Калі пасядзець на тэматычных форумах і суполках, то бярэ жах ад колькасці тых, хто сапраўды ўзносіць савецкае выхаванне, якое, скажам шчыра,было скіраванае зусім не на развіццё асобы, а на вытворчасць шаблоннага «вартага грамадзяніна». Пры гэтым ад сучасных падыходаў плююцца і крычаць пра «разбэшчванне моладзі». Хто мае рацыю і да чаго, на маю думку, вядзе «найлепшае выхаванне ў свеце»?
Пачнём з таго, што так ужо склалася, што сімптомы савецкага выхавання можна сустрэць паўсюдна. Чаго, напрыклад, каштуе павальнае пасыланне маладзёнаў у любую ці ўмоўна «прэстыжную» ВНУ, абы была корачка, бо гэта «накорміць у жыцці». У маім наваколлі сустракаліся такія гісторыі, прычым часам бацькі нават не давалі магчымасці сваім дзецям паступаць туды, куды тыя сапраўды хацелі, бо, маўляў, непрэстыжна. І ведаеце што? Апроч таго, што ў 80% выпадкаў гэтым дыплом можна карыстаць толькі як падстаўку пад каву, дык некаторым гэта канчаткова ломіць прагу і смак жыцця, і калісьці энергічныя робяцца звычайным абыякавым планктонам з абсалютна побытавымі праблемамі за 500 баксаў у месяц. Ну... Затое з дыпломам і пуцёўкай у Турцыю раз на год, калі пашэнціць. Сапраўды, мара жыцця.
Беларуская магістратура сапраўды не патрэбная
Але ж гэта вяршыня айсберга і яшчэ не самы дрэнны варыянт, што можа чалавеку падараваць савецкае выхаванне. Давайце цяпер з самага пачатку.
А ў пачатку ўсяго стаіць гвалт і нежаданне. Давайце ўспомнім, што ў гэтай сістэме нараджэнне дзяцей — не свабодны выбар, а гвалтоўнае навязванне пад шыльдай «трэба, каб дрэнна не падумалі». Ну і вось 9 месяцаў, нараджаецца «абавязковае» дзіця, якое часам становіцца проста галаўным болем для бацькоў. Але ж трэба зараз выгадаваць, хоць неяк. І нядоўга думаючы такія «абавязковыя» бацькі пачынаюць выкарыстоўваць шаблон, па якім самі ж «людзьмі станавіліся». І тут пачынаецца... Усё, што можа падацца камусьці не надта ціхім, будзе жорстка спыняцца, з крыкамі і стукамі. «Балаваць» нельга і не надта хочацца марнаваць грошы, таму вельмі абмежавана, і тое зрэдку.
Потым першы раз у першы клас, дзе яшчэ больш працуе гэтая прыўкрасная сістэма, што тут увогуле рэкамендавана міністэрствам. Вось тут пачынаецца самая жорсткая ломка, што часцяком бацькамі толькі вітаецца, бо нарэшце кудысьці запхалі яго, а па-другое — трэба ж слухаць, што кажуць школьныя супрацоўнікі! Ну і апошнім штрыхом становіцца ВНУ, дзе часам падыходы яшчэ больш зневажальныя, чым у той жа школе.
Адзіны выпадак, калі настаўнік можа мацюкацца на вучня
Такім чынам, магчыма перспектыўнае дзіця становіцца сярэднім супрацоўнікам на нелюбімай працы з нізкім заробкам і дыпломам у сметніцы.
Ці можна гэта назваць шчаслівым жыццём? Нешта мне здаецца, што такое не задавальняе шмат каго, толькі вось лічаць, што ўжо позна нешта змяняць.
А што пра сучасныя падыходы? Ну, у параўнанні з саўком тут проста кашмар і разбэшчванне!
Па-першае, тут на першым месцы стаіць тэза, што дзіця — найперш асоба, і менавіта таму ў выхаванні трэба зыходзіць з той жа павагі, якую б хацеў сабе. Таму гвалт у любым выглядзе недапушчальны. Ужо нешта не так для апалагетаў савецкага падыходу. А калі яшчэ сюды дадаць прыярытэт адносна таго, што дзіцяці сапраўды падабаецца, падладжванне пад яго ўменні, прыманне яго жыццёвага выбару і павага меркаванняў, інтарэсаў і дзейнасці, то пасля папярэдняга гэта сапраўды разбэшчванне і шок!
Шмат нашых «традыцыяналаў» кажа пра высокую якасць савецкага выхавання, але ж давайце будзем шчырымі: прадстаўнікі постсавецкай прасторы ў большасці выпадкаў выдзяляюцца як раз адсутнасцю этыкету, развітасці, але пры гэтым баяцца мець сваё, магчыма, адрознае меркаванне і зусім не схільныя да крытычнага мыслення і плюралізму. І што мае «разбэшчаная» Еўропа, а што адбываецца ў нас? Вядома, усе не будуць ідэальнымі ў любым разе, заўсёды будуць гопнікі і інтэлектуалы, але ж менавіта сучасны падыход дае людзям права самім абіраць тое, што яны хочуць ад жыцця, а не адпрацоўваць нумар свайго дзяржаўнага абавязку пад назвай «жыццё грамадзяніна». Галоўнае не асабліва пасля пенсіі пажыць, каб не абцяжарваць дзяржаву плаціць табе, і тады ўвогуле будзе казка!
Дык што мы абяром для сябе і будучыні — цемрашальства і гвалт альбо сучаснасць, свабоду выбару і індывідуалізм?
Лаймуціс Сакалоў, budzma.by
У якасці ілюстрацыі карціна І.А. Ціхага "Прыём у піянеры", 1953 год.
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!