У межах сацыяльна-мастацкага праекту «Рэха цішыні», што ўключае 28 малюнкаў дзяцей з цяжкімі парушэннямі слыху і сорак чатыры здымкі, зробленыя цягам году вядомым беларускім фатографам Марынай Бацюковай, на якіх выяўленыя выхаванцы творчай майстэрні «Фарба» пры Мінскай спецыялізаванай школе № 14 падчас стварэння сваіх шэдэўраў.
З гэтай нагоды 15 кастрычніка ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі было зладжанае сапраўднае свята з падарункамі для маленькіх удзельнікаў выставы, тэатральнай дзеяй і праглядам фільма.
«Гэта адзін з самых знакавых праектаў году, таму што Нацыянальны мастацкі музей — гэта не толькі выставы вялікіх мастакоў, але і сацыяльная ўстанова, якая належыць усім, у тым ліку тым, хто, на жаль, абмежаваны ў сваіх магчымасцях. Кіраўніцтва музея і яго супрацоўнікі рыхтавалі гэты праект, каб прынесці нашым таленавітым дзецям, іх бацькам і настаўнікам крышачку радасці, што яны маюць права быць прадстаўленымі тут. Калі гэтым дзеткам будзе прыемна ад таго, што мы, дарослыя, зрабілі, то гэта будзе самая галоўная падзяка ад нас ім. Мы плануем і далей рыхтаваць такія выставы і праекты», — запэўніў прысутных дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў.
Уладзімір Пракапцоў
Аўтар праекту Марына Бацюкова пры гэтым адзначыла: «Мэтай сваёй, калі я здымала гэтых дзетак, я спрабавала зрабіць такі праект, які не быў бы герметычным, каб ён быў цікавым не толькі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Думаю, трэба звяртаць увагу грамадства на тое, што яны ёсць сярод нас, іх шмат. Усе яны, як і мы, маюць права на тое, каб быць шчаслівымі. Гэта асабліва важна. Мы можам перажываць праз нейкую дробязь, глупства. Толькі ўявіце на хвіліну, з якімі праблемамі ім даводзіцца жыць увесь час».
Фатограф Марына Бацюкова прымае вішаванні
У сваю чаргу, кіраўнік праекту, супрацоўніца музея Наталля Сіліцкая, адзначыла, што Марына Бацюкова здолела стварыць «адушаўлёны вобраз цішыні», а арганізатары — «знайсці пункты судакранання розных відаў мастацтва — дзіцячага жывапісу ў вызначаным яго разуменні і фатаграфій сталага майстра».
Заснавальнік і кіраўнік творчай майстэрні «Фарба» Дзмітрый Ярмілаў падзякаваў амбасадзе ЗША і дабрачыннаму фонду «Адраджэнне-Старт» за спрыянне і прадстаўленыя падарункі.
Людавік Руае
«Мяне асабліва ўразілі асобы дзяцей у працэсе іх зносінаў. Яны такія кранальныя. Вельмі важна, каб іх цішыня не была ізаляцыяй. З гэтага пункту гледжання гэта вельмі важны і цікавы праект», — падзяліўся сваімі ўражаннямі ад убачанага дарадца па супрацоўніцтве і культуры пасольства Францыі Людавік Руае. Сярод тых, хто сабраўся, былі таксама прадстаўнікі пасольстваў ЗША і Германіі.
Паглядзець выставу і павіншаваць сабрата па цэху прыйшлі і фатографы. Прызнаны майстар, старшыня Народнага фотаклуба «Мінск» Яўген Казюля пры гэтым падкрэсліў: «Марына Бацюкова яшчэ са сваёй першай выставы ўзяла правільны кірунак. Яе тэма — тэма духоўнасці. Сур’ёзны і глыбокі падыход да вырашэння творчых задач, мэтаскіраваная праца, якая і аўтару, і гледачам прыносіць пачуццё вялікага задавальнення. Думаю, што Марына яшчэ не раз здзівіць нас сваімі працамі».
Трэба было бачыць, як свяціліся твары дзетак, калі сярод экспанатаў выставы яны знаходзілі свае працы і свае партрэты. Цікава было назіраць за бурнымі ўсплёскамі станоўчых эмоцый маленькіх мастакоў: мільганнем рук і мімікай. Іх творы — не столькі нацюрморты і пейзажы, колькі цэлы дзіцячы свет, такі яркі і гарманічны, а часам строгі і геаметрычны, але ўвесь без выключэння памежна ясны без словаў.
«Для іх гэта падзея, як мне здаецца, мае важнае значэнне. Адна справа, калі малюнкі вісяць на сцяне ў студыі, і зусім іншая — убачыць іх тут, у Нацыянальным музеі, аформленымі ў прыгожыя рамкі, калі іх бачаць іншыя, зусім незнаёмыя людзі. Сённяшняе мерапрыемства можна разглядаць як маленькую перамогу гэтых хлопчыкаў і дзяўчынак. Можа, гэта натхніць каго-небудзь з іх. Бо гэта іх заслуга, ніяк не нашая», — лічыць Марына Бацюкова.
Эмацыйнае ўздзеянне фатаграфій, якія ўвайшлі ў экспазіцыю, цяжка пераацаніць. Невыпадкова ў гэтым годзе Марына Бацюкова ўжо стала ўладальнікам залатога медаля ISF Міжнароднага конкурсу «Планета дзяцей». Паўсядзённыя зносіны, імгненны настрой выхаванцаў майстэрні перададзеныя настолькі жыва, што зноў жа без словаў зразумела: вось Віталік задумаўся, а ў Кірыла з’явілася ідэя, у Леры нешта не атрымалася, а Святлана зрабіла адкрыццё.
Як прызналася Марына, «аднойчы дома я проста пахадзіла з бярушамі некалькі гадзін і паспрабавала прачуць бязгучны свет гэтых дзетак».
Мяркуючы па ўсім, яна гэта здзейсніла, бо працы атрымаліся пранізлівыя, але не да крыку, кранальныя, але не да слёз.
Выстава працуе да 27 кастрычніка.
На першым фота: Тадэвуш Бекіш, рэжысёр Народнага тэатра пантамімы «Рух»