Падарожнікі па беларускіх вёсках выправіліся ў вёску каля магілы знакамітага мастака, фалькларыста і пісьменніка XIX стагоддзя — Язэпа Драздовіча. Там іх чакала цікавая сустрэча, