Доктар медыцынскіх навук Пётра Мурзёнак ужо 28 гадоў разам з сям’ёй жыве ў Канадзе і з’яўляецца адной з самых актыўных фігур беларускай эміграцыі — старшынёй Беларускага інстытута навукі і мастацтваў у Канадзе і Атаўскага аддзела Згуртавання беларусаў Канады. Таксама спадар Пётра — заснавальнік і рэдактар вэб-часопіса «Культура. Нацыя». Нядаўна ў выдавецтве «Камунікат» выйшла яго кніга «Нарысы беларуса», у якой вострая публіцыстыка суіснуе з асабістымі дзіцячымі і юнацкімі ўспамінамі, а навуковая аналітыка — з амаль што трылернымі сюжэтамі з жыцця эміграцыі.
Спадар Пётра кажа, што кнігу можна разглядаць «як падручнік для беларуса-эмігранта». Пра што ж гэты «падручнік» і як, ва ўмовах надзвычай насычанага рытму жыцця, атрымалася знайсці час на яго стварэнне? Паразмаўлялі пра гэта з Пётрам Мурзёнкам, а таксама пра найбольш верагодныя сцэнары развіцця Беларусі ў бліжэйшыя гады, ролю дыяспары і інтэлектуальнай супольнасці ў фармаванні будучыні Беларусі.
Пётра Мурзёнак
— «Нарысы беларуса» атрымаліся вельмі аб’ёмнай і насычанай кнігай, у тым ліку дакументамі і фотаматэрыяламі. Але калі коратка: пра што яна? Як бы Вы самі, літаральна некалькімі сказамі, апісалі яе будучаму чытачу?
— Кніга не належыць да жанру мемуараў, хаця і аўтабіяграфічная. Яна задумвалася і як кніга пра станаўленне маёй беларускасці ў бацькоўскім доме і на радзіме, і як кніга пра ўмацаванне маёй беларускасці ў дыяспары пасля эміграцыі ў Канаду ў 1998 годзе. У пэўным сэнсе яна можа разглядацца і як падручнік для беларуса-эмігранта.
Я вырас у вёсцы, у сям’і настаўнікаў, якія працавалі ў Пастаўскім раёне. Менавіта там заклалася аснова маёй беларускасці. Гады вучобы ў Мінскім медыцынскім інстытуце, працы навукоўцам у Беларускім навукова-даследчым інстытуце гематалогіі і пералівання крвыві (НДІПК, 1974-1984), а пасля ў Інстытуце фізіялогіі Нацыянальнай Акадэміі навук (1984-1998), не шмат дадалі да маёй беларускай нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. У савецкія гады падаўлялася нацыянальная свядомасць на ўсіх «ускраінах» былой Расійскай імперыі.
Мая беларускасць узмацнілася, калі я далучыўся да беларускага жыцця ў дыяспары. Пачынаючы з 2000 года і да цяперашняга часу я займаюся беларускімі справамі. Часткова гэта дыктуецца абставінамі, але збольшага — маім унутраным запалам быць карысным, не пабаюся гэтага слова, для роднай Беларусі.
Але, пакідаючы Беларусь у 1998 годзе, я быў так расчараваны прасавецкай, антынацыянальнай лукашэнкаўскай уладай і абыякавасцю беларусаў да ўсяго нацыянальнага, што, нават жывучы ў новай краіне, не адразу апантана рынуўся ў беларускія справы.
Матывы майго далучэння да розных імпрэзаў, сустрэч, маніфестацый, а таксама гісторыя арганізацыі Атаўскага аддзела Згуртавання беларусаў Канады, у кнізе якраз падрабязна апісаныя.
Значная частка кнігі апавядае і пра мой удзел у іншых галінах нацыянальнага будаўніцтва, асабліва заўважны для мяне самога з часу заснавання вэб-часопіса «Культура. Нацыя» ў 2012 годзе. Магчыма, словы «нацыянальнае будаўніцтва» для кагосьці прагучаць занадта пафасна, але менавіта яны вызначаюць асноўную ідэю часопіса. Ён мае статус перыядычнага выдання Беларускага Інстытута навукі і мастацтва ў Канадзе (БІНІМ, Канада), інстытута, які мне даверылі узначальваць з 2017 года. Падчас працы ў часопісе ў мяне назапашваліся матэрыялы пра гісторыю, традыцыі і культуру беларускага народа, якія сталі асновай для некалькіх кніг. І адмыслова для «Нарысаў» я напісаў некалькі главаў, прысвечаных тэарэтычным пытанням, якія тычацца паняцця нацыі ўвогуле і беларускай нацыі ў прыватнасці, у тым ліку перспектывы яе развіцця ў будучым.

Пётра Мурзёнак, Фота Алеся Каралькевіча
— У «Нарысах» побач суіснуюць вельмі розныя рэгістры — ад аналітычнага разбору гісторыі Беларусі з лічбамі і мапамі да асабістых мемуараў і нават амаль трылерных сюжэтаў з жыцця эміграцыі. Чаму Вам было важна захаваць такую панарамную і жанрава разнастайную структуру кнігі?
— Сапраўды, кніга атрымалася разнастайнай. Але яе структура склалася ў адпаведнасці з логікай і храналогіяй падзей. У 12 главах і чатырох частках кнігі апісаны розныя падзеі і прыклады, спалучаныя галоўнай тэмай — беларускасцю.
— У Вас вельмі насычаны рытм жыцця і шмат розных роляў. Вы ўзначальваеце БІНІМ у Канадзе, выдаеце часопіс «Культура. Нацыя» і займаецеся справамі Згуртавання беларусаў Канады. Як Вы знаходзіце час для напісання кніг? І ці застаецца ў гэтым рытме месца для адпачынку і, напрыклад, заняткаў спортам?
— Вы пералічылі некалькі маіх грамадскіх абавязкаў, якія, безумоўна, займаюць шмат часу, але трэба ўлічваць, што я працую ў Канадзе ўжо ажно 28 гадоў (мой стаж у Беларусі склаў 31 год). Ужо праз два тыдні пасля прыезду ў Канаду я пачаў працаваць у Атаўскім даследчым інстытуце кардыялогіі, а пазней — у Міністэрстве аховы здароўя.
Безумоўна, я не змог бы штосьці ствараць без дапамогі маёй сям’і — найперш маёй жонкі Наталіі, якая для мяне ўсё — і дапамога, і падтрымка, і любоў. Нізкі ёй паклон і мая бязмерная ўдзячнасць.
Пісаць кнігі — не хуткая справа. Я пачынаю з артыкулаў, якія патрабуюць папярэдняй падрыхтоўчай працы — пошуку крыніц, пастаяннага скрынінгу-маніторынгу штодзённай інфармацыі і яе аналізу і г.д. І толькі пасля накаплення дастатковага аб’ёму інфармацыі можа нарадзіцца ідэя кнігі.
Асобную долю грамадскай працы займае часопіс «Культура. Нацыя», якая ўключае як само электроннае выданне, так і працу з аўтарамі, рэдагаванне тэкстаў і г.д.

Пётра Мурзёнак выступае на святкаванні ў Атаве. 2006 г.
— Якім Вы бачыце далейшае развіццё часопіса «Культура. Нацыя»? Ці плануеце выходзіць за межы тэкставага фармату альбо за межы інтэрнэт-фармату?
— На сённяшні дзень выйшлі 36 нумароў часопіса. Пра гісторыю стварэння часопіса і яго дасягненні я падрабязна напісаў у кнізе. Свежы нумар часопіса будзе апублікаваны ў красавіку 2026 года. Рэдакцыя часопіса — невялікая. Асноўная нагрузка кладзецца на рэдактара. Шмат у чым мне дапамаюць Н. Баркар, А. Каралькевіч, Ю. Рапецкі, за што я ім вельмі ўдзячны.
Падтрымліваць нават такі сціплы праект — справа складаная. Быў перыяд, калі рукі апускаліся. Тым не менш за амаль 13 гадоў існавання ў часопісе апублікаваны матэрыялы больш чым ад 80 аўтараў.
Ці запатрабаваны часопіс? Цяжка адказаць. У розныя часы аб’ём часопіса вагаўся ад 50 да 500 старонак. А вось наведванне вэб-сайта, на якім разьмяшчаецца часопіс, паступова расце (маем чытачоў з 86 краін, з іх больш за палову чытачы з Беларусі). Да прыкладу, апошнімі месяцамі сайт наведваюць ад 800 да 1000 чытачоў. Мы мяркуем, што гэта не так ужо і кепска.
Пакуль будуць сілы і магчымасці, будзем працягваць гэтую працу. Дапускаю, што фармат часопіса будзе змяняцца ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу і развіццём тэхналогій.

Пётра Мёрзёнак і Івонка Сурвіла
— Ладную частку кнігі складае агляд бягучай грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі і беларускім замежжы, а таксама спроба прагнозу на будучыню. Ці не страціў ён актуальнасці праз істотныя змены ў міжнароднай палітыцы, прынамсі тых яе аспектах, якія закранаюць беларусаў? Якія сцэнары развіцця Беларусі ў бліжэйшыя гады Вам здаюцца найбольш імавернымі?
