«Народная воля» працягвае публікаваць фрагменты з кнігі «250 асоб з Беларусі ў дыялогах культур». Гэтым разам аповед пойдзе пра навукоўца, тэарэтыка артылерыі і піратэхнікі, гуманіста — Казіміра Семяновіча.
Дакладнае месца нараджэння К.Семяновіча невядома. Шырока распаўсюджана версія аб паходжанні яго з роду дробных князёў, якія валодалі землямі на Віцебшчыне. На тытульным аркушы сваёй кнігі К.Семяновіч называе сябе «шляхціцам літвінам» і змяшчае гравюрную выяву з гербам «Астоя».
Герб «Астоя»
Не вядома, дзе К.Семяновіч атрымаў дасканалую адукацыю. Настойліва вывучаў матэматыку, фізіку, хімію, архітэктуру (фартыфікацыю), асвоіў разьбу па дрэве, метале, адліўку гармат з металаў.
Ён быў удзельнікам бітвы войска Рэчы Паспалітай з татарамі пад Ахматавам 30 студзеня 1644 года. У 1645 годзе браў удзел у аблогах гарадоў войскамі Фрыдрыха Генрыха Аранскага падчас Трыццацігадовай вайны (1618–1648) у Еўропе.
З 1646 года К.Семяновіч знаходзіцца на сталай прыдворнай службе ў якасці вайсковага інжынера, а з 1648-га прызначаецца намеснікам начальніка артылерыі Каралеўства Польскага. Браў удзел у ваенных кампаніях супраць казакоў. Але ў хуткім часе выходзіць у адстаўку ў званні генерал-лейтэнанта польскай артылерыі і атрымлівае дазвол выехаць у Нідэрланды.
У Амстэрдаме К.Семяновіч змог нарэшце завяршыць галоўныя свае працы па артылерыі, заснаваныя на ўласным вопыце і шматлікіх літаратурных і навуковых крыніцах. У 1650 годзе ён выдаў першую частку кнігі «Вялікае мастацтва артылерыі» (Artis Magna Artilleriae Pars Prima), якая ўключала 304 старонкі тэксту, 22 табліцы, шматлікія малюнкі, зробленыя самім даследчыкам.
Artis Magna Artilleriae Pars Prima
Праца падзяляецца на пяць частак. У раздзелах першай часткі выкладаюцца метады класіфікацыі гармат і ядраў у залежнасці ад калібру, выкарыстаных матэрыялаў, агульных памераў, вагі. Другая частка прысвечана сродкам і матэрыялам, якія выкарыстоўваліся ў піратэхніцы, — салетры, пораху, іх захаванню. Найбольш цікавай з’яўляецца трэцяя частка, прысвечаная характарыстыцы розных тыпаў ракет, спосабаў іх вырабу, прыстасаванням, неабходным для такой працы. Асобна апісваюцца ракеты паветраныя, водныя на лінах. Чацвёртая частка прысвечана ўласна піратэхніцы. У пятай частцы разгледжаны розныя механізмы, прыстасаванні, вынаходніцтвы, прызначаныя для складаных піратэхнічных і ваенных мэтаў.
Кніга была перакладзена на нямецкую, англійскую, польскую, дацкую мовы. Яна актыўна выкарыстоўвалася вучонымі, тэарэтыкамі і практыкамі артылерыйскіх і піратэхнічных навук.
К.Семяновіч падрыхтаваў да друку і другую частку сваёй працы, аднак выдаць яе не паспеў. Захаваліся толькі звесткі пра існаванне такога рукапісу ў бібліятэцы артылерыйскага музея ў Пецярбургу.
Абставіны смерці К.Семяновіча невядомыя. Не выключана, што смерць магла быць звязана з яго піратэхнічнымі працамі і інжынернымі пошукамі або з удзелам у ваеннай кампаніі.
Не выяўлены і партрэты К.Семяновіча. Паводле сведчання гісторыка польскай літаратуры Ф.Бянтоўскага, у бібліятэцы Варшаўскага ліцэя знаходзіўся бюст К.Семяновіча, упрыгожаны каляровай стужкай і ордэнскай зоркай.