Прапануем занурыцца з галавой у новыя трэкі беларускіх артыстаў, якія выйшлі зусім нядаўна. У нашай сённяшняй падборцы — дэбютная песня гурта Chabor пад назвай «Ровар», кранальная песня «Серыял» ад Сяргея Верамеюка — вакаліста і кампазітара пад псеўданімам Verami і песня «Сонца» ад гурта TRAVA.
Вязі мяне ровар
Песня, якая зачапіла з першых нот і ўпэўнена не адпускала да самай апошняй секунды. Плаваючы па прасторах беларускага музычнага кам’юніці, мне даводзілася чуць дэма-запіс гэтай кампазіцыі, і ўжо тады я разумеў, што гэта будзе якасны прадукт. Гаворка пойдзе пра гурт Chabor (пакуль, гэта оne-man band) на чале з фронтмэнам Алесем, які выдаў свой дэбютны сінгл «Rovar».
Гэта вельмі кранальная песня пра каханне, выкананая ў стылістыцы поп/пост-панку. Галоўны герой тут — крыху няўпэўнены ў сабе юнак, які ўсім сэрцам прагне сустрэчы з дзяўчынай, у якую закаханы.
Інструментал гарманіруе з вакалам, а просты і шчыры тэкст дазваляе кожнаму адчуць сябе ў ролі лірычнага героя. Цікава будзе пачуць наступны сінгл ды паназіраць за далейшым поспехам гурта.
Кожны дзень — серыял
Да таго ж, не заўсёды з хэпі-эндам. Кранальная песня «Серыял» ад Сяргея Верамеюка — вакаліста і кампазітара пад псеўданімам Verami. Сама кампазіцыя па гучанню вельмі нагадала гурт Skillet з іх выбухнымі, эмацыйнымі прыпевамі. Сінгл Сяргея наскрозь прасякнуты пачуццямі і метафарамі рознага кшталту, што адпавядае жанру, у якім ён эксперыментуе. Тут і пра бясконцыя пошукі сябе, пра праблемы з алкаголем, пачуццё віны, адзіноту, несправядлівы свет, каханне. Гэта смелая спроба як у гучанні, так і ў адкрытасці сваіх пачуццяў свету.
Сакавітага і шчыльнага року, прынамсі я, не чуў даўно. Раю і вам, дарагія слухачы, хутчэй азнаёміцца з гэтай кампазіцыяй, бо я ўпэўнены, што яна дакладна заслугоўвае на месца ў вашым плэй-лісце.
Песня ад недахопу сонца
Не варта здзіўляцца такой фармулёўцы, бо гурт TRAVA сапраўды напісаў сваю песню «Сонца» ад вострага дэфіцыту сонечных промняў у Варшаве. Ігар і Настасся — таленавітыя музыкі, якія змаглі абгарнуць фальклор у электронны біт з элементамі тэхна. Такая тэндэнцыя зусім не новая, беларускія музыкі часам любяць узяць ці народны, ці проста стары трэк і даць яму другое жыццё з дапамогай сучаснай апрацоўкі і пераспеву. Песня, як мантра, павінна прыцягнуць увагу нябеснага свяціла да нашай Зямлі і адарыць яе цёплымі промнямі. Думаю, так яно і атрымлівалася ў нашых продкаў, але ці атрымалася ў гурта TRAVA? Вырашаць вам, аматары беларускай музыкі і незвычайных эксперыментаў!