На пытанне “Што б вы змянілі ці дадалі ў індустрыі забаваў?” прагучала: “Ну не! Рэвалюцый я не раблю!” Такой вясёлай і натхняльнай “перапалкай” пачалася 20 траўня першая, тэарэтычная, дзея творчага інтэрактыўнага даследавання культуры адпачынку ў горадзе ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” ў Віцебску. Тэму, у якую разам спрабавалі паглыбіцца ўдзельнікі ток-шоу, нельга назваць самай вострай, яна не ўваходзіць у топ найбольш рэйтынгавых у медыях, аднак мае вялікі ўплыў як на любога чалавека, так і на імідж Віцебска агулам. Гарадскія і нацыянальныя СМІ выхавалі ўяўленне пра Віцебск як горад фестывальны, мастацка-творчую сталіцу краіны. Але як самі віцябляне ставяцца да гэтага? Ці ўсіх задавальняе індустрыя забаваў у горадзе? Што горад мае для штодзённага адпачынку, а чаго гараджанам не хапае?
Удзельнікі дыскусіі “Індустрыя забаваў у Віцебску: гонар ці сорам?” разам з экспертамі вызначалі сапраўдныя дасягненні горада ў гэтай сферы, а таксама тыя зоны адпачынку, якія ім хацелася б развіваць найперш. Экспертамі дыскусіі выступілі:
Віталь Броўка — прафесійны арганізатар культурніцкіх падзей, бізнесовец, адзін з заснавальнікаў буйной творча-грамадскай супольнасці Віцебска;
Наталля Мілевіч — бізнесвумэн, сузаснавальніца антыкавярні “7 комнат”, якая гасцінна сустрэла ўсіх удзельнікаў дыскусіі;
Іна Якаўлева — арганізатар забаўляльных падзей для дзетак, дырэктарка забаўляльнага дзіцячага цэнтру “Джунгли зовут”.
Цягам дыскусіі мадэратар Уладзімер Булаўскі фіксаваў усё, што падабаецца і што хацелася б змяніць прысутным гараджанам у сферы адпачынку Віцебска, у адмысловай табліцы.
Размову пачалі з відэаапытанкі. У віцяблянаў на вуліцах спыталі, як, дзе яны адпачываюць і чаму, а таксама чаго ў прапановах культурніцкага адпачынку гараджанам не хапае. Апытанка дала глебу для развагаў: аказваецца, што прапановы любых зменаў, нават калі яны датычаць нашага вольнага часу, успрымаюцца ў грамадстве ледзь не як падбухторванне да рэвалюцыі: “Чаго прынамсі вам не хапае ў індустрыі забаваў у Віцебску? Што б вы змянілі ці дадалі?” — “Ну не! Рэвалюцый я не раблю!”
Віталь Броўка пракаментаваў апытанку так: “Відэа паказвае, што шмат хто цалкам задаволены тым, што ў Віцебску ёсць, — паркамі, скверамі, набярэжнай Віцьбы. Большасць адпачывае на вольным паветры. Людзі не хочуць плаціць за адпачынак, таму спажываюць тое, што даецца ім бясплатна. Нешта тут сутыкаецца з эканомікай, я думаю, традыцыямі ці яшчэ з чым. Калі ж у мяне паўстае пытанне, куды звадзіць сяброў, што паказаць, як адпачыць з імі, то даводзіцца арганізоўваць нешта самому. А гэта ўжо і не адпачынак, і не праца. Гэта мой праклён!”
Як героі відэаапытанкі, так і ўдзельнікі дыскусіі адзначылі праблему недахопу інфармацыі пра культурніцкія мерапрыемствы, што ладзяцца ў горадзе. Нават уладальніца антыкавярні “7 комнат”, адзін з экспертаў дыскусіі Наталля Мілевіч, адзначыла: “Я ў гэтай сферы чалавек новы. Антыкавярня адкрылася зусім нядаўна. І пакуль я не ўвайшла ў гэтую сферу, не пачала цікавіцца ёй, мне падавалася, што ў Віцебску няма нічога, а выявілася, што ёсць! І вельмі шмат!”
