Выйшаў новы выпуск гістарычнага серыяла «Сармат», прысвечанага шляхецкай культуры ў розных яе аспектах: як жылі, за што жылі, пра што думалі і марылі нашы продкі-шляхцічы.
З якога ўзросту надыходзіла паўналецце? Што пагражала каханкам за здраду па законе і ў рэальнасці? Як там з прастытуцыяй? Ці былі ў магнатаў свае гарэмы? А што наконт гомасэксуальных зносінаў? Ці была цэнзура?
Гаворым пра сэксуальнае жыццё эліты Рэчы Паспалітай.
Папярэднія выпускі гістрачынага серыяла «Сармат» глядзіце па спасылцы.
Ад 16 стагоддзя духавенства ў Рэчы Паспалітай старанна змагалася не з маскавітамі ці туркамі, а з... сэксам. «Цела заўжды гіне ад граху». «Цела — гэта жывая клаака, нягодная сапраўднай любові». Фізічнае каханне, маўляў, памяншае любоў да Неба... А дзяржава ж была пераважна каталіцкая! Дык што — у Рэчы Паспалітай, як у тым СССР, не было сэксу?
Ёсць два скрайнія падыходы да пытання. Адзін міф — сакральна-ідылічны.
Маўляў, шляхта ў нас толькі ваявала і малілася. А палавыя зносіны — толькі з вернай жонкай, каб рабіць крылатых гусараў ды літоўскіх гаспадынь. Такая сабе казачка.
Іншы міф — брутальны. Пра тое, што ўсе там з усімі пераспалі. А ў маладзенькай Барбары Радзівіл было 38 каханкаў: конюхі, манахі, рыцары...
Караль Станіслаў Радзівіл «Пане Каханку» практыкаваў публічную мастурбацыю. А казакі на Сячы — спрэс гомасэксуалісты... І гэта — таксама казачка, заснаваная на тагачасных плётках. Чым больш ты круты, тым больш пра цябе брэшуць.
Насамрэч, шляхецкае асяроддзе не было адным вялікім кляштарам сясцёр-назарэтанак. Не было і Садомам.
Сэксам больш займаліся, чым пра яго пісалі ці распавядалі. Гэта была інтымная сфера. А выпадкі гларыфікацыі сваіх подзвігаў — далёка не заўжды праўдзівыя. Ну, пра ўсё па чарзе.
Статут ВКЛ 1529 года вызначаў узрост паўналецця для хлопцаў — 18 гадоў, для дзяўчат — 15.
Але гэта не значыць, што адразу жаніліся. Нормай для мужчыны было жаніцца ў 28-31, а для дзяўчыны — 21-23. Часам, канешне, бывала што і ў 15, але зрэдку. Пасля, калі развод ці партнёр памірае (вельмі частая з’ява) другі, трэці, чацвёрты шлюб.
Ажно да 18 ст. шмат дзе ў Еўропе, той жа Англіі, была традыцыя «пакладзінаў». Калі госці на вяселлі ставалі сведкамі першага сэксу маладых. Радзей, але здаралася такое і ў нас. Шляхцянка Марына Мнішэх, якая выйшла замуж за Дзмітрыя Самазванца ў 1605 годзе, сутыкнулася з такой традыцыяй: разам за ёй і мужам у спальню ўвайшлі баяры... Каб стварыць хоць троху інтыму, вакол ложка апусцілі пурпуровыя заслоны.
Шляхціч не заўжды бачыў сваю нявесту перад вяселлем: дарогі дрэнныя, ехаць часта далекавата... Таму яму дасылалі партрэт нявесты, а ёй — ягоны. Пры сустрэчы тварам у твар часцяком здараліся фатальныя расчараванні. Жаніцьба часта была выгадным эканамічным ці палітычным актам. Скажам, бедны шляхціч жаніўся на багатай мяшчанцы. Усе задаволеныя: ёй герб, яму — грошы!
