Літаратурнае радыё прадстаўляе вечарыну паэтаў Адама Глобуса (Мінск) і Святланы Бунінай (Масква). Імпрэза адбудзецца 10 кастрычніка ў Музеі Максіма Багдановіча (вул. Багдановіча, 7а).
Пачатак а 19:00. Уваход вольны.
Адам Глобус — літаратар, мастак. У 1983 скончыў мастацкае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Працаваў чарцёжнікам, мастаком-рэстаўратарам, мастаком-афарміцелем, рэдактарам, журналістам. Адзін з заснавальнікаў літаратурнага таварыства “Тутэйшыя”. Цяпер займаецца выдавецкай справай (выдавецтва “Сучасны літаратар”).
Першыя вершы Адама Глобуса з’явіліся ў друку ў 1981 (газета «Літаратура і мастацтва», часопіс “Маладосць”). На дадзены ж момант ён аўтар больш, чым 20 кніг прозы і паэзіі, сярод якіх “Парк” (1988), “Адзінота на стадыёне” (1989), “Смерць — мужчына” (1992), “Скрыжаванне” (1993), “Дамавікамерон” (1994), “Толькі не гавары маёй маме” (1995), “Койданава” (1997), “Новы дамавікамерон” (1998), “Post scriptum” (1999), “Тэксты” (2000), “Браслаўская стыгмата” (2001), “Сшыткі” (2003), “Дом” (2005), “сУчаснікі” (2006), “Казкі” (2007). Яго творы перакладаліся на асноўныя мовы свету, а таксама на такія экзатычныя, як асецінская і каталонская. Асобнымі выданнямі проза А. Глобуса выходзіла ў Польшчы і Расіі.
Святлана Буніна — паэт, гісторык літаратуры. Доктар філалагічных навук, аўтар кнігі «Паэты маргінальнай свядомасці ў рускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя (М. Валошын, А. Гуро, Е. Кузьміна-Караваева)» і іншых даследаванняў у галіне славістыкі. Лаўрэат прэміі імя Барыса Чычыбабіна за першы каментаваны зборнік вершаў паэта (2009).
Вершы і пераклады (твораў Аксаны Забужка, Гузаль Бегім) публікаваліся ў часопісах «Новая юность», «Новый берег», «Волга», «©оюз писателей», інтэрнэт-часопісе «TextOnly», альманахах «Ариергард» (М., 2005), «Анор-Гранат» (М., 2009) і іншых.
Святлана Буніна — аўтар і вядучая праграмы «Прыватная калекцыя» на Літаратурным Радыё.
Літаратурнае Радыё — першы радыёпраект, які цалкам прысвечаны сучаснай літаратуры. Літаратурнае Радыё існуе з 2007 года. У эфіры Літаратурнага Радыё можна пачуць больш за 300 сучасных паэтаў з Расіі, Украіны, Беларусі і іншых краін.