Аляксей Гайдукевіч піша пра лёс секеяў — народа, які пражывае на тэрыторыі Трансільваніі і які здолеў захаваць сваю мову і нацыянальую ідэнтычнасць нягледзячы на эканамічны і культурны ціск. Вельмі верагодна, што секейскія карані меў Стэфан Баторый.
Цікавячыся гісторыяй еўрапейскіх народаў, можна лёгка пераканацца, што нават у наш час устойлівыя і сталыя межы народаў і дзяржаваў — гэта вялікі міф. На працягу сотняў год з’яўляліся новыя дзяржаўныя ўтварэнні, знікалі альбо нараджаліся народы ў выніку асіміляцый альбо аб’яднанняў, мудрагелістых саюзаў у розных канфігурацыях.
Сучасныя працэсы ў нашай краіне сведчаць пра тое, што цягам жыцця двух—трох пакаленняў народ можа амаль цалкам забыцца на мову дзядоў і змяніць культурны код.
Чым небяспечныя такія працэсы — лёгка ўбачыць на прыкладзе лёсу сербалужычанаў. Якія спачатку забыліся на мову продкаў, а зараз знаходзяцца ў стадыі канчатковага этапу асіміляцыі. У большасці маюць падвойную самаідэнтыфікацыю, без надзеяў нават на культурную аўтаномію ў межах Нямеччыны.
Супрацьлеглая сітуацыя склалася ў Ірландыі. Пасля сотняў год фактычнага вынішчэння народа і традыцый, нацыя здолела здабыць незалежнасць, страціўшы частку тэрыторыі і пераняўшы мову акупантаў.
У сваю чаргу баскі бачаць шлях да незалежнасці праз адраджэнне цікаўнасці да роднай мовы.
А адзін з самых нешматлікіх славянскамоўных народаў — македонцы, знаходзячыся ў агрэсіўным атачэнні, здолелі развіць уласную культуру і замацаваць назву краіны, фактычна «запазычыўшы» яе ў грэцкай правінцыі.
Яшчэ некалькі народаў у Еўропе знаходзяцца на розных стадыях канчатковага заняпаду і знікнення з этнаграфічнай мапы назаўжды, альбо на шляху да аўтаноміі ці незалежнасці, нацыянальна-культурнага ўздыму рознай ступені.
Адзін з іх — вельмі загадкавы, які некаторыя даследчыкі лічаць субэтнасам вугорцаў.
Гэта секеі (цяпер менш за 700 тыс.), якія жывуць у румынскай Паўднёвай Трансільваніі. Тэрыторыя рассялення гэтага народа за апошнія 100 год значна скарацілася. І такім чынам, край апынуўся канчаткова адрэзаны ад Вугоршчыны.
Тым не менш секеі здолелі захаваць уласную самасвядомасць і зберагчы мову — вугорскую з вялікай колькасцю асаблівасцей.
Не лішнім будзе адзначыць, што Стэфан Баторый — вялікі князь літоўскі і кароль польскі, верагодней за ўсё, меў секейскія карані. Хаця і лічыцца, што на троне князя трансільванскага ён прадстаўляў вугорцаў паўночнай часткі гэтага рэгіёна.
Ад стэпаў да Трансільваніі
Можа падацца, што секеі не з’яўляюцца нейкім асобным народам, а толькі адрэзанай ад Вугоршчыны выспай сярод румынскай тэрыторыі. Тым больш, што вялікая колькасць насельніцтва Паўднёвай Трансільваніі адзначае сваю вугорскую самасвядомасць, а секейскую толькі як паходжанне і рэгіяналізм.
Але насамрэч з гэтым не ўсё так проста. І з самасвядомасцю, і з моваю, і з «выспаю». Увогуле, як і з усёй гісторыяй секеяў і рэгіёна.
Трэба адзначыць, што агульнапрызнанай гістарычнай тэорыі паходжання народаў у гэтай частцы Еўропы не існуе дасюль. Можна сказаць, што ў кожнага этнаса ёсць свая версія.
Таму нельга адназначна прыняць пэўную пазіцыю і абапірацца толькі на яе.
Хіба вугорскія і румынскія гісторыкі пагаджаюцца толькі ў адным меркаванні, што секеі з’явіліся на тэрыторыях ад сучаснай Букавіны да захаду Трансільваніі раней за народы, якія стварылі Вугоршчыну.
Хутчэй за ўсё, гэта была стракатая мяшанка з розных рода-пляменных групаў, якая займалася качавой жывёлагадоўляй. Традыцыі ў секеяў маглі адрознівацца і несці ў сабе ў розных ступенях элементы вугорскія і цюркскія.
З заснаваннем Вугоршчыны секеі, частка якіх працягвала весці качавы лад жыцця, сталі выконваць функцыі па абароне з поўдня вугорскіх земляў.
Секеі захоўваюць стэпавыя традыцыі продкаў
Па версіі румынскіх гісторыкаў, яны ў асноўным рабавалі мясцовае насельніцтва і паступова на стала засялялі Паўднёвую Трансільванію, асімілюючы мясцовых сялянаў.
У XI ст. пасля хрышчэння Вугоршчыны і абвяшчэння каралём Іштвана І, секейскія руны замянілі на лацінскія літары. Але рунічную традыцыю вугорцы захоўваюць і зараз, менавіта дзякуючы секеям, якія выкарыстоўвалі руны нават у друкаваных выданнях.
Секейскія руны ў касцёле мясцовасці Эльнака ў Трансільваніі. Фота: bagyinszki.eu
У 1438 годзе быў створаны Саюз трох народаў. Гэта было пагадненне паміж вугорскай шляхтай, саксонскімі рамеснікамі-месцічамі і секеямі-вольнымі ваярамі дзеля агульнай абароны земляў Паўднёвай Трансільваніі ад асманаў і ўнутраных бунтаў сялянаў-румынаў.
Такім чынам, была замацаваная «суб’ектнасць» секеяў.
Менавіта ад гэтага перыяду, хутчэй за ўсё, секеі цягам некалькіх стагоддзяў страцілі рэшткі «стэпавай» самасвядомасці, а мова пазбавілася большасці цюркізмаў, мадзярызавалася.
Нягледзячы на змены межаў, шматлікія войны і падпарадкаванне Трансільваніі розным манархам, Саюз трох народаў і рэлігійная талерантнасць паміж каталікамі, пратэстантамі і ўніятамі праіснавалі да пачатку ХХ ст. Пасля нацыянальнага ўздыму румынскага народа, абвяшчэння незалежнасці, Першай сусветнай вайны, у якой Аўстра-Вугоршчына пацярпела паразу, вугорцы і секеі былі выключаны з мясцовых органаў Трансільваніі як нашчадкі прыгнятальнікаў. А край быў далучаны да новапаўсталага Каралеўства Румынія.
Далучаныя да Румыніі
Румынскія ўлады з 1920-х гадоў праводзілі эканамічны і культурны ціск на вугорцаў і секеяў у Трансільваніі. Нягледзячы на супраціў, была праведзеная зямельная рэформа на карысць румынскага насельніцтва, улады намагаліся пазбаўляцца ад вугорскай мовы ў дзяржаўных і адукацыйных установах.
Такая палітыка прывяла да істотнай міграцыі на поўнач вугорцаў і секеяў, хаця эканамічнае становішча ў Вугоршчыне было горшым, чым у Румыніі.
Пасля Другой сусветнай вайны дзеля захавання лаяльнасці вугорскага насельніцтва румынскія камуністы абвясцілі аб стварэнні ў Трансільваніі аўтаноміі з дзвюма афіцыйнымі мовамі. Адначасова ў рэгіён, разам з індустрыалізацыяй, пачалася масавая міграцыя з іншых частак Румыніі.
А пасля паразы антыкамуністычнага паўстання ў Будапешце ў 1956 годзе аўтаномія і статус вугорскай мовы ў Трансільваніі былі скасаваныя.
Цягам некалькіх дзесяцігоддзяў былі зачыненыя большасць школаў, вугорскі ўніверсітэт у Клужы перавялі на румынскую мову навучання.
Фактычна адбывалася зваротная асіміляцыя.
Але секеі не збіраліся скарацца. Як вынік, пасля падзення камуністычнага рэжыму Чаўшэску, у 1990 годзе ў найбуйнейшым горадзе Секейскага краю адбыліся міжэтнічныя сутыкненні. Новыя румынскія ўлады былі вымушаныя ўвесці ў горад войска.
Фота: media.szekelyhon.ro
Але секеі пры дапамозе ўрада ў Будапешце здолелі дамовіцца з цэнтральнымі ўладамі Румыніі. І ў 1995 годзе вугорскія ўлады падпісалі дамову аб супрацоўніцтве з румынамі, якая прадугледжвае адмову ад узаемных тэрытарыяльных прэтэнзіяў, павагу правоў нацыянальных меншасцей.
На шляху да аўтаноміі
У апошнія 20 год культура секеяў вельмі папулярная ў Вугоршчыне. Вугорцы захапляюцца не толькі захаванымі секеямі рунамі, традыцыйнымі коннымі спаборніцтвамі і моўнымі асаблівасцямі, але і непахіснай пазіцыяй секеяў, якія не выракліся культурнай спадчыны продкаў і захавалі мову і самасвядомасць насуперак ціску румынскіх уладаў.
Нягледзячы на вонкавую стабільнасць, міжэтнічныя ўзаемаадносіны ў рэгіёне могуць стаць сапраўднай бомбай. Бо як Будапешт, так і Бухарэст успрымаюць секеяў як элемент уздзеяння адзін на аднаго.
У румынаў апошняе дзесяцігоддзе змянілася тактыка ў спробах вырашэння праблемы сепаратызму секеяў. Цяпер цэнтральныя ўлады падкрэсліваюць не толькі факты мадзярызацыі румынскага насельніцтва да ХІХ ст. у Трансільваніі, але і этнічныя і моўныя адрознасці секеяў ад вугорцаў.
Але ў параўнанні з адбудовай за кошт вугорскіх фондаў школ, касцёлаў, культурных цэнтраў, стадыёнаў, раздачай пашпартоў, намаганні Бухарэста выглядаюць марнымі.
Секейскі сепаратызм сёння будуецца не толькі на культурнай і моўнай адметнасці. Вугорцы добра разумеюць, што неабходна ствараць структуры, паралельныя дзяржаўным, па ўсіх напрамках.
Напрыклад, вялікія грошы фундатары з Вугоршчыны ўкладаюць у спорт.
Фота: transylvanianow.com
Прафесійныя футбольныя і хакейныя клубы з Секейскага краю выступаюць не толькі ў румынскіх спаборніцтвах. Футбалісты Sepsi OSK ужо ўдзельнічалі ў еўракубках, хакейныя клубы спаборнічаюць з мацнейшымі камандамі Балканскага рэгіёна.
***
Такая ўсебаковая і мэтанакіраваная праца, разам з прынцыповай пазіцыяй секеяў, моцным культурным і палітычным рухам у краі даюць плён. Нягледзячы на сталыя абвінавачанні ў сепаратызме, секеі ўпарта крочаць да аўтаноміі.
Пакуль іхнія памкненні не знайшлі прызнання на міжнародным узроўні, хаця неафіцыйны сход прадстаўнікоў органаў мясцовай улады і абвясціў аўтаномію ў 2009 годзе, а таксама надаў афіцыйны статус вугорскай мове на рэгіянальным узроўні.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.org