Шлюб часам быў адзіным выратаваннем ад смерці за гвалт над дзяўчынай. За такія рэчы ў нас каралі «горлам» — рэзалі. Але можна было дамовіцца з пацярпелай ды яе сям’ёй і заключыць шлюб. Калі ж дзяўчына была супраць ці замужам — толькі смерць.
Пакаранне «горлам» фармальна было прадугледжана і за здраду — прычым абодвум. Сведкамі на такіх судах маглі выступаць чэлядзь ці слугі. Але ў рэальнасці муж часта сам разбіраўся з праблемай, як лічыў правільным. А шляхціч цаніў свой гонар, таму не спускаў такія рэчы.
Януш Радзівіл у 1600 годзе ажаніўся з Зоф’яй з Алелькавічаў. Тая мела раман з надворным татарынам, нейкім Асмольскім. Ці з вялікіх пачуццяў да жонкі, ці каб трымаць марку і стыль, Януш таго татарына ўтапіў. Калі татарына вялі тапіць, Зоф’я выглянула з акна. Той крычыць: «Ратуй, твой слуга памірае!» А яна ў адказ: «Пасля смачнага кавалку, няблага і вады напіцца».
Жонка Яна Караля Хадкевіча Зоф’я Мілецкая літаральна выносіла мужу мозг. Нібыта той, не вылазячы з вайсковых паходаў, завёў сабе каханку — нейкую маскаліху ў Рызе. Дык той (вялікі гетман літоўскі!) меўся апраўдвацца ў лістах, маўляў, так яго замучыла служба, што не мае часу на «амуры».
Магнаты часам трымалі наложніц пры двары ці нават цэлыя гарэмы. Гэтак казалі пра Яна «Сабепана» Замойскага, Багуслава Радзвіла і нават пра Яна Сабескага, пакуль той яшчэ не пазнаёміўся з каханнем свайго жыцця — Марысенькай, для якой нават алеі высаджваў у форме літары «М». Калі магнат жаніўся, то звычайна выпраўляў дзевак са двара або старанна хаваў паходы «налева».
Былі розныя брутальныя персанажы. Напрыклад, нейкі немец-падарожнік 18 ст. вельмі здзівіўся, калі сустрэў шляхціча, які аб’язджаў палі падчас веснавых прац ды выбіраў сабе найбольш ладную сялянку. Пасля — публічна займаўся з ёй сэксам. Але такія выпадкі нормай не былі, чаму, уласна, гэта і здзіўляла сведак.
Былі і паталагічныя маньякі. Напрыклад, Марцін Радзівіл, які шукаў філасофскі камень, фанацеў па юдаізму, верыў у перасяленне душаў (у наступным жыцці збіраўся стаць сланом). Таксама трымаў у Чарнаўчыцах на сваім двары гарэм, больш падобны на турму: дзеўкі хадзілі галодныя ды ў падраных кашулях. Іх маглі і звязваць, і біць. Калі Марцін ужо ўсіх дастаў, яго самі ж Радзівілы адправілі ў прыватную турму ў Слуцак да іншага маньяка — Гераніма Радзівіла. Добры сюжэт для хорара.
Ну а як! Пры корчмах, лазнях ці ў адмысловых камяніцах, якія называлі «рыцарскія» або «злыя дамы» працавалі прадстаўніцы вечнай прафесіі. Прастытуткай магла стаць нават шляхцянка, застаўшыся без грошай. Увечары прастытутка, а ўдзень — гандлярка, кухарка, нянька для дзяцей. Наймалодшым магло быць нават па 12-16 гадоў. У прафесіі ў сярэднім жанчыны перабывалі па 4-6 гадоў.
Прастытуцыя была афіцыйна забароненая і ў гэтым быў рацыянальны сэнс: бо хваробы. Прыходзіць пасля такога паходу шляхціч дадому і — прыносіць бяду цалкам чыстай здаровай жонцы... Мда. Вядомыя тады былі і сіфіліс, і іншыя інфекцыі. Мікалай Радзівіл Сіротка, напрыклад, прывёз сіфілс пасля вандроўкі па «святых месцах». Таму, панове, акурат хваробы куды больш засцерагалі ад неабдуманых учынкаў, чым мараль або царква.
