Небяспечныя беларускія абрэвіятуры. Казка для дарослых ад Яны Вольскай

У Беларусі ёсць небяспечныя спалучэнні: БАЖ, ПЭН, БХП, БЕЛСАТ, БНР. А што калі старанна іх пазбягаць? Ці атрымаецца ўнікнуць небяспекі? Пра гэта іранічная гісторыя з нечаканым фіналам ад Яны Вольскай.

Jana Voĺskaja
Яна Вольская. Фота Дар'і Каляды

Першае, што памятала Нінэль зь дзяцінства — таямнічы трафарэтны надпіс РД № 1 на цагляным будынку ў цэнтры горада. Яна яшчэ ня ведала літараў, але ўжо адчувала іхнюю магію. Пазьней яны з татам шматкроць шпацыравалі ўздоўж РД да сквэру, і аднойчы Нінэль наважылася запытацца ў таты, што гэта значыць. Тата быў чалавекам просталінейным і дакладным, таму ён вельмі проста і дакладна расшыфраваў ёй сэнс загадкавых літараў. Так Нінэль даведалася, што РД — гэта Радзільны Дом № 1, дзе яна і нарадзілася. 

Час бег сваёй хадой — імкліва і неўзаважна блізкія Нінэль літары РД замяніліся на ДС № 368, дзе яна малявала, ела аўсяную кашу, сябравала, слухала выхавацельку і нянечку. Праз некалькі гадоў з ДС № 368 Нінэль перайшла ў ДАУ № 3 пры САШ № 145 з мастацкім ухілам. А да яе дадалася ДЮСШ ім. Мядзьведзя, дзе Нінэль старанна рабіла «бярозку» і шпагат. Кожны раз вяртаючыся дахаты, яна з трымцненьнем заўважала ўсё новыя і новыя таямнічыя спалучэньні — яна кожны раз захаплялася, праязджаючы станцыі ТЭЦ-4, ГЭС-2, МІНАБЛГАЗ, МІНАБЛКІНО, МІНАБЛВЫКАНКАМ. А мягкі голас з тралейбуснага рэпрадуктара паўтараў абвесткі, у якіх МІНПАССАЖЫРТРАНС альбо МІНАБЛАЎТАТРАНС рэкамендавалі набываць праязныя на дэкаду ці год. 

Тата Нінэлі працаваў у ГУВД ГАРВЫКАНКАМА, а маці ў КПУП ЖРЭА, людзьмі яны былі сур’ёзнымі і вельмі выканаўчымі. Нінэль ганарылася сваімі бацькамі і была перакананая, што ўстановы, у якіх яны працавалі, важнейшыя за розныя ЧУП, ЧПУП ці ОАО. 

Два разы на месяц яны ўсёй сям’ёй прыязджалі ў ГУМ і ЦУМ. Нінэль вельмі любіла праязджаць па шырокім чыстым праспэкце, глядзець на гірлянды і дзяржаўныя сьцяжкі, якімі мільгацелі вуліцы горада. Што праўда, яе хутка ўкачвала і сьцяжкі ў вачах пачыналі дваіцца, траіцца і запаўняць сабою ўсю прастору. Але звычайна акурат у гэты момант бацька цягнуў Нінэль за руку, і яны вынырвалі з аўтобуса на прыпынак і рушылі ў шматпавярховы ЦУМ, дзе на адным паверсе панавалі рондалі, патэльні, талеркі, кубкі і сталовыя прыборы, на другім у паветры мяшаліся пахі шматлікіх парфумаў, на трэцім пахла кавай і можна было зьесьці смачную заварную трубачку з вяршкамі. Нінэль аднолькава паважала і ЦУМ, і ГУМ. 

Неўзабаве празь яшчэ некалькі імклівых гадоў яна стала выпускніцай СШ № 145 пры перадуніверсытарыі МДЛУ, і акурат у гэты год адбыліся падзеі, якія выразна паказалі Нінэль, што ня ўсе абрэвіятуры аднолькава добрыя. Ад некаторых аднакляснікаў яна пачула «БЧБ» і калі паўтарыла яго дома, бацькаў твар стал пунсовым, а маці так злосна паглядзела на яе і скрозь зубы працадзіла, каб яна больш ніколі ня чула ў сваім доме гэтага. Нінэль тады страшна зьбянтэжылася. Хутка яна даведалася пра іншыя небясьпечныя спалучэньні: БАЖ, ПЭН, БХП, БЕЛСАТ і БНР. Казалі, за кожную зь іх, прамоўленую ў публічным мейсцы, пакараньне магло быць вельмі суворым. Нінэль вельмі ўважліва ўнікала іх, памятаючы загад бацькоў. 

У тое лета Нінэль паступала ў ВНУ. Гэта быў трапяткі і адказны этап у яе жыцьці, як і ў жыцьці кожнага абітурыента. Яна атрымала бліскучы атэстат і здала ЕГЭ, атрымаўшы высокія балы. Але хвалявалася страшэнна. Размаітых талентаў у Нінэль было так шмат, што яе кідала ад адной спэцыяльнасьці да іншай. Бацькі спрабавалі ёй дапамагчы з выбарам, але Нінэль цьвёрда заявіла, што ўжо самастойная і вырашыць сама. Яна пастанавіла, што прыйдзе да бацькоў, калі паступіць, і зробіць ім сюрпрыз. 

У той дзень бацька і маці сядзелі ў кухні. Яны абое ўжо былі ў адпачынку і нават спакавалі валізкі на мора. Чакалі толькі на Нінэль. 

Яна зайшла ў кватэру гучна і хуткімі крокамі забегла ў кухню. 

— Паступіла? — разам спыталіся бацькі. 

— Паступіла! — не хаваючы радасьці пацьвердзіла Нінэль. 

Яна працягнула паперку і маці, начапіўшы акуляры прачытала: 

— Радыя вам паведаміць, што вы залічаныя ў ЕГУ... 

— БГУ? — хутка перапытаўся бацька. 

— Е-Г-У! — выразна паўтарыла Нінэль. 

— ЕГУ?! — у жаху ўскрынула маці. 

— ЕГУ??!! — страсянуліся сьцены ад рыку бацькі.

Maliunak Liavona VoĺskahaЕ-Г-У! Малюнак Лявона Вольскага

Маці закрыла рот рукой. Бацька схапіўся за галаву. Уся сям’я зьнямела, пачуўшы настойлівы грукат у дзьверы.