На Беларускім радыё без папярэджання прыпынена трансляцыя Імшы

Першы нацыянальны канал беларускага дзяржаўнага радыё ўжо на працягу трох тыдняў не вядзе трансляцыю святой Імшы з мінскага архікатэдральнага касцёла. Раней такая трансляцыя адбывалася кожную нядзелю ў 8.15, піша katolik.life.

Minski archikatedraĺny kasciol

Пра гэта распавялі ў сацсетках вернікі напярэдадні мінулай нядзелі — паводле іх, трансляцыі не было ўжо два тыдні. Katolik.life праверыў: у нядзелю 12 ліпеня ў эфіры радыё Імша зноў не гучала, замест яе грала класічная музыка.

Гэта пацвярджае інфармацыя на сайце радыё, дзе пералічваецца ўсё, што было ў эфіры па хвілінах. У праграме перадач у 8.15 была пазначана праграма «Каталіцкая пропаведзь», а па факце ў эфіры была «Тэматычная рубрыка».

Prahrama pieradač

Адна з верніц патлумачыла, чаму трансляцыя Імшы па радыё вельмі важная, а іншыя вернікі паспрабавалі даведацца, што здарылася і ці чакаць аднаўлення трансляцыі.

Паводле жыхаркі невялікага горада, яна мае ляжачую сваячку, якая слухае радыё і ўжо шмат гадоў моліцца дзякуючы трансляцыі святой Імшы. Цяпер яна адчувае вялікі стрэс праз тое, што ўжо тры тыдні не можа далучацца да набажэнства.

Такі выпадак — не адзіны. Многія пажылыя вернікі не маюць магчымасці рэгулярна бываць у храме на Імшы, таму дыстанцыйна з дапамогай радыё далучаюцца да малітвы. З мінскага архікатэдральнага і іншых касцёлаў Беларусі вядзецца відэа-трансляцыя ў Інтэрнэце, але зноў жа многія пажылыя людзі не маюць гаджэтаў і доступу ў Інтэрнэт.

Žančyna i radyjo

Акрамя таго, трансляцыя Імшы па радыё мае важнае евангелізацыйнае значэнне. Адзначым, што праваслаўная перадача «Духоўнае слова» па-ранейшаму гучыць на радыё, а каталіцкая перадача — не.

Як даведаліся вернікі, у парафіі архікатэдральнага касцёла не мелі інфармацыі пра тое, што трансляцыя Імшы не вядзецца. Парафіяне назіралі, як дзеля эфіру службу ў 8.15 праводзяць літаральна па секундамеры — спецыяльна для таго, каб укласціся ў адведзены на радыё час.

Так Імшу і працягвалі адпраўляць ўвесь гэты час. Атрымліваецца, парафію не папярэдзілі пра тое, што трансляцыя спыненая.

Вернікі паспрабавалі даведацца прычыну, па якой Імша перастала гучаць у эфіры. Але на сайце радыё не знайшлося ніякіх тэлефонных нумароў рэдакцыі. На званкі па нумарах, пазначаных у Інтэрнэт-даведніках, ніхто не адказаў. Таму некаторыя вернікі напісалі ў сацсеткі радыёстанцыі, але на паведамленні таксама адказаў пакуль не атрымалі.

У праграме перадач радыё на бягучы тыдзень «Каталіцкая пропаведзь» зноў значыцца ў нядзелю ў 8.15. Вернікі спадзяюцца, што гэтым разам Імша прагучыць, і што прычыны прыпынення трансляцыі былі тэхнічнымі.

Нагадаем, на Беларускім радыё Імша транслюецца апошнія пяць гадоў пасля аднаўлення перадачы ў 2021 годзе, калі на адрас уладаў і кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі звярнуўся тагачасны Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, святой памяці біскуп Казімір Велікаселец.