Складана. Былі розныя знахарскія сродкі або магічныя: наўмысна падкласці ў ложак кавалкі труны, каб справакаваць бясплоддзе. Ведалі ўжо тады перарваны палавы акт. Ці — анальны сэкс. Хоць гэтым апошнім звычайна гідзіліся.
Захавалася гутарка з 1606 года паміж шляхцічам і праваслаўным бацюшкам:
- Маеш жонку?
- Маю, і дзяцінак з ёй 12.
- О, гэта шмат.
- Та-а-ак, было б болей, калі б..
І тут высвятляецца, што бацюшка практыкуе анальны сэкс. Шляхціч ад яго адсунуўся і больш не размаўляў.
Гомасэксуалізмам таксама гідзіліся, хоць вядомы выпадак мінімум пра аднаго прадстаўніка роду Сангушкаў. Плёткі хадзілі нават пра каралевіча Уладзіслава ды некага з радні Яна Сабескага.Зразумела, што лепшымі месцамі для «братняй любові» былі манастыры ды войска. Але падобныя выпадкі старанна прыхоўвалі, не афішавалі.
Знешне сармацкая культура была даволі пурытанскай. Быў выпадак, што аднаму шляхцічу, аматару жывапісу, навезлі з Еўропы карцін з аголенай натурай, дык той загадаў дамаляваць дзеўкам сукенкі. Сітуацыя змянялася паступова, з надыходам барока, а ўрэшце пераламілася ў 18 ст., калі касцёл пачаў здаваць пазіцыі.
Тады ўжо ў дыярушах (дзённіках) сустракаем апісанні пачуццяў ці эратычных сноў. З’яўляецца культура салонаў і балоў, нават маскарадаў. Там ужо дзяўчаты — фантастычныя акторкі — падаюць сігналы веерам або — налепленымі мушкамі на твары. Гэта быў шыфр: мушку ў кутку вока — «я Панам зацікавілася». Крыху вышэй вуснаў — «хачу цалавацца». На шчацэ — «згода». І так далей.
Змяняецца і вопратка. На балах у Гродне ў часы Панятоўскага дзяўчаты ўжо кружыліся ў лёгкіх празрыстых сукенках, чым нагадвалі Венераў, Дыянаў і Псіхеяў. Босыя ногі, сукенка паднятая на правай назе вышэй калена, адкрытыя нічым не аслоненыя грудзі.
Мемуарыст Ахоцкі піша, што бывалі і казусы, асабліва ў танцах: нехта ззаду наступаў на хвост сукенкі, яна звальвалася ды — прымушала дзяўчыну чырванець.
Але гэта ўжо новая французская мода, якую ўвяла каханка Станіслава Аўгуста Панятоўскага маркіза Люлі.
Большасць размоваў пра сэкс у шляхецкім асяроддзі — гэта прагулкі па тонкім лёдзе. Зашмат плётак, дадумак, анекдотаў, якія лічацца «гістарычнымі».
Дакладна ведаем адно: нашы продкі КАХАЛІСЯ. Ды яшчэ як! А шляхта сярод усіх слаёў грамадства мела найбольш дзяцей. Ва ўсім астатнім — людзі як людзі: жывыя, палкія, свае.
Глядзіце гістарычны цыкл «Сармат», дзяліцеся ўражаннямі ў каментарах пад відэа, дасылайце нам свае прапановы і ідэі для наступных выпускаў на электронную пошту thebudzma@gmail.com або ў тэлеграм-бот @BudzmaSuviaz_Bot.
Новыя серыі відэапраекта «Сармат» будуць выходзіць на нашым ютуб-канале штопятніцу. Падпісвайцеся на канал, каб не прапусціць.
Калі вам падабаюцца нашыя відэапраекты і аўтарскія артыкулы, вы можаце падтрымаць рэдакцыю «Будзьмы», набыўшы нам кубачак кавы. Гэта дапаможа нам стварыць больш цікавых відэаролікаў і арыгінальных артыкулаў.