XIV Тыдзень музыкі для дзяцей і юнацтва пройдзе з 20 па 28 сакавіка ў Брэсце. Аб гэтым паведаміла 4 сакавіка на прэс-канферэнцыі старшыня грамадскага аб’яднання “Брэсцкае абласное музычнае таварыства” заслужаны дзеяч мастацтваў Лілія Батырава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
напярэдадні Тыдня музыкі адбудзецца Першы Міжнародны конкурс піяністаў, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння Святаслава Рыхтэра. Ён пройдзе з 17 па 19 сакавіка. Свой удзел у конкурсе пацвердзілі 17 маладых музыкаў, у тым ліку 21-гадовы піяніст з Мексікі. Будуць прадстаўлены практычна ўсе рэгіёны Беларусі. Канкурсанты будуць спаборнічаць у дзвюх узроставых групах – ад 16 да 19 гадоў і ад 20 да 22 гадоў. У склад журы ўвойдуць музыкі з Літвы, Польшчы, Беларусі. Лілія Батырава не выключыла, што гаворка можа ісці пра зараджэнне ў горадзе новай культурнай традыцыі. Пакуль конкурс плануецца праводзіць раз у два гады.
Яна паведаміла, што Брэсцкая вобласць адзіная ў Беларусі, дзе музычнае таварыства ў 2002 годзе аднавіла савецкую традыцыю правядзення ў дні вясновых вакацый Тыдня музыкі для дзяцей і юнацтва. “Мы гэтым ганарымся. Тым больш што Брэст сёння аб’яўлены культурнай сталіцай Беларусі. Музыкі, людзі мастацтва таксама імкнуцца ўнесці свой уклад у гэты праект. Тыдзень музыкі для дзяцей і юнацтва будзе вялікай яркай падзеяй, зойме сваё месца ў культурным жыцці горада”, – лічыць старшыня абласнога музычнага таварыства.
Тэматыку музычнага Тыдня вызначылі некалькі важных дат года. Гэта 70-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, 75-годдзе стварэння Брэсцкага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Рыгора Шырмы і 100-годдзе з дня нараджэння Святаслава Рыхтэра. Вялікім гала-канцэртам у гонар вялікага піяніста XX стагоддзя і стартуе гэты адукацыйна-культурны праект. Падчас Тыдня адбудуцца гарадскі фестываль струнных інструментальных ансамбляў, канцэрт фартэпіяннай і аркестравай музыкі, традыцыйны фестываль-конкурс “Пралеска” па спецыяльнасці духавыя і ўдарныя інструменты.
У дзіцячым свяце акадэмічнага музычнага мастацтва прымуць удзел як артысты-пачаткоўцы, так і знакамітыя музыкі: народны артыст Беларусі, прафесар Ігар Алоўнікаў, студэнты Беларускай акадэміі музыкі на чале з дацэнтам лаўрэатам міжнародных конкурсаў Уладзімірам Дулавым. З асобнай канцэртнай праграмай выступіць Брэсцкі гарадскі аркестр пад кіраўніцтвам Валерыя Коваля. Навучэнцы і выкладчыкі музычнага каледжа рыхтуюць своеасаблівую творчую справаздачу да 70-годдзя альма-матэр.
Практычна ўсе мерапрыемствы Тыдня пройдуць на базе музычнага каледжа. Яго дырэктар Рамуальд Жабінскі падкрэсліў выхаваўчае значэнне гэтага праекту. “Мы шмат гаворым пра неабходнасць адцягнення моладзі ад згубных звычак. Адных адміністрацыйных мер тут недастаткова. Як прадстаўнік музычнай культуры я лічу, што дзяцей трэба больш далучаць да мастацтва. Толькі праз разумнае, добрае, светлае можна і спайсы, і наркотыкі перамагчы”, – сказаў дырэктар каледжа.
Арганізатары адзначылі, што ў 2014 годзе на ўсіх канцэртах дзіцячага музычнага тыдня былі аншлагі. На канцэртах пабывалі каля паўтары тысячы слухачоў, большую частку якіх склалі навучэнцы школ горада. У гэтым годзе квіткі на канцэрты будуць каштаваць Br20-30 тыс.
Святлана Вячорка, БелТА