19 красавіка ў Магілёве адбыўся сумесны канцэрт гуртоў Sciana, John Doe і Akute. Месцам правядзення быў абраны клуб “Куба”, звычайнае для такіх мерапрыемстваў месца.
Тое, што магілёўцы знудзіліся па вялікіх канцэртах сучасных беларускіх рок-зорак, стала зразумела яшчэ за межамі клуба: нягледзячы на тое, што пачатак мерапрыемства быў заяўлены на 17.30, праз гадзіну пасля гэтага ў вестыбюлі таўклася велізарная чарга з ахвочых. Таму дзея мусіла пачацца толькі бліжэй да 19.00. І ёсць падазрэнне, што адбыўся аншлаг.
Тыя ж, каму пашчасціла трапіць усярэдзіну, цярпліва чакалі. І, трэба сказаць, былі з лішкам узнагароджаныя тым, што неўзабаве пачало адбывацца на сцэне.
Распачаў канцэрт гурт Sciana. Нягледзячы на тое, што хлопцы ўжо даўно і трывала вядомыя па ўсёй Беларусі, у Магілёве яны выступалі першымі, як цяпер модна гаварыць, “на разагрэве”. Але гэта аказалася простай умоўнасцю. Музыкі з першых жа песень здолелі “завесці” гледачоў, якія, як выявілася, добра знаёмыя з творчасцю берасцейскага гурта.
Намінальным хэдлайнерам вечара быў заяўлены гурт Akute (прынамсі, іх назва на афішы была надрукаваная самымі вялікімі літарамі). Але калі на сцэне з’явіўся фронтмэн John Doe у акрываўленай кашулі, пачалі ўзнікаць сумневы на конт таго, на каго ж насамрэч прыйшлі паглядзець людзі. Заўзятараў значна пабольшала, месца пачало не ставаць, сярод танцпляцу ўзнік хлопец з вялізным драўляным крыжам у руках – і пачалося…
Няма сэнсу апісваць тое, што адбывалася на сцэне. Тыя, хто бачыў John Doe у справе, усё разумеюць. Тым жа, хто ніколі не прысутнічаў на такіх мерапрыемствах, раім проста калі-небудзь наведаць выступ гэтага гурта. Хаця б адзін раз. Вам неабавязкова спадабаецца (у кожнага свой густ), але запомніце вы гэта надоўга.
Усе песні публіка спявала разам з музыкамі (а трэба сказаць, некаторыя з кампазіцый пабудаваныя даволі складана, і трэба яшчэ пастарацца, каб усё запомніць, а потым паўтарыць). Пасля заканчэння сэта гледачы яшчэ дога скандавалі: “John Doe!”, не жадаючы адпускаць гурт дадому. Але неўзабаве падышоў час “Акутаў”…
Калі назіраць за тым што адбывалася падчас мерапрыемства, магло скласціся ўражанне, што John Doe арганізавана, як футбольных фанатаў на аўтобусах, прывезлі на канцэрт сваіх заўзятараў, якія кудысьці зніклі адразу пасля іх выступу. Затое аднекуль бліжэй да сцэны пацягнуліся з усіх бакоў зусім іншыя постаці ў зусім іншым абліччы, скопішча якіх у адным месцы можа азначаць толькі адно: дзесьці паблізу Akute. І хутка пачне граць. Трэба сказаць, што апошнія не прымусілі сябе доўга чакаць і, з літасцівай усмешкай пажурыўшы слухачоў за любоў да гурта John Doe, распачалі сваю дзею. Даволі хутка дзяўчаты ўпалі ў экстаз, і падступная мэта музыкаў была дасягнутая.
У выніку ўсе засталіся задаволеныя. Кожны меў магчымасць атрымаць тое, што хацеў, балазе стылістычная рознаскіраванасць гуртоў, якія выступалі, гэта дазваляла. Прычым нягледзячы на гэта, вечар атрымаўся даволі цэльным і нават утульным. Кожны з трох калектываў выбухнуў даволі моцна, і хочацца спадзявацца, што пераборлівая магілёўская калямузычная тусоўка, падымаючы каўняры і разыходзячыся ў халодны дажджлівы красавіцкі вечар, думала пра падзеі, якія кожны з іх асобна і ўсе разам перажылі за апошнія некалькі гадзін. Карацей, было цёпла. І ніякае дрэннае надвор’е не здолела гэта сапсаваць.
Арцём Іваноў
Фота: Марыя Гілёва