17 красавіка ў межах грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” у школе №2 г. Бяроза прайшла творчая сустрэча з пісьменніцамі Валянцінай Осіпавай, Наталкай Бабінай і супрацоўніцай бібліятэкі Акадэміі навук Беларусі Паўлінай Скурко – аўтарам дзіцячай кнігі “Украіна”, якая выйшла ў 2016 годзе. На сустрэчы прысутнічалі вучні 8-ых – 11-ых класаў і настаўнікі беларускай мовы. Валянціна Осіпава пазнаёміла слухачоў з акцыяй “Пяцісотгоднасць”, якая зараз праходзіць у краіне ў сувязі з юбілеем беларускага кнігадруку, пазнаёміла вучняў з новымі вершамі і правяла гістарычную віктарыну. Асобую ўвагу паэтка звярнула пытанню ўжывання беларускай мовы ў паўсядзённым жыцці. Наталка Бабіна падняла тэму захавання мясцовых дыялектаў, на якіх размаўляюць і зараз дзядулі і бабулі вучняў, якія прысутнічалі ў зале. Старшыня Таварыства ўкраінскай літаратуры пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў заклікала дасылаць ў беларуска-ўкраінскі альманах «Справа» творы на памежных гаворках, у якіх многа і украінскіх слоў, з якімі больш падрабязна ў вельмі цікавай форме пазнаёміла юных слухачоў Паўліна Скурко. Дзеці з вялікай цікавасцю засвойвалі экспрес- методыку вывучання мовы суседзяў, прыймалі актыўны ўдзел у разгадванні рэбусаў. Сустрэча прайшла ў цёплай эмацыянальнай атмасферы. Вучні актыўна задавалі пытанні і былі ўзнагароджаны памятнымі паштоўкамі, кнігамі Паўліны Скурко. Школьная бібліятэка, дзякуючы кампаніі “Будзьма беларусамі!”, папоўнілася новымі экзэмплярамі сучасных беларускіх часопісаў. А Наталка Бабіна прэзентавала беларуска-ўкраінскі альманах «Справа», які выдаецца на трох мовах: па-беларуску, па-ўкраінску і па-руску.