкладаў танец, але і расказваў пра бліскучае жыццё балерын у Еўропе. Гэта было настолькі захапляльна, што дзяўчынка больш не магла марыць ні пра што, акрамя сцэны.
У Апалоніі аказалася вельмі гнуткае цела і вялікая цягавітасць. У адзінаццаць гадоў ёй упершыню даверылі невялікую ролю ў школьным спектаклі «Вясковы балет». Гэта была своеасаблівая справаздача харэографа перад Тызенгаўзем. Той застаўся задаволены.
Пасля былі і іншыя спектаклі. Пецінэці эксперыментаваў. Свае балеты ён рабіў на мясцовыя сюжэты, выкарыстоўваючы не толькі нацыянальны каларыт, але і асобныя рухі народнага танца.
На жаль, з любімым настаўнікам прыйшлося растацца. Караль Станіслаў Радзівіл пераманіў Гаэтана Пецінэці з Гродна ў свой тэатр у Нясвіжы. Развітваючыся з любімай вучаніцай, харэограф запэўніў, што яе чакае кар’ера вялікай танцоркі.
З наступнымі балетмайстрамі Ганнай і Козіма Аўгусціна Марэлі балерыне ўдалося прапрацаваць толькі пару месяцаў — адносіны паміж імі і Тызенгаўзам не склаліся і яны пакінулі школу.
Апала
Аднак на гэтым непрыемнасці не скончыліся. Антоній Тызенгаўз стаў ахвярай інтрыг сваіх нядобразычліўцаў і запаў у няласку ў караля. Яго абвінавацілі ў палітычнай некампетэнтнасці, няўдалай эканамічнай дзейнасці і адхілілі ад кіравання каралеўскімі зберажэннямі.
Разам са стратай заступніцтва ўзніклі і фінансавыя цяжкасці. Нічога не заставалася, як прадаць будынак тэатра, а артыстаў перасяліць у Паставы, якія ў той час таксама належалі Тызенгаўзу. Маленькі пастаўскі тэатр стаў тэатрам балета.
Парк Антонія Тызенгаўза ў Паставах
У Паставах Апалонію чакала тое ж, што і ў Гродне: доўгія, выматвальныя трэніроўкі і кароткія хвіліны поспеху. Танцу цяпер яе вучылі француз Ле Ду і прыгонны танцор Рымінскі. Яны адразу ацанілі здольнасці балярыны і сталі давяраць ёй галоўныя ролі.
Але пастаўская сцэна відавочна была малая для таленту артыстаў Тызенгаўза. Гнаны магнат не пакідаў надзеі паказаць іх на каралеўскай сцэне, разлічваючы на ласку караля.
Варшаўская сцэна і каханне караля
Мара здзяйсняецца праз пару гадоў. У 1785 годзе Тызенгаўз адпраўляе свой тэатр на гастролі ў Варшаву. Там 18-гадовая Апалонія ўпершыню выступае перад каралём Станіславам Аўгустам Панятоўскім. Яго вялікасць быў пакораны грацыяй, прыгажосцю і талентам танцоркі ў спектаклі «Гілас і Сільвія».
Станіслаў Аўгуст Панятоўскі
На жаль, належным чынам нацешыцца поспехам сваёй трупы Антоній Тызенгаўз не змог. У тым жа годзе яго не стала. Перад смерцю ён паспеў скласці завяшчанне, у якім перадаў артыстаў у каралеўскую ўласнасць. Так Дарэўская патрапіла на варшаўскую сцэну.
Захапляючыся яркай знешнасцю Апалоніі, закаханы Панятоўскі адразу заявіў, што яна вельмі падыдзе на ролі тэмпераментных, бойкіх, жыццярадасных гераінь. Каб дагадзіць манарху, балетмайстры пачалі складаць рэпертуар выключна «пад Апалонію». Яна стала першай салісткай каралеўскай трупы. Яе адносіны з каралём перараслі ў нешта больш, чым звычайнае знаёмства.
Трупа, першай салісткай якой была Апалонія, насіла назву «Таварыства танцораў Яго Каралеўскай Вялікасці». Усе артысты, якія ўваходзілі ў яе, былі сялянскага паходжання. Амаль трэць танцораў прыехала з беларускіх тэрыторый. Трэба думаць, Станіславу Аўгусту Панятоўскаму, які лічыў сябе «ліцьвінам знатнага паходжання», ліслівіў той факт, што славу оперы Рэчы Паспалітай ствараюць яго суайчыннікі.
Апалонія Дарэўская сапраўды стала ўлюбёнкай варшаўскай публікі.
Канец кар’еры і дзяржавы
1794 год, які карэнным чынам паўплываў на лёс краіны, змяніў і жыццё каралеўскай прымы-балерыны. Другі падзел Рэчы Паспалітай, падаўленне паўстання Тадэвуша Касцюшкі і канчатковае знікненне дзяржавы — усё гэта стала вялікім узрушэннем. Тэатр Яго Вялікасці раптам апынуўся без гаспадара (пасля трэцяга, апошняга падзелу Рэчы Паспалітай Панятоўскі адрокся ад пасаду і пераехаў у Пецярбург).
Але зараз слава ўжо працавала на Апалонію. З 1794 па 1797 год яна танчыла ў прыватных трупах у Варшаве і Гданьску пад сваім імем і пад псеўданімам Дарота. Наўрад ці яна думала, што ўбачыць калі-небудзь яшчэ свайго караля, якому Кацярына II «літасьціва» дазволіла жыць у Пецярбургу — у дастатку, але, зразумелая справа, без славы і павагі.
Калі ў 1797 годзе балярына нечакана атрымала запрашэнне прыехаць па просьбе імператрыцы на гастролі ў Пецярбург, яна адразу зразумела, хто насамрэч хоча яе бачыць. І, вядома, не магла адмовіць.
Неўзабаве яна зноў убачыла таго, хто яшчэ нядаўна быў манархам і яе каханым. На жаль, ім не прыйшлося доўга быць разам. Праз год Панятоўскага не стала. Апалоніі было тады за трыццаць.
Дарэўская, не жадаючы адчуваць уласную славу, пайшла са сцэны. Як жыла прыма-балярына каралеўскага тэатра далей і колькі, ніхто не ведае. Яе лёс па-за сцэнай так і застаўся таямніцай.