«Разам ляцім у прасторы...» Прэзентацыя перакладаў паэзіі Мацея Казіміра Сарбеўскага

28 лютага а 18:00BY/20:00PL у межах цыкла літаратурных сустрэч «Санаторый пад клепсідрай» на старонцы Прасторы польскай культуры адбудзецца анлайн-размова пра вялікага паэта Мацея Казіміра Сарбеўскага (1595-1640) і прэзентацыя кнігі яго выбраных вершаў па-беларуску.


332849194_498560279154038_874340471413377687_n.jpg

Польскі паэт, выкладчык і тэарэтык мастацтва М.К. Сарбеўскі пісаў на лацінскай мове і быў, магчыма, самым знакамітым у Еўропе новалацінскім лірыкам XVII стагоддзя. Разам з тым творчасць «сармацкага Гарацыя» — і месцам выкладання аўтара, і матывамі яго паэзіі — шчыльна звязаная з беларускай і літоўскай культурай.

— Як у паэзіі Сарбеўскага спалучаюцца вечнае і актуальнае, антычныя і хрысціянскія матывы, «чыстая краса» і палітычная злоба дня.

— Якім чынам паэт у сваіх одах наследуе рымскай класіцы, а дзе выходзіць па-за яе межы.

— Якое месца ў яго творчасці займаюць «эпікграмы» і чым яны адрозніваюцца ад нашага сучаснага разумення эпіграм.

— Як у вершах Сарбеўскага праяўляюцца барочны светапогляд і творчыя прынцыпы барока.

— Якое месца ў творчасці літаратара займае акадэмічнае выкладанне ў Полацкім і Нясвіжскім езуіцкіх калегіюмах, а таксама ў Віленскай езуіцкай акадэміі.

— Чым адметныя яго погляды на паэзію і тэатр?

Над гэтымі ды іншымі пытаннямі паразважаюць спецыяльны госць, перакладчык і ўкладальнік кнігі Лявон Баршчэўскі і мадэратар Андрэй Хадановіч. Падчас імпрэзы вы пачуеце беларускія пераклады лірыкі паэта, фрагменты лацінамоўных арыгіналаў, а таксама вытрымкі з яго эстэтычных трактатаў.
Кніга «Выбраная паэзія» М.К.Сарбеўскага выйшла ў выдавецтве Змітра Коласа, у серыі «Паэты планеты».