Зразумела, што моладзь усё знаходзіць у сеціве, але што рабіць тым, для каго інтэрнэт недасяжны? Згадвалася мясцовая газета “Віцьбічы”, што мае калонку пра культурныя мерапрыемствы, але, як адзначыў спадар Броўка “дзяржаўныя СМІ ўспрымаюць культурніцкія падзеі выключна камерцыйна. Таму, на жаль, не выпадае чакаць рэкламы нават вельмі патрэбных і актуальных культурніцкіх мерапрыемстваў па тэлебачанні ці ў мясцовых газетах”.
Валянціна Кірылава, ганаровы пенсіянер віцебскага аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі, якая актыўна ўдзельнічала ў дыскусіі з залы, у рэчышчы гэтага пытання звярнула ўвагу трошкі на іншае. Яна назвала шэраг культурных падзей, мерапрыемстваў і пляцовак, інфармацыя пра якія дасяжная, і спытала прысутных, ці наведвалі яны іх. Нават у гэтай цікаўнай да культуры аўдыторыі рукі паднялі далёка не ўсе: “Можа не ў інфармаванні рэч, а ў тым, ці мы самі гатовыя ўключыцца ў гэты працэс. Як мы выкарыстоўваем гэтую інфармацыю? Ці рэагуем на тыя абвесткі, што з’яўляюцца?” — падсумавала Валянціна Міхайлаўна.
Абмеркавалі і попыт-прапанову ў сферы адпачынку для людзей сталага веку. На пытанне “Чаго не хапае вам?” Валянціна Міхайлаўна адказала: “Мне не хапае часу! Ёсць гарадское аб’яднанне “Золотой возраст”, сябры якога запаланяюць усе выставы, так што мастакам не хапае месца!” Пенсіянеры, зразумела, розныя. Дачу і канапу ў якасці найлепшага адпачынку таксама ніхто не адмяняў. Ёсць рэлігійныя людзі, якія ездзяць у вандроўкі па святых месцах, удзельнічаюць у пілігрымках.
Тое, што прапаноўвае горад як людзям сталага узросту, так і, па сутнасці, усім гараджанам для адпачынку, — намёты грамадскага харчавання на набярэжнай з шашлыкамі і шансонам: “Нізкая якасць паслуг абумоўленая дырэктыўным прымусам. Арганізоўваюць адпачынак не тыя, хто можа нешта прапанаваць, а людзі, якіх прымусілі гэтым займацца, — адзначыў Віталь Броўка. — Няма чаго чакаць ад цётачкі, якая толькі што збірала яйкі з-пад курачак на птушынай фабрыцы “Ганна” (а фабрыка таксама мусіць мець намёт і неяк забаўляць людзей), нейкага крэатыву ў падборы музыкі ці дызайне гэтага пункта грамадскага харчавання”.
Тут з ім не пагадзілася Наталля Мілевіч: “Безумоўна, мы мусім адукоўваць, але не трэба навязваць людзям тое, што ім не падабаецца. І тое, што “піпл хавае”, таксама мусіць быць”. Тым самым эксперты закранулі вельмі важнае пытанне культурніцкага менеджменту. Рэгіянальны каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” Кацярына Раманчык адзначыла: “Трэба ўсведамляць спецыфіку культурніцкага прадукту. Не заўсёды мы, вытворцы, можам адчуваць попыт на яго. Таму роля культурніцкага менеджара, з аднаго боку, трымаць руку на пульсе, сачыць за тым, што адбываецца ў грамадстве, попыт на што можа з’явіцца, а з іншага — вытрымліваць баланс паміж высокімі па мэце і змесце функцыямі (асвета, выхаванне густу) культурніцкага прадукту і запатрабаваннямі аўдыторыі”.
Тэму культурнага менеджменту ў Віцебску, а ў прыватнасці праблему адсутнасці прафесійных супольнасцяў для людзей, што ім займаюцца, працягнула эксперт Іна Якаўлева: “У нас кожны сам па сабе. Няма нейкіх клубаў для арганізатараў, дзе яны маглі б дамаўляцца, хто, што і калі ладзіць, а не цягнуць кожнаму коўдру на сябе”.
Важнасць гэтай праблемы стала відавочнай, калі завялі размову пра нацыянальны складнік культурніцкіх падзей. Найбольш вострыя пытанні мадэратара былі адрасаваныя Наталлі Мілевіч як найменш зангажаванай у сучасную беларускамоўную культуру: “Зноў жа паўтаруся, што ў культурнай сферы я нядаўна. Раней да беларускамоўных я ставілася, скажам так, з асцярогай. А цяпер я бачу, што вы нармальныя звычайныя людзі, вось у джынсы апранутыя. Што з вамі можна мець справу. Але для гэтага мне трэба было з вамі сустрэцца!”
