12 снежня 2016 года кампанія “Пяцісотгоднасць” завітала ў сярэднія школы Краснага і Радашковічаў. Паэты Анатоль Зэкаў і Георгій Ліхтаровіч сусрэліся з вучнямі і настаўнікамі і распавялі ім аб сваім разуменні і ўспрыманні постаці нашага знакамітага земляка Францішка Скарыны.
Георгій Ліхтаровіч чытаў вершы з кнігі “Агульны сшытак”, прысвечаныя асобе беларускага першадрукара, роднай мове і лёсу радзімы. Прыхільна рэагавалі слухачы і на ўсмешлівыя чатырохрадкоўі з яго новай кнігі “Ліхтарыкі”.
Выступы вядомага паэта Анатоля Зэкава, які чытаў свае вершы і пародыі, таксама не маглі пакінуць абыякавымі аматараў роднага слова. А яго “Правільныя вершы”, дзе ў кароткай і дасціпнай рыфмаванай форме выкладзены нормы беларускага правапісу, атрымалі заслужана высокую адзнаку ўдзячных школьнікаў і выкладчыкаў.
Не абыйшлі увагай літаратары і 125 гадовы юбілей нашага славутага паэта Максіма Багдановіча, які ў гэтыя снежаньскія дні адзначала наша краіна.
Дзякуючы зацікаўленасці слухачоў, выступы ператвараліся ў жывую размову з аўдыторыяй. Пытанні ўзнікалі з абодвух бакоў, а за правільныя адказы слухачы атрымлівалі невялічкія сувеніры ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Тэгі: Радашковічы