— Прадказваць перспектыву для Беларусі няпроста. Сітуацыя ў свеце зараз вельмі складаная — тут і непрадказальная міжнародная палітыка адміністрацыі Трампа, і вайна Расіі супраць Украіны, пастаянная каланіяльная палітыка Расіі ў дачыненні да Беларусі і антынацыянальная ўнутраная палітыка Лукашэнкі. Адно хачу заўважыць: у гістарычным плане развіццё Беларусі ішло ў станоўчым кірунку толькі пры спрыяльных знешніх умовах. Такімі ўмовамі сёння могуць быць параза Расіі ў вайне з Украінай, уплыў ЗША — наўпросты ціск на Лукашэнку ці праз эканамічныя санкцыі. Але, на маю думку, не варта чакаць распаду Расіі. Таксама я не прыхільнік перабольшваць ролю ўзброеных фармаванняў накшталт палка Каліноўскага.
Я прыхільнік кансалідацыі ўсіх нацыянальна свядомых сіл, якія, на мой погляд, пакуль што яшчэ здольныя выпрацаваць слушную стратэгію і рэалізаваць яе на практыцы. Але для гэтага патрэбная воля, якой бракуе многім лідарам «групак» і «платформаў», якія сядзяць па сваіх кутках. Я прыхільнік спадарыні С. Ціханоўскай, нацыянальнага лідара, і людзей, якія гуртуюцца вакол яе.
Будучую Беларусь бачу нейтральнай, дэмакратычнай і шчаслівай. Беларуссю, якая перастала быць калоніяй Расіі.
Але ўсё ж каб Беларусь сталася актыўным, рэальным міжнародным суб’ектам, неабходныя істотныя ўнутраныя змены нацыянальнай свядомасці саміх беларусаў, іх палітычнай культуры. А на гэта патрэбны час. Пакуль што, па нашых ацэнках, пул прыхільнікаў Лукашэнкі даволі значны, і ўлада яшчэ здольная імі маніпуляваць.
Ацэнкі, дадзеныя ў кнізе, зробленыя для канкрэтнага гістарычнага моманту. І магчыма, што нават праз некалькі месяцаў яны сваю актульнасць згубяць. Але іх усё роўна варта рабіць, і не толькі для гісторыі. Да прыкладу, зараз некаторыя асобы (М. Статкевіч, І. Лосік, П. Севярынец, У. Мацкевіч) робяць спробы аналізу прычын паразы Рэвалюцыі-2020. Ці важна гэта для будучых падзей? На мой погляд, так, важна.

Пётра Мурзёнак, Фота Алеся Каралькевіча
— Якую ролю, на Ваш погляд, сёння можа адыгрываць культура і інтэлектуальная супольнасць у фармаванні будучыні Беларусі?
— Культура — найважнейшы складнік фармавання і існавання любой нацыі. Задайце сабе пытанне: а ці можа жыць і развівацца рускамоўная беларуская культура? Адказ, здаецца, відавочны.
Таму, так думаю, пакуль беларусы не вызваляцца з-пад каланіяльнага расійскага іга (культурнага, палітычнага, эканамічнага), Беларусь не мае добрай будучыні.
Роля беларускай дыяспары важная, але не істотная і не вызначальная (як гэта ў некаторай ступені паказала і беларуская дыяспара пасля Другой сусветнай вайны). Тым не менш, улічваючы яе колькасць (а зараз за мяжой пражывае каля 2,2 мільёнаў этнічных беларусаў, або амаль кожны чацвёрты), вынікі яе дзейнасці могуць быць заўважнымі нават у блізкай перспектыве.
— Ці маеце ўжо задуму для наступнай кнігі — і ў які бок Вы хочаце рухацца далей як аўтар?
— Так, задумкі ёсць. У прыватнасці, хацелася б падвесці вынікі сваёй працы ў часопісе «Культура. Нацыя».
Пачэснае месца ў маіх працоўных раскладах будзе займаць праца ў часопісе. Веру, што будуць яшчэ і артыкулы, і кнігі.
І, вядома, ж вершы. Ужо маю пяць зборнікаў, і вершы час ад часу працягваюць нараджацца.
Кнігу Пётры Мурзёнка «Нарысы беларуса» можна набыць па спасылцы.
S.K., Budzma.org
Фотаздымкі з асабістага архіва суразмоўцы