Публіка ажывілася і павесялела: “А што ж ты без лапцяў?!” — жартаўліва накінулася Інна Якаўлева на мадэратара.
Віталь Броўка дадаў аптымізму: “Беларускаарыентаваны паспяховы прадукт — гэта рэальна. І мы з вамі разам мусім задаваць попыт на яго! Стаць ініцыятарамі, звяртаць на гэта ўвагу. Тады з’явяцца і прапановы.”
Цягам дыскусіі мадэратар пазначаў усё, што падабаецца і што хацелася б змяніць прысутным, і зводзіў пункты ў табліцу. Вось, што ўрэшце рэшт:
Што ёсць, падабаецца:
— забаўляльныя ўстановы: дзіцячыя цэнтры, дыскатэкі, клубы, кавярні (“Нарэшце пачалі з’яўляцца маленькія няпафасныя кавярні, у якіх можна проста выпіць кавы са смачнай булачкай. 15 гадоў чакала!” — адзначае Іна Якаўлева);
— культурна-асветніцкія ўстановы: музеі, тэатры, галерэі, залы пры мастацкіх школах, бібліятэкі, філармонія;
— гарадская прастора: скверы, паркі, набярэжная Віцьбы;
— актыўны адпачынак: пракат ровараў, катамаранаў.
Чаго не хапае:
— альтэрнатыўных пляцовак і спосабаў адпачынку для людзей з рознымі запатрабаваннямі: дзіцячых адукацыйных праграмаў, месцаў для актыўнага адпачынку (рампаў для скейтбардыстаў, парковак для ровараў), прасторы для рэалізацыі маладых музыкаў, гуртоў, дыджэяў, танцораў;
— дасяжнай інфармацыі пра культурніцкія падзеі горада;
— экскурсій па горадзе ў любы дзень, а не па плане турыстычных фірмаў;
— новага фармату “Славянскага базару” (“Фестываль з’явіўся, калі не было альтэрнатывы. Тады ён быў “ваў”. Цяпер ён жыве на ўспамінах людзей за 40 пра той, колішні цікавы фестываль і працягвае яго традыцыі.”) З’яўленне іншых фестываляў у розных сферах;
— прафесійных супольнасцяў культурніцкіх менеджараў;
— “зваротнай сувязі” з адміністрацыяй горада і з кожнай установай культуры для ацэнкі і аналізу сферу адпачынку з аднаго боку, а з іншага — як мажлівасці для гараджан данесці свае пажаданні.
Менавіта тое, што гараджане хочуць змяніць, палепшыць, развіць у сферы адпачынку Віцебска, выносіцца на другую частку інтэрактыўнага даследавання, якая адбудзецца ўжо ў гэты чацвер, 22 траўня, і пройдзе ў фармаце “Кірмашу праектаў” — прэзентацыі культурніцкіх ідэй і прапановаў. “Мы ладзім Кірмаш праектаў не толькі і не столькі для таго, каб вы пачулі нас, а мы вас. Гэта будзе практычны, падкрэсліваю, практычны вынік сённяшняй дыскусіі, — заклікаў да ўдзелу мадэратар Уладзімер Булаўскі. — Удзельнікам дыскусіі прапануецца па гарачых слядах прапанаваць асобныя праекты ці стратэгіі паляпшэння наяўнага ці стварэння новага ў сферы адпачынку ў горадзе. З досведу мінулых “Кірмашоў праектаў” можам запэўніць, што праекты атрымліваюць карысныя парады, інфармацыйную падтрымку і дапамогу ў рэалізацыі. Акрамя гэтага, аўтары ідэй маюць мажлівасць такім чынам “замацаваць” праект ці ідэю за сваім імем!”
Чакаем усіх цікаўных на “Кірмашы праектаў” 22 траўня а 19-й у антыкавярні “7 комнат” (вул. Леніна, 72, 3 паверх)!
Палепшым гарадское жыццё Віцебска разам!
Тэкст – Лізавета Неўмяржыцкая
Фота – Аляксей Карасёў