Ганна Янкута ў сваім новым тэксце для праекту "Маё права" на budzma.org прыглядаецца да праблемных момантаў класічных твораў і задаецца пытаннем, ці адпавядае маральна-этычным нормам рэчаіснасці сённяшняя школьная праграма па рускай літаратуры.
Паколькі Пушкін – галоўнае свяціла рускай літаратуры, то і пачынаць будзем з яго.
У 8 класе вывучаецца паэма А. Пушкіна “Цыганы”, якая магла б зрабіцца выдатнай нагодай абмеркаваць праблему гвалту ў стасунках. Галоўны герой паэмы Алека вырашае сысці ў вольныя стэпы і закохваецца ў маладую цыганку Земфіру, якая адказвае яму ўзаемнасцю. Аднак шчасце Алека нядоўгае. Дазнаўшыся пра нявернасць сваёй сяброўкі, ён забівае яе саму і яе каханка.
Сярод іншых тэм для дыскусіі складальнікі вучэбнай праграмы для 8 класа прапануюць наступную: “Вытокі трагедыі Алека”. А вось пра трагедыю Земфіры, якая выхоўвалася паводле зусім іншых правілаў і мае іншыя ўяўленні пра каханне і свабоду, чым Алека, гаворкі няма.
У сучаснай школе падчас абмеркавання гэтага твору было б важна расставіць акцэнты зусім па-іншаму: ніхто не мае права лічыць іншага чалавека сваёй уласнасцю і “караць” гэтага чалавека толькі таму, што яго (ці яе) паводзіны не адпавядаюць тваім жаданням.
Спадзяюся, нягледзячы на рэкамендацыі складальнікаў праграмы, настаўнікі закранаюць гэтую праблему на ўроках.
Раман “Герой нашага часу” М. Лермантава вывучаецца ў 9 класе. У вучэбнай праграме прапануецца разгледзець вобраз галоўнага героя рамана, Грыгорыя Пячорына: “Галоўны герой – незвычайная асоба з трагічным лёсам. Праблема сэнсу жыцця, сацыяльнай актыўнасці чалавека, яго адказнасці перад часам і перад сабой”.
Аднак варта згадаць першы раздзел рамана, “Бэла”, у якім расказваецца, як Пячорын замаўляе выкраданне дзяўчыны, трымае яе ў зняволенні і спрабуе дабіцца яе кахання, выкарыстоўваючы рознага кшталту маніпуляцыі. Гісторыя заканчваецца смерцю бацькі Бэлы і яе самой і дае добрую нагоду для абмеркавання дзвюх вельмі складаных праблем, трошкі шырэйшых за “трагічны лёс” Пячорына.
Першая з іх – гэта праблема прыгнёту жанчын у розных культурах і ў розныя часавыя эпохі, а таксама злачынны характар дзеянняў Пячорына. На працягу ўсёй гэтай часткі чытачы не чуюць голасу самой Бэлы і не ведаюць, што яна адчувае і як усё ўспрымае, бо гісторыя расказваецца мужчынам і адлюстроўвае мужчынскі погляд на сітуацыю.
Другая – гэта праблема каланізацыі адных народаў іншымі. Стаўленне да Бэлы як да рэчы абумоўленае не толькі тым, што яна жанчына, але і тым, што яна чаркешанка. Пагардлівыя адносіны рускіх афіцэраў да мясцовых жыхароў нічым не ўраўнаважваюцца, горцы паказваюцца жорсткімі і помслівымі дзікунамі. Аднак ці дае сюжэт рамана падставы сцвярджаць, што рускія афіцэры ў нечым больш цывілізаваныя за іх?
У 6 класе вучні чытаюць урывак з аповесці М. Горкага “Дзяцінства”. У вучэбнай праграме сярод іншага прапануецца абмеркаваць “супраціўленне “свінцовым паскудствам жыцця” (дарэчы, даслоўна цытата з твора гучыць як “свінцовыя паскудствы дзікага рускага жыцця”), апісанняў якіх у аповесці сапраўды хапае.
Ужо ў другой частцы напоўніцу выяўляецца абстаноўка ў сям’і, куды пасля смерці бацькі трапляе хлопчык – галоўны герой твора. Дзед здзекуецца з жонкі, п’е, збівае ўнукаў да паўсмерці, маці і бабуля хлопчыка не здольныя яго абараніць. У свеце, апісаным у аповесці, шмат пакут і смерці, і галоўны герой твора не мае магчымасці з гэтага свету збегчы, аказаўшыся ў жыццёвай пастцы.
Паколькі выхаду з пасткі няма, абмеркаванне такіх “свінцовых паскудстваў жыцця” відавочна патрабуе дадатковага каментару з боку настаўніка – як пра гістарычны кантэкст аповесці, так і пра сучасныя прававыя нормы. Каб школьнікі, сутыкнуўшыся з такім у жыцці ці дазнаўшыся, што хтосьці іншы трапіў у такую сітуацыю, ведалі, куды можна звярнуцца па дапамогу.
Гаварыць пра гендарную няроўнасць можна на матэрыяле ці не любога класічнага твора: большасць твораў школьнай праграмы па рускай літаратуры дагэтуль прадстаўляюць патрыярхатны погляд на свет.
Творчасці жанчын-пісьменніц у школьным курсе месца амаль не адводзіцца, ды і жаночыя вобразы ў творах, што чытаюцца дзецьмі, выклікаюць шмат пытанняў.
Асабліва хочацца звярнуць увагу на блок твораў “Пісьменнікі пра дзяцінства”, што вывучаюцца ў 5 класе. Кідаецца ў вочы тое, што героі большасці гэтых твораў – хлопчыкі. “Дзяцінства Мікіты” А. Талстога, “Хлопчыкі” А. Чэхава, “Конь з ружовай грывай” В. Астаф’ева, “Шпакі” В. Бялова і інш. – школьнікі ўсюды сутыкаюцца з досведам і перажываннямі толькі паловы класа, хлопчыкаў.
Дзяўчынкі складальнікам праграмы, відаць, не цікавыя.
Цяжка сказаць, што ў гэтым выпадку можа зрабіць настаўнік/настаўніца, бо спіс літаратуры для дадатковага чытання таксама не дае магчымасці выправіць сітуацыю.
Ганна Янкута для budzma.org