Вандроўку пад назваю “Чароўная краіна. Замкі і палацы Беларусі” арганізавалі сябры МГА “Гісторыка” ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” 27 верасня.
Маршрут: Ганцавічы-(Івацэвічы)*-Косава (Мерачоўшчына)-Ружаны-Пружаны-(Бяроза)*-Ганцавічы.
Цікаўнымі слухачамі аповедаў пра беларускую даўніну гэтым разам сталі дзеці з Ганцавіцкай гарадской гімназіі і сацыяльна-педагагічнага цэнтра з дзіцячым прытулкам.
— Вы былі калі-небудзь у гэтых замках?
— Не!
— Дык пытайцеся ўсё, што хочаце!
…Асноўнае пытанне, на якое было цяжэй за ўсё адказаць: “А хутка мы прые-едзем?” Але віктарыны па гісторыі Беларусі і агульных ведах, сувеніры і бесперапынная мітусня ў аўтобусе скарацілі час пераездаў з месца на месца.
Івацэвічы, якія з пачатку сваёго існавання належалі Іллінічам, быццам бы не адрозніваюцца ад шараговага райцэнтра.
Акрамя касцёла Святога Крыжа, там і паглядзець няма на што.
Хто так думае, хай хапае торбу — і гайда ў Івацэвічы! (Каб упэўніцца, што не нашмат памыліліся… )
Косава
Затое ў гэтым раёне хаваецца сярод хваёвага лесу Косава з палацам Пуслоўскіх першай паловы ХІХ ст. Малады гісторык Аляксей Протас намагаўся апавесці гісторыі простымі словамі — ўсё-ткі дзеці!
Косава
…На жаль, колькі б легендаў ні хадзіла пра музычныя сцены, львоў, што абаранялі па начах будынак, лёхі і г.д. — пахаваныя яны назаўсёды. Бо тое, што гатэль, які размесціцца тут праз некалькі гадоў, не ўлічыць хутчэй за ўсё даўнейшай планіроўкі пакояў — даведаліся мы ад выпадковага будаўніка. І хоць ведаем, партызаны падчас Другой сусветнай палац спалілі і гарэў ён 10 дзён, таму нічога ўнутры не засталося, але ж неяк пагана на душы.
Мерачоўшчына
У музеі Касцюшкі
Тым не меней настрой быў нічога, калі група ўвалілася ў музей Тадэвуша Касцюшкі (побач з палацам — урочышча Мерачоўшчына), дзе мы паглядзелі фільм ды набылі магніцікі на лядоўню з выявай усё таго ж палаца.
— А з Касцюшкам няма?
— Разбіраюць умомант, так што няма!
От, так заўжды!
Ружаны
У Ружанах
Далей — шлях на Ружаны. Там не проста рэшткі колішняга палаца Сапегаў, яго ж былога замка. Кажуць, у сутарэннях калісьці трымалі скарб ВКЛ (мы, на жаль, нічога не знайшлі). А яшчэ хочацца звярнуцца да бацькоў, чый хлопчык лазіць па рэштках, прычым да самых верхніх праёмаў-акон, і сядзіць там, звесіўшы ногі і крыючы добрым словам жанчын у перадінфарктным стане.
Забярыце дзіця дадому! Зваліцца ж калі-небудзь!
Пружаны
Ну, Пружаны ўвогуле ўражваюць усіх! Такі чысты і ўтульны гарадок.
— Не хадзіце па газонах! У нас акуратны горад! — прызываў дзядок, які досыць інтэлігентна “закідваў за каўнер” у парку (можа, мінералку?).
Сядзіба Швыкоўскіх, збудаваная ў найлепшых італьянскіх традыцыях, чакае турыстаў заўжды. Нам паўгадзіны апавядалі пра плюсы сямейства і сучаснага дома (праўда, па-руску), але час прайшоў імгненна, бо інтэр’ер сядзібы і парк створаныя для таго, каб адпачываць душой.
Дзеці хоць і стаміліся, але трымаліся малайцом: новыя ўражанні ад прыгажосці сваёй краіны зрабілі сваю добрую справу. Нарэшце аўтобус рушыў назад на Ганцавічы — праз Бярозу… Палацаў там няма, затое крамы нічога, асабліва пасля прыемнай мітусні ўжо мінулага дня.
(Зорачкамі пазначаны гарады, праз якія праязджалі, але з тэмай вандроўкі яны не звязаныя).