23 кастрычніка ў гімназію г. Фаніпаль завіталі паэты Анатоль Вярцінскі і Эдуард Акулін. У межах кампаніі “Будзьма” там адбыўся ўрок сучаснай беларускай паэзіі. Пачаўся незвычайны “ўрок” з конкурсу на лепшы патрыятычны верш. У конкурсе прынялі ўдзел каля двух дзесяткаў навучэнцаў 6-7 класаў гімназіі. Кампетэнтнае журы ў складзе двух вядомых паэтаў вызначыла трох пераможцаў, якія былі ўзнагароджаныя кашулькамі з лагатыпам кампаніі “Будзьма”. Віншуючы лаўрэатаў, Эдуард Акулін заўважыў: “ Гэтыя кашулі нельга набыць за грошы, іх можна толькі заслужыць сваёй любоўю да роднага слова і бацькоўскага краю…”
Далей паэтычна-песенны рэй вялі сталічныя госці. Праграмным вершам “Радзіма” пачаў свой выступ лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Анатоль Вярцінскі. Ён прачытаў некалькі сваіх хрэстаматыйных твораў і заклікаў гімназістаў заставацца беларусамі не толькі на ўроках беларускай літаратуры, а і ў паўсядзённым жыцці.
Намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў, паэт і бард Эдуард Акулін, прадоўжыў тэму, узнятую сваім старэйшым сябрам, прачытаўшы дзецям і настаўнікам верш, напісаны яшчэ ў далёкія студэнцкія гады:
“Помні гэтыя словы:
Радзіма, Народ, Мова!
Як ісціну помні адзіную:
Мова, Народ, Радзіма!
Помні, як запавет –
спасцігнуць яе аднойчы
з’явіўся і ты на свет!
Напрыканцы сустрэчы нешта з “пасеянага” ў светлыя дзіцячыя душы паспела ўвачавідкі прарасці. Прынамсі, так хораша і ўзнёсла, як у Фаніпалі, у некалькі дзесяткаў чыстых дзіцячых галасоў, песня Эдуарда Акуліна “Янка Купала” яшчэ нідзе не гучала.
Адказаўшы на шматлікія пытанні гімназістаў, паэты атрымалі запрашэнне на новую сустрэчу, якая запланаваная напярэдадні Калядаў.
На здымках:
1.Журы запрашае пераможцу конкурсу.
2.Эдуард Акулін і Анатоль Вярцінскі з удзельнікамі “урока паэзіі”.