Роўна 100 гадоў таму, 18 сакавіка 1921 года, было падпісана Рыжскае мірнае пагадненне. Менавіта гэтая дамова вырашыла лёс беларусаў на бліжэйшыя два дзесяцігоддзі. Распавядаем, як усё адбывалася.
Польска-бальшавіцкая вайна, альбо як усё пачалося.
Пасля атрымання Польскай Рэспублікай сваёй незалежнасці 11 лістапада 1918 года, улады краіны не жадалі абмяжоўвацца толькі этнічнымі тэрыторыямі палякаў і мелі жаданне далучыць тэрыторыі Беларусі, Украіны і Літвы да сваіх земляў.
Пасля фарсавання ракі Нёмам, 14 лютага 1919 года, польскія войскі распачалі баявыя дзеянні супраць савецкіх рэспублік. Ужо ўвесну пад палякамі апынуліся такія гарады як: Берасце, Кобрын, Пінск, Баранавічы, Слонім, Ліда і Наваградак, а 9-га жніўня польскія войскі ўвайшлі ў Менск. Такое хуткае прасоўванне палякаў на ўсход было звязана з тым, што асноўная частка савецкіх войскаў была кінута на паўднёвы фронт, дзе ішлі баі супраць А.І.Дзянікіна.
У восені 1919 года баі спынілся, бо Польшча не мела жадання дапамагаць войскам генерала Дзянікіна, з-за таго што ён выказваўся супраць планаў Польшчы па далучэнню зямель на ўсход ад ракі Буг.Тым самым Юзаф Пілсуцкі паспрыяў Чырвонай Арміі разбіць войска белага генерала Дзянікіна. У гэты ж час паміж Польшчай і РСФСР распачаліся мірныя перамовы, але не гледзячы на тэратэрыяльныя саступкі з боку савецкага ўраду палякі не пагадзіліся на падпісанне мірных умоваў і ўжо ў весну 1920 баі распачаліся наноў.
Пасля наступлення Польскага войска на Калінкавічы і Мазыр, расейскія войскі перакінулі свае асноўныя часткі на Заходні фронт. Ужо летам Чырвоная армія перайшла польскую мяжу і распачала актыўнае наступленне на Варшаву. Але ў жніўні адбыўся так званы “Цуд на Вісле” (польск. Cud nad Wisłą), калі войскі Ю.Пілсуцкага моцным контрударам адкінулі войскі Чырвонай Арміі і зноў распачалі актыўные наступленне на ўсход. Пасля бітвы на рацэ Нёман якая доўжылася з 20 па 26 верасня, войскі Чырвонай Арміі былі канчаткова разбіты, пасля чаго распачаліся новыя перамовы аб заключэнні міру.
Перамовы аб міры
Савецкія ўлады былі зацікаўленыя ў тым, каб найхутчэй скончыць гэтую вайну і перакінуць свае войскі на поўдзень, дзе ішлі баі з белым генералам П.М.Урангелем. Першыя перамовы адбыліся 17 жніўня 1920 у Менску, але ў хуткім часе іх перанеслі ў Рыгу.
Дыпламаты ад РСФСР: Адольф Ёфэ і яго сакратар Іван Ларэнц і дыпламаты ад Польшчы: Ян Домбскі з сакратаром Аляксандрам Ладасам, селі за стол перамоваў 21 верасня. распачаўшы Рыжскія перамовы. 25 верасня былі прызнаны паўнамоцтвы дэлегацыі ад Украінскай ССР, але беларуская дэлегацыя такія паўнамоцтвы не атрымала, не гледзячы на тое што знаходзілася ў Рызе. Дыпламаты штодзённа звязваліся з кіраўнікамі сваіх краін і атрымоўвалі інструкцыі. Уладзімір Ленін раіў сваім дыпламатам ісці на саступкі калі таго будзе патрабаваць польскі бок.
Адольф Ёфэ (злева) і Ян Домбскі (зправа)
На момант пачатку перамоваў абодва бакі былі гатовыя даць магчымасць застацца Беларусі незалежнай краінай, бо і Польшча і бальшавікі празнавалі права нацыяў на самавызначэнне. Гэта было б плюсам у тым, што Беларусь існавала б як буферная дзяржава паміж Польшчай і Расеяй. З боку гледжання саветаў, такая дзяржава павінна была стаць марыянеткавай і наўпрост падпарадкоўвацца Маскве. Палякі на такое былі не згодныя.
Першапачаткова бальшавікі прапаноўвалі правесці мяжу па лініі якая амаль супадае з сённяшняй Беларуска – Польскай мяжой. Але літаральна за пару дзён яны пагадзіліся перанесці яе на 250 кіламетраў, бліжэй да Менску. Масква хутка прымала ўсе прапановы Польшчы і аддавала ўсе тэрыторыі якія патрабавала польская дэлегацыя. 4-га Кастрычніка ў Маскве прайшло паседжанне на якім былі разгледжаны польскія прапановы. Большая частка кіраўніцтва бальшавікоў пагадзілася на падпісанне перамір’я.
12 Кастрычніка ў Рызе было падпісана перамір’е. На фронце перамір’е наступіла 19 кастрычніка. За гэтыя дні палякі паспелі на два дні захапіць Менск і выезці адтуль архіўныя дакументы, якія засталіся там пасля адступлення ўлетку.
Канчатковы мір быў падпісаны 18 сакавіка 1921 года ў Рызе, на польскай, расейскай і украінскай мовах. Паўнамоцтвы за падпісанне дамовы ад Беларускай ССР узяло на сабе кіраўніцтва РСФСР.
Апошняя старонка Рыжскай мирнай дамовы
Тэма падпісання Рыжскай мірнай дамовы вельмі балючая для беларускага народу, бо як мы бачым ні Расея ні Польшча, не звяртаючы ўвагу на існаванне беларусаў вырашылі далейшы лёс краіны і нацыі. На бліжэйшыя два дзесяцігоддзі беларусы апынуліся падзеленыя дзвума краінамі. І гэты перыяд з 1921 па 1939 пакінуў моцны адбітак на беларусі. Нават сёння існуе негалоснае падзяленне на усходніх і заходніх беларусаў.
Мапа падзеленай Беларусі
Антон Шаранкевіч, budzma.by