Нямногія ведаюць мастака Дзмітрыя Мікалаевіча Полазава. Яго творчасць, яго імя і жыццё незаслужана забытыя і на вялікі жаль не занесены ў скарбніцу гісторыі нацыянальнага мастацтва і культуры. А між тым рускі мастак-жывапісец, мастак-настаўнік жыў і працаваў у Мінску каля 10 гадоў з 1914 да сярэдзіны 20-х гг., выкладаў у розных навучальных установах, дапамагаў у падрыхтоўцы першых нацыянальных мастацкіх выстаў, у якіх ўдзельнічаў сам. І яшчэ адна немалаважная дэталь яго жыцця — мастак першым і найбольш удала ўвасобіў вобраз народнага паэта Беларусі Янкі Купалы ў жывапісе ў 1921 г. Ён сябраваў з Іванам Дамінікавічам, жыў з ім па суседству па вуліцы Садова-Узбярэжнай.
У канцы 60-х гг. у Дзяржаўны Літаратурны музей Янкі Купалы была перададзена значная калекцыя жывапісных і графічных работ, а таксама фотаздымкі рускага мастака Дзмітрыя Мікалаевіча Полазава. У гэты час музей ужо меў тры яго палотны: два партрэты паэта зберагаліся ў фондах, а трэці — экспанаваўся ў адным з залаў музея. Таксама ў архіве музея захавалася перапіска першага дырэктара музея, жонкі Янкі Купалы, Уладзіславы Францаўны Луцэвіч з Дзмітрыем Полазавым у 50-я гг. Разам з перададзенымі работамі матэрыялы склалі надзвычай каштоўную калекцыю творцы, чалавека, лёс якога быў звязаны з Мінскам, для якога беларуская зямля на пэўны час стала роднай, і перад навукоўцамі музея адчынілася яшчэ адна старонка з культурнага жыцця Беларусі, адна са старонак з жыцця Купалы.
Уладзіслава Францаўна Луцэвіч ўспамінаючы мастака, гаварыла: «Мне заўсёды здавалася, што Змітрок Мікалаевіч Полазаў, чалавек спакойнага, разважлівага характару, чалавек працавіты, вельмі падабаўся Янку. Ён гаварыў, што ў мастака ёсць хватка, настойлівасць і вострае вока. Ён схоплівае адразу, што яму трэба, але потым ужо над заўважаным шмат думае, разважае, высвятляе — ці характэрна тое, што ён убачыў у чалавеку. Так і ў Янкі. Ён часам верш напіша адразу. Потым яго сур’ёзна абдумвае, абмяркоўвае, шліфуе, шукае тых слоў, што менавіта сюды кладуцца. Такі падыход да творчасці іх і зблізіў — Полазава і Янку Купалу». Ці не таму такі ўдалы партрэт Янкі Купалы напісаны мастаком у 1921 годзе, дый не адзін, а тры…
Дз. Полазаў быў вядомы ў Мінску, як мастак-жывапісец і як настаўнік малявання з таго самага часу, калі пераехаў у 1914 г. Нарадзіўся Дзмітры Мікалаевіч Полазаў 23 студзеня 1875 года ў Рослаўлі ў сям’і знакамітага рослаўльскага купца Мікалая Полазава. І адразу, услуховаючыся ў старажытныя назвы — Смаленск, Рослаўль — разумееш, што яны беларускія. Значыцца і мастак беларускага паходжання. Мясціны знакамітыя, адтуль паходзілі выдатныя творцы: жывапісец і скульптар Мікешын, вядомы скульптар Сяргей Канёнкаў. У Рослаўлі гаварылі так: «Каб што-небудзь ведаць, трэба прайсці ўніверсітэт Полазава!» А універсітэт полазаўскі — сапраўдная чалавечая дасведчанасць, прага ведаў, жаданне зрабіць жыццё лепшым, зацікаўленасць народнымі талентамі. Знакаміты рускі скульптар Сяргей Канёнкаў у юнацтве сябраваў з Дзмітрыем Полазавым, вучыўся разам з ім у гімназіі ў Рослаўлі, потым яны вучыліся ў Маскве і Пецярбургу. Цікавы факт, сябруючы з Дзмітрыем Сяргей вельмі сябраваў і з яго бацькам Мікалаем Аляксандравічам, аб чым ёсць захапляючыя ўспаміны скульптара ў кнізе «Мой век». У іх паўстае постаць надзвычай адоранага, адукаванага чалавека, асветніка, гаспадара-рупліўцы. Мікалай Полазаў меў вялікі сад, з натхненнем займаўся селекцыяй пладовых дрэў. Але звернемся да ўспамінаў Сяргея Канёнкава: «Полазаў з канца ў канец праехаў Расію, пабываў у Японіі, прайшоў Кітай і праз Сінгапур вярнуўся на радзіму. На свае сродкі купец Полазаў пабудаваў у Клімавіцкім павеце дзве народныя школы і ўтрымліваў іх» . Менавіта пасля вандраванняў бацькі і захаваў Дзмітры Полазаў рэліквію: фотаздымак Льва Талстога ў дзень ягонага сямідзесяцігоддзя з аўтографам пісьменніка Мікалаю Аляксандравічу Полазаву. Пажоўклы старадаўні адбітак зараз ў фондах музея Янкі Купалы.
