Аляксей Гайдукевіч піша на budzma.org пра лёс лужыцкіх сербаў і заняпад сербалужыцкай мовы і ідэнтычнасці і праводзіць паралелі з беларускай сітуацыяй.
У дыскусіях пра ролю беларускай мовы і пытанні яе ўплыву на працэсы ў краіне неаднаразова даводзілася чытаць і чуць пра суіснаванне моваў у Швейцарыі ці заняпад кельцкай мовы ў Ірландыі. Што не перашкаджае ірландцам і швейцарцам жыць заможна і быць аднымі з самых пазнавальных нацыяў у свеце.
На жаль, ва ўсіх падобных прыкладах ёсць шмат недахопаў, якія не дазваляюць у поўнай меры суадносіць іх з беларускай сітуацыяй. Гэта і зусім іншы гістарычны кантэкст, і рэгіянальныя асаблівасці.
Чытаць па тэме: Ірландскую мову чакае лёс беларускай?
Нашмат бліжэй беларусам, і геаграфічна, і ментальна — прыклад сітуацыі з мовай лужыцкіх сербаў.
Гэта славянскамоўны народ, які не першае тысячагоддзе жыве на мяжы сучасных Германіі і Польшчы.
Ягоны лёс, сучаснае становішча і гісторыя заняпаду мовы даводзіць, што ад адмовы ад сваіх каранёў да знікнення нацыянальнай свядомасці народ можа аддзяляць усяго адзін крок.
Трагічная гісторыя Горных і Ніжніх Лужыц
Гісторыя лужыцкіх сербаў — гэта сталая барацьба за выжыванне і захаванне ідэнтычнасці ў варожым атачэнні.
Першымі вядомымі захопнікамі былі германскія князі ў VIII стагоддзі. На лаціне гэтыя землі ў той час называлі Limes Sorabicus, што даслоўна перакладаецца як «сербскія межы». Такая назва была абумоўленая знаходжаннем гэтых тэрыторыяў на ўсходніх межах валоданняў Усходне-Франкскага каралеўства, а пазней Святой Рымскай імперыі. У 965 годзе насельніцтва Лужыц узняла першае буйное вядомае паўстанне, у выніку якога германскія валадары на некалькі год цалкам страцілі кантроль над гэтым краем.
У XI стагоддзі на 30 год сербалужычане трапілі пад уладу польскага князя Баляслава Хробрага. Але гэты «славянскі перыяд» быў настолькі кароткі, што не мог кампенсаваць германізацыю тэрыторый, як культурную, так і фізічную.
У выніку перасяленняў на землі сербаў германскіх сялянаў і рамеснікаў ужо на пачатку XIV ст. у сённяшніх Лейпцыгу і Цвікау сербалужыцкая мова была забаронена для ўжытку.
Славянскі арэал увесь час змяншаўся і «ссоўваўся» ўсё далей на ўсход.
Нягледзячы на стагоддзі германізацыі, сербалужыцкая культура і мова імкнуліся прабівацца праз нямецкія ўплывы. Галоўным інструментам у тыя часы была рэлігія.
Яшчэ ў XIII стагоддзі ў горадзе Баўтцэн (Будышыне) у касцёлах служылі сербалужыцкія клірыкі. А ў 1574 годзе былі выданыя першыя кнігі на мове мясцовых славянаў — рэлігійныя гімны і пераклады твораў Марціна Лютэра.
Прысяга жыхароў Баўтцэна на сербалужыцкай мове 1530 г.
Трэба адзначыць, што ў выніку шматлікіх войнаў і перадзелаў сербалужычане не толькі вынішчаліся фізічна, страчвалі свае землі, гублялі ідэнтычнасць. Лужыцкі край увесь час фактычна разрывалі на дзве паловы спачатку брандэнбургскія і саксонскія валадары, а потым Прусія і Аўстра-Венгрыя.
Такім чынам сфарміраваліся дзве часткі Лужыц — Горныя і Ніжнія, з умоўнымі цэнтрамі ў Баўтцэне і Котбусе, з рознымі рэлігійнымі і моўнымі асаблівасцямі.
«Вясна народаў» XIX ст. таксама пакінула адбітак у сербалужыцкай культуры. У сярэдзіне стагоддзя пачалі выдавацца перыядычныя выданні, праходзіць фальклорныя фестывалі, спартыўныя спаборніцтвы, у Баўтцэне было створана навукова-культурнае таварыства Macica Serbska.
Можна сказаць, што гэта былі «апошнія спробы» супрацьстаяння германізацыі, якая ціснула на насельніцтва Лужыц індустрыяльнай рэвалюцыяй і ўрбанізацыяй.
Фактычна сербалужыцкая мова і самасвядомасць у той час захаваліся толькі ў вясковых жыхароў. З тых часоў вядомая мясцовая прымаўка Ze serbskeju recu njepsizos razka do mesta («з сербскай мовай да горада не дойдзеш»).
Ад моўнай катастрофы да нямецкай самасвядомасці
Зараз апошнія свае гады дажываюць сербалужычане, якія яшчэ маглі чуць родную мову ў сваіх сем’ях. Спецыялісты лічаць, што ўжо ў 1920-х гг. мова славянаў у Ніжніх Лужыцах была толькі «дадаткам» да нямецкай.
Рэдактар ніжнелужыцкага выдання Nowy casnik у інтэрв’ю польскаму парталу падкрэслівае:
«Яшчэ да вайны бацькі гэтага пакалення звычайна лічылі, што ў будучыні іх дзецям было б лепш спачатку навучыцца размаўляць па-нямецку. Яны думалі, што нямецкая мова паспрыяе іх сацыяльнаму прасоўванню».
Ужо ў 1950-я ў Лужыцах пачалі здабываць буры вугаль, што толькі паскорыла працэсы дэнацыяналізацыі сербалужычан, на якіх пачала ціснуць яшчэ і новая хваля эканамічных нямецкіх мігрантаў.
Калі на той момант колькасць сербалужычан налічвала амаль 200 тысяч, праз 40 год гэта лічба ўжо зменшылася да 90 тысяч.
Нашчадкі тых пакаленняў, якія чулі родную мову ў сем’ях, але не перадалі яе дзецям і ўнукам, ужо ў большасці сваёй маюць выключна нямецкую свядомасць.
Яшчэ іхнія бацькі адчувалі этнічную розніцу, бо для немцаў яны заўжды былі «чужынцамі». Але дома яны не размаўлялі на лужыцкай. Наадварот, мелі страх, што калі перадаць дзецям родную мову — яны не стануць «сваімі» ў соцыуме.
Чытаць па тэме: Ці падыходзіць моўная мадэль Швейцарыі для Беларусі?
Яшчэ большыя страты Лужыцы панеслі пасля аб’яднання ФРГ і ГДР. Як з тэрыторый, прыяднаных пасля Другой сусветнай вайны да Польшчы, у 1990-я гады сербалужычане масава выязджалі ў заходнія гарады аб’яднанай Германіі.
На сённяшні момант, па розных звестках, колькасць сербалужычан вагаецца ад 20 да 60 тысяч. І нягледзячы на спробы мясцовых уладаў спрыяць развіццю культуры і мовы, выкладанне ў школах, тэндэнцыя хутчэй адмоўная.
Як адзначае рэдактар Nowy casnik: «Многія людзі ці то ў школе, ці то праз цікавасць да ўласных каранёў вывучылі мову. І цяпер можна сказаць, што яны належаць да лужыцкай супольнасці, але ступень валодання мовай моцна адрозніваецца. Адсюль і недакладная колькасць сербалужычанаў. Многія людзі ведаюць лужыцкую мову пасіўна і разумеюць яе, але не могуць на ёй размаўляць. Таму спецыялістам цяжка класіфікаваць такіх людзей».
Чытаць па тэме: Шлях ад «тутэйшых» да сучаснай нацыі з запатрабаванай культурай
Менавіта заняпад мовы і культуры спрычыніліся да такой з’явы, як «падвойная самасвядомасць» у лужычанаў, якую можна назіраць па ўсім еўрапейскім кантыненце — ад Краіны Баскаў да Беларусі і Украіны: «Чым больш занепадаюць традыцыйная сербалужыцкія культура і мова, тым больш мясцовыя жыхары ўспрымаюць сябе як рэгіянальны варыянт нямецкай ідэнтычнасці.
Большасць нашчадкаў лужычан не адчуваюць сваёй прыналежнасці да якой-небудзь этнічнай групы, акрамя нямецкай. Гэтыя людзі не ведаюць мовы сваіх продкаў, і сербалужыцтва становіцца толькі рэгіянальнай асаблівасцю.
Часам гэта суправаджаецца веданнем сямейнай гісторыі — напрыклад, прабабуля размаўляла толькі на лужыцкай мове. Некаторыя нават ведаюць некалькіх асноўных фразаў, вывучаных у школе...
Такія людзі лічаць сябе звычайнымі немцамі з «лужыцкімі асаблівасцямі».
Страты могуць быць нашмат істотнейшымі
Народы, што адмаўляюцца ад сваіх каранёў, у выніку страчваюць не толькі свае ідэнтычнасць і самастойнасць. «Адарванасць» ад зямлі адбіваецца ў тым ліку на сацыяльных сувязях.
Такімі грамадствамі нашмат прасцей маніпуляваць, яны могуць станавіцца аб’ектамі для ўплываў знешніх геапалітычных гульцоў.
У выніку выхавання ў «падвойнай ідэнтычнасці» наступныя пакаленні жыхароў такіх тэрыторый не дбаюць аб сваім краі, вельмі лёгка з’язджаюць.
Нездарма на такіх землях занепадаюць экалогія і эканамічнае жыццё. Бо людзі — галоўны рэсурс краіны, а арганізаваныя і матываваныя народы можна параўнаць з золатам.
Нездарма Лужыцы, а таксама блізкая да іх зараз польская Сілезія сутыкнуліся з дэмаграфічнай катастрофай. Новыя пакаленні сёння не маюць повязяў з уласным краем. Бо сербалужычане страцілі сваю нацыянальную свядомасць. А сённяшнія жыхары Сілезіі — гэта сімбіёз з рэштак сілезцаў (народа, які амаль згубіў уласную мову і ідэнтычнасць) і пасляваенных польскіх перасяленцаў з захаду Украіны, Беларусі і Усходняй Польшчы. Гэтыя людзі таксама не маюць асаблівай сувязі з краем, дзе нарадзіліся і выраслі.
Таму не толькі эканамічныя працэсы ёсць прычынамі паступовага заняпаду гэтых тэрыторый.
Падобная сітуацыя складваецца і ў Беларусі. І калі сербалужычанам і сілезцам губляць ужо амаль няма чаго, у беларусаў страты могуць быць нашмат істотнейшымі.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.org