У Раклевіцкай базавай школе і ў Круцілавіцкай сярэдняй школе Дзятлаўскага раёна 9 кастрычніка адбыліся творчыя сустрэчы вучняў і настаўнікаў з бардам і журналістам Змітром Бартосікам, пісьменнікам і краязнаўцам Сяргеем Чыгрыном, мясцовым грамадскім актывістам і былым педагогам Валерыем Петрыкевічам.
Сустрэча была прымеркавана да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Сяргей Чыгрын пазнаёміў школьнікаў з унікальнымі выданнямі беларускіх і замежных выдаўцоў, распавёў усім пра гісторыю мініяцюрнай кнігі.
Валерый Петрыкевіч нагадаў, што сёлета ўся Беларусь адзначае 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. “А наш зямляк Ігнат Дварчанін з вёскі Погіры да Другой сусветнай вайны ў Празе напісаў сур’ёзную працу пра Францішка Скарыну, якая ўжо не раз выдавалася ў Беларусі”, — падкрэсліў Валерый Петрыкевіч. Падчас сустрэч Зміцер Бартосік спяваў шчырыя і жартоўныя песні.
Госці дзятлаўскіх школ для школьнікаў правялі шэраг конкурсаў, прысвечаных 500-м угодкам беларускага друкавання, а пераможцам уручылі падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.