Бацька мастака быў моцным гаспадаром, меў ля ўласнага дома невялікі завод для выпрацоўкі мыла, вырабляў і канаплянае масла. У Рослаўлі яго паважалі ўсе: інтэлігенты, просты народ, заможныя людзі і бедныя, не любілі толькі «чарнасоценцы». Веды ён цаніў высока, таму дзяцей адправіў вучыцца: сыны Дзмітрыя — у Маскоўскае вучылішча жывапісу, ваяння і дойлідства, дачку Вольгу — у Пецярбурзе на Бястужаўскія курсы.
Настаўнікам у Полазава быў вядомы рускі жывапісец Ул. Макоўскі. А потым у жыцці маладога мастака быў Пецярбург, Акадэмія мастацтваў. І нарэшце Дзмітры Мікалаевіч пачаў займацца выкладчыцкай працай спачатку ў Рослаўлі, потым у Смаленску. Але мабыць няўрымслівы характар яго бацькі, які перайшоў да сына, не даваў спакою Дз. Полазаву і ён паступіў ў Маскоўскі універсітэт на гістарычны факультэт, каб падмацаваць сваё веданне мастацтва глыбокімі гістарычнымі ведамі і з поўным правам выкладаць у вышэйшых навучальных установах гісторыю мастацтва.
У 1903 г. пасля заканчэння мастацкай адукацыі Дзмітры Полазаў уладкоўваўся на працу ў Смаленскую урадавую мужчынскую гімназію, дзе працаваў, маючы добрыя водгукі, 11 гадоў. Прыехаўшы ў Мінск 14 лютага 1914 г. ён пачаў выкладаць чарчэнне і маляванне ў рэальным вучылішчы і ў Мінскім настаўніцкім інстытуце. Нагрузка яго была вельмі вялікая і таму выкладанне ў інстытуце прыйшлося пакінуць. Менавіта ў 1914 г. сям’ю мастака спасціглі цяжкасці: хвароба дзяцей, пазыка грошай у Смаленскім крэдытным таварыстве для іх лячэння ў Маскве, страта сродкаў напачатку вайны, пагроза ўтрымання пазыкі праз суд ці апісанне маёмасці, просьба да дырэктара рэальнага вучылішча, каб папрасіў у Віленскай вучэбнай акругі аб пагашэнні пазыкі, але той адмовіў… Вось такім складаным быў яго першы год мінскага жыцця. Але настаўнік Полазаў працаваў сумленна, шчыра і аддана. Успаміны сучаснікаў-настаўнікаў, якія працавалі разам з ім, сведчаць, што строгасць была адметнасцю Полазава, як знешняга яго выгляду, так і характару. Вышэйшую адзнаку «5» ніколі нікому не ставіў, добрымі адзнакамі ў яго былі «4» і нават — «3». Перад тым, каб дазволіць вучням прыступіць да работы над малюнкам, шмат разважаў з імі, тлумачыў, расказваў пра мастацтва, выдатных мастакоў, знакамітыя палотны, пра тэхніку выканання. Даволі часта і сам маляваў у класе. Была ў яго асаблівасць — ніколі не папраўляў вучнёўскія работы, а пасля заканчэння работы наладжваў абмеркаванне іх, прычым дазваляў абмяркоўваць і сваю. Вельмі ўхваляў у сваіх вучнях самастойнасць. Гэта быў яго метад у час працы і ў рэальным вучылішчы, і ў школе № 5, і ў чыгуначнай сярэдняй школе імя А. Чарвякова, політэхнікуме і Белпедтэхнікуме, Інстытуце асветы і агульнаадукацыйных курсах і г. д. Востры аловак мастака, яго назіральнасць захавалі нам цікавыя малюнкі-накіды настаўніцкага асяроддзя тагачаснага Мінска 20-х гг. (зараз знаходзяцца ў музеі Янкі Купалы).
Натура вельмі энергічная, шматгранная, Дзмітры Мікалаевіч працаваў у многіх установах. У 20-я гг. паўстала пытанне стварыць у Мінску новую студыю выяўленчага мастацтва. За гэтую справу ўзяўся рускі мастак, што жыў і працаваў у той час у Мінску, Канстанцін Елісееў, апублікаваўшы аб’яву пра яе стварэнне ў трох газетах.
Звернемся да ўспамінаў тэатральнага мастака і графіка Канстанціна Елісеева, што зберагаецца ў музеі паэта:
«…Да мяне прыйшоў мастак, які скончыў Пецярбургскую Акадэмію мастацтва Змітрок Мікалаевіч Полазаў, па спецыяльнасці жывапісец, які меў і другую прафесію — гісторыка (ён праслухаў спецыяльны курс у маскоўскім універсітэце ў вядомага В. О. Ключэўскага).
З. М. Полазаў быў педагогам Беларускага політэхнікума, там жа меў кватэру з трох пакояў, у якой жыў разам з жонкай, прыгожай дамай Аленай Іванаўнай і двума дзецьмі — сынам Мікалаем і дачкой Аленай, смяшлівай і з запалам дзяўчынай 15–16 год, з якой я хутка пасябраваў.
Полазаў быў старэйшы за мяне на 10–12 гадоў і я лічыў яго сваім старэйшым таварышам, апрача таго, як мінскі старажыл ён быў знаёмы з мясцовай інтэлігенцыяй: педагогамі, урачамі, партыйнымі работнікамі і інш…
З. Полазаву я абавязаны і знаёмствам з Янкам Купалам — беларускім паэтам. Адбылося гэта так: ён дамовіўся ў Акадэмічным цэнтры, што напіша для музея партрэт Янкі. Яму было абяцана, што яго праца зойме месца на сцяне будучага музея. Накіроўваючыся на чарговы сеанс, ён прапанаваў мне суправаджаць яго і ў залежнасці ад абстаноўкі прыняць удзел у працы» . Захаваліся ўспаміны былой мінскай настаўніцы Аляксандры Шкляевай, разам з мужам, якая ў майстэрні мастака Полазава ў 1920 г. таксама пазнаёмілася з Янкам Купалам: «Полазаў у гэты час працаваў над партрэтам Янкі Купалы, рабіў эскізы і накіды алоўкам. Янка Купала прыходзіў да Полазавых пазіраваць.
Янка Купала чытаў свае творы, Полазаў шмат расказваў аб антычным мастацтве, пра мастакоў Расіі . Сем’і Полазавых і Купалы пасябравалі. Народны паэт прысвяціў дачцы мастака свой верш «Вяртаюцца з выраю жоравы-гусі», падараваў на дзень нараджэння кнігу са сваёй бібліятэкі «Айчынная вайна 1812 ў межах Смаленскай губерні», зазначыўшы, што там упамінаюцца партызаны Полазавы (знаходзіцца зараз у фондах музея). На вялікі жаль не захавалася кніга Янкі Купалы з яго аўтографам: «Панне Люсі Полазавай у знак падзякі за кветкі». У сваіх успамінах дачка мастака, узгадваючы 20-я гг., сустрэчы з паэтам і сяброўства сем’яў, вуліцу Садова-Узбярэжную, піша, што гэта частка горада патанала ў зеляніне, вясной усё было ў квітнеючых садах, бэзе, пах ад якіх яна захавала на ўсё жыццё.
Дзмітры Полазаў здзейсніўся ў Мінску як педагог, як мастак, але можна яшчэ сказаць, што ён быў і навукоўцам, збіральнікам. Ён разам з Янкам Купалам, мастаком М. Філіповічам, кампазітарам Ул. Тэраўскім, рэжысёрам Ф. Ждановічам, настаўнікам М. Шкляевым выязджаў у этнаграфічныя экспедыцыі на Случчыну, Лагойшчыну. У той час закладваўся падмурак нацыянальнай навукі, нацыянальнага музея і ў гэтым актыўна ўдзельнічаў мастак. Магчыма, у час адной з такіх экспедыцый заўважыў Полазаў натхнёнасць народнага песняра, каб потым увасобіць у жывапісным палатне.
Жыццёвыя абставіны склаліся так, што ў сярэдзіне 20-х гг. мастак з сям’ёй пакінуў Мінск і пераехаў ў Ленінград.
У пачатку 50-х гг. да Ул. Ф. Луцэвіч, дырэктара музея дайшлі звесткі, што ў колішняга іх суседа, добрага знаёмага па Мінску 20-х гг., які зараз жыве ў далёкім Ленінградзе, мастака Полазава, ёсць яшчэ два партрэты, акрамя таго, што знаходзіўся ў музеі народнага паэта, якія ён жадае перадаць. І паміж імі пачалася перапіска, якая доўжылася з кастрычніка 1951 па сакавік 1953 г.
Пазнаёміўшыся з лістамі амаль 80-гадовага мастака, мы атрымалі некаторыя звесткі пра яго жыццё, клопаты, пра яго думкі і спадзяванні, пра гады блакады Ленінграда, якія пакінулі цяжкі след: у 50-я гады ён страціў зрок амаль на 80%. Лісты пісаў ён сам, а прачытаць тое, што напісаў амаль не мог, дапамагалі хатнія. Але па натуры чалавек аптымістычны, жыццярадасны ён знаходзіць сілы жартаваць, расказваючы ў лісце да Уладзіславы Францаўны пра акуляраы, што яму прапісалі ленінградскія лекары, называе іх «Пулкаўскай абсерваторыяй». У жніўні 1952 г. ён паведамляе, што некаторыя яго работы набыты музеем М. А. Астроўскага ў Сочы і Маскве. А ў лісце ад 7.06.52 Дз. Полазаў паведамляе Ул. Ф. Луцэвіч: «Яшчэ раз прашу прабачэння за затрымку партрэтаў, выкліканую як маёй хваробай, так і рэстаўрацыяй, якую давялося зрабіць (Эрмітажнаму рэстаўратару), каб знішчыць тую невялікую дэфармацыю, якую паклала трыццацігадовая даўнасць і тыя неспрыяльныя ўмовы захавання ў час блакады Ленінграда і прывесці іх у першапачатковы выгляд» .
Зараз партрэты зберагаюцца ў Літаратурным музеі Янкі Купалы. Надзвычай цёплыя, па-мастацку ўдалыя, яны даносяць да нас аблічча паэта 20-х гг., набліжаюць яго вобраз да сучасніка, робяць яго блізкім і зразумелым.
У архіве мастака ёсць некалькі акварэляў, якія каштоўныя для нас сваёй дакументальнасцю. Таму што перад намі паўстае вуліца Садова-Узбярэжная, на якой жыў Янка Купала, стары сад, клумба, менавіта і мастак жыў побач, па гэтай жа вуліцы ў доме № 5. А на невялікім жывапісным палатне стары Мінск з боку Садова-Узбярэжнай, пахілая хатка, агарожа, ўсё зарасло, а здалёк бачны коміны і гмахі новага каменнага Мінска. Колькі пяшчоты, замілавання ў мастака да старых мясцін, да краявіда горада, які быў родным для яго і ўспамін аб якім ён захаваў на ўсё жыццё. Вельмі дарагі нам, сёняшняму пакаленню мінчан, яго погляд на тую маленькую вуліцу на беразе Свіслачы, што патанала ў зеляніне, дзе ў даваенны час жыў народны паэт, і якой зараз не існуе.
Сярод астатніх работ мастака, што зберагаюцца ў музеі, партрэты, якія ён пісаў ўжо на схіле жыцця па фотаздымках. Сярод іх партрэт старой сяброўкі, мінскай настаўніцы Г. Фідроўскай, партрэт Тані Шкляевай, дачкі мінскіх настаўнікаў, суседзяў мастака і Янкі Купалы, пазначаны для нас вялікім сэнсам, работа 1950 года, амаль апошняя. Менавіта ў гэты час мастак страчвае зрок, у яго жыцці застаюцца толькі лісты сяброў, знаёмых і… ўспаміны. Мастак памёр у 1953 годзе, пражыўшы 78 гадоў.
Карціна мастацкага жыцця Беларусі, яе культурных здабыткаў была б не поўная без імя чалавека, што рупліва падрыхтоўваў мастацкія кадры, мастацкія выставы, удзельнічаў у яе культурным жыцці, што сябраваў з Янкам Купалам, без імя Дзмітрыя Мікалаевіча Полазава.
Гісторыя, культуралогія, мастацтвазнаўства: Матэрыялы ІІІ Міжнар. кангрэса беларусістаў «Беларуская культура ў дыялогу цывілізацый» (Мінск, 21-25 мая, 4-7 снеж. 2000 г.) / Рэдкал.: В. Скалабан (гал. рэд.) і інш. – Мн.: «Беларускі кнігазбор», 2001. – 364 с. – (Беларусіка = Albaruthenica; Кн. 21).
Фаіна Ваданосава (Мінск), smalensk.org