Самакіраванне як непазбежнасць для новай Беларусі

Дзесяцігоддзямі інтэлектуалы і пісьменнікі грэбліва глядзелі на кварталы шматпавярховікаў у нашых гарадах. Маўляў, гэта труна беларускай нацыі. Вяршыня беларускага індывідуалізму. Кожны зачыняецца за жалезнымі дзвярыма, не ведае суседзяў, робіць рамонты, а ліфт загаджаны… Кожны сам за сябе.



Іншая рэч – вёска. Там людзі здаўна грамадой жылі, і хаты разам будавалі, і вяселлі спраўлялі, і талокі ладзілі. Там гудуць чмялі і пахне хлебам – ідылія! Дзе там да вёскі шэрым кварталам Малінаўкі ці Каменнай Горкі?

Жыццё паказала: усё дакладна наадварот. Тут гаворка і пра пратэстную актыўнасць у раёнах – найперш у Мінску, і пра звычайныя суседскія адносіны, якія нарэшце пачалі праяўляцца ў сумесным спажыванні пірагоў з гарбатай і канцэртах на дзіцячых пляцоўках, не кажучы ўжо пра знешняе аздабленне – сцягі, бела-чырвоныя сталы з лавамі, стужкі і муралы.

Каб скончыць з канцэпцыяй «добрая вёска – злы горад», згадаем яшчэ адну гісторыю з 1994-га. Тады за дзейнага кіраўніка цалкам арганічна прагаласавала амаль усё вясковае беларускамоўнае насельніцтва краіны. У адзіным парыве! Тыя людзі на мове размаўлялі, але не цанілі. Цяпер жа сітуацыя кардынальна іншая: гараджане з шэрых раёнаў на мове не гавораць, але шануюць. Нацыянальны складнік для іх важны. 

«Капай там, дзе стаіш!»

Яшчэ цікавей, што схільнымі да аб’яднання і самаарганізацыі аказаліся не толькі ўласнікі элітнага жытла на Новай Баравой ці Каскадзе. У тэме і звычайныя шэрыя панэлькі, дзе днём з агнём не знойдзеш «крэаклаў» ды айцішнікаў. Прыклад з Горадні – Альшанка на ўскрайку горада. Традыцыйна лічылася, што гэта гета для шматдзетных сем’яў. Цяпер Альшанка – ці не самы рэвалюцыйны і прагрэсіўны квартал: з графіці, гарбатай у дварах, рэгулярнымі прыездамі міліцыі…

Калі раёны пачалі выбіраць сабе сцягі ды абгаворваць іх у раённых чатах, адкрылася яшчэ адна фішка: раённае краязнаўства. А чаму так завецца? А што ўзяць за сімвал? А людзі тут даўно жывуць? Так стартавалі экскурсіі па раёнах. Стрэлілі артыкулы пра тое, што і дзе было раней. У Мінску на Усходзе ўспомнілі пра гістарычную Слепню, у Горадні – пра Залатую Горку. 

Людзі нарэшце ўсвядомілі сваё месцазнаходжанне, якое перастала быць месцам начоўкі на вышыні 30 метраў ад зямлі. Сваю мікрарадзіму. Як кажуць немцы: «Капай там, дзе стаіш!» Коратка кажучы, беларусы дараслі да тэмы самакіравання. Інтуітыўна. Без указкі ці падказкі збоку. Самі.

Нават кароткага перыяду самакіравання пасля СССР не было

Вы будзеце здзіўленыя, але самакіраванне ў нашай гісторыі не абрываецца на гісторыі Вялікага Княства з магдэбургскім правам і ратушамі. Не абмяжоўваецца этнаграфіяй з талакой і вясковымі старостамі. На словах за самакіраванне ад самага пачатку тапілі… бальшавікі! «Уся ўлада саветам!» – цяпер гэты лозунг выглядае не менш рэвалюцыйным, чым у 1917 годзе.

За часамі СССР той самы лозунг быў проста падменены. Зрабіўся фармальнасцю. Бо існавала «траяўладдзе»: партыйная ўлада, мясцовая выканаўчая і – саветы, убудаваныя ў сістэму рай- і аблвыканкамаў. Фактычна ж яны нічога не рабілі. Заставаліся для галачкі.

Калі Саюз скончыўся і паступова надышла эпоха Лукашэнкі, той адразу паставіў задачу – пабудова вертыкалі. Цікава, што нават у постсавецкай Расіі быў перыяд, калі мясцовая ўлада выбіралася і выбары былі цалкам рэальнай канкурэнцыяй. У Беларусі ж не было нават кароткага перыяду. Ад савецкай павесткі адразу перайшлі да лукашэнкаўскай.

Гурнофіль, Жалудок і Ляды

Што маем цяпер? Маем мясцовую ўладу з фармальна ўбудаванымі ў яе саветамі дэпутатаў розных узроўняў. Фармальна, бо тыя дэпутаты не вырашаюць анічога. Бо не маюць грошай, не маюць рэальнай улады. Мясцовыя бюджэты ўсё адно зацвярджаюцца раённай уладай, таму нават калі дэпутат прыдумае нешта ўпарадкаваць у вёсцы ці ў мястэчку, то пойдзе «жабраваць» да вышэйшых чыноў. Дэпутата могуць паслухаць або не. Рашэнне за райвыканкамам. 

Атрымліваецца парадокс: фармальна кіруюць раённыя, гарадскія ды абласныя саветы дэпутатаў. Рэальна ж яны не ўлада, а так, недзе побач з уладай. Абсалютную большасць складаюць сельскія і раённыя дэпутаты – іх у Беларусі больш за 20 тысяч. Цікава, што пару гадоў таму ва ўладных колах нават дыскусія была: ці патрэбны ніжэйшы ўзровень саветаў – сельскі? Мо прыбраць і пакінуць толькі раённы і гарадскі? Усё ж пакінулі. Імітацыю народаўладдзя трэба захаваць.

Цяпер сачыце за рукамі. У Шчучынскім раёне, напрыклад, 11 сельсаветаў. Насельніцтва па афіцыйных звестках – менш за 40 тысяч чалавек. Агулам каля 4 тысяч на сельсавет. Расонскі раён – гэта 10 тысяч чалавек на 6  сельсаветаў: менш чым па 2 тысячы чалавек на адзін сельсавет. А цяпер возьмем Фрунзенскі раён Мінска, дзе жыве тысяч 200 чалавек. Фармальна Фрунзенскі, Шчучынскі і Расонскі раёны раўназначныя. Можаце самі падлічыць, наколькі нават фармальнае самакіраванне ў Фрунзенскім раёне меншае, чым у Жалудку, Гурнофілі ці Лядах. 

Вясковыя бібліятэкары vs кіраўнікі прадпрыемстваў

Чаму так? Бо падзел па старой добрай традыцыі ідзе па тэрыторыі, а не па колькасці насельніцтва. Гарады жывуць не зямлёю, а колькасцю людзей на ёй. У адной вёсцы Воранаўскага раёна можа жыць 15 чалавек, а ў адным шматпавярховіку – 500. Але стары добры падзел па раёнах захоўваецца – цалкам архаічны, непатрэбны, але «свой». Так прывыклі. 

Яшчэ адно колькаснае параўнанне: сярэдняя польская гміна (чытай – сельсавет) – гэта 10 тысяч чалавек. У нас жа ёсць раёны (у якіх 5-6 сельсаветаў!), дзе нават тых 10 тысяч не набярэцца. 

Нядзіўна, што ў вёсках мясцовыя дэпутаты прынамсі ведаюць людзей, якія за іх галасуюць (або не галасуюць). Вясковыя дэпутаты – гэта бібліятэкары, паштальёны, простыя людзі, якія жывуць сярод людзей. Зусім іншая рэч – гарадскія саветы. Там дэпутаты – гэта кіраўнікі прадпрыемстваў, рэктары ВНУ. У найгоршым выпадку – дырэктары гімназіяў. Нават у СССР была норма рабочых і сялян у саветах. У нас – адны начальнікі. Каго яны прадстаўляюць?.. Загадка. 

Як у Літве? Магчыма

Зразумела адно. Каб самакіраванне ў Беларусі рэальна пачало працаваць, патрэбная рэформа. І гэта не мусіць быць проста тэрытарыяльна-адміністратыўная рэформа з перадзелам зямлі: межаў раёнаў і сельсаветаў. Гэта нікому не патрэбна, бо важная не зямля, а людзі, якія на ёй жывуць. А 80% беларусаў жыве ў гарадах. Гэта найбольш пасіянарная і заможная частка нацыі. 

На практыцы гэта можа выглядаць так: кожныя 20-30 тысяч чалавек у гарадах і хаця б 10 тысяч на вёсцы павінныя мець прыкладна аднолькавае прадстаўніцтва, чытай – самакіраванне. Каб не было такога, што недзе аднолькавая колькасць дэпутатаў прыпадае на 20 тысяч чалавек, а недзе – на 200 тысяч. 

Нармальны павет на перыферыі можна было б сфармаваць з некалькіх сучасных раёнаў. Груба кажучы, аб’яднаць Зэльвенскі, Свіслацкі і Ваўкавыскі раёны ў адзін павет з цэнтрам у Ваўкавыску. А ўжо ў межах павета зрабіць максімум дзясятак сельскіх саветаў. 

У вялікіх гарадах наадварот: зрабіць падзел на раёны яшчэ больш дробным. Каб дэпутат мог рэальна ведаць і тэрыторыю, і людзей. Скажам, у Горадні два раёны, Кастрычніцкі і Ленінскі, у кожным прыкладна па 160 тысяч чалавек. Такі падзел – чыстая фармальнасць: нават мяжа праходзіць па Нёмане і лініі чыгункі. Рэальна зрабіць падзел драбнейшым: Дзевятоўка, Фарты, Альшанка і г.д. Так у абласным горадзе замест двух набярэцца 10-15 раёнаў. 

Ёсць добры прыклад нашых суседзяў з Літвы, дзе працуюць так званыя «сенюніі» – староствы. У 600-тысячнай Вільні іх некалькі дзясяткаў. Яны самі збіраюць падаткі. Самі дамаўляюцца з электрасеткамі і водаправодам. Самі вырашаюць свае справы. Як будзе ў Беларусі? Не ведаю. Але дакладна не так, як цяпер. І сцягі мікрараёнаў, з якімі людзі выходзяць штодня, сведчаць, што час зменаў ужо надышоў.

Алесь Кіркевіч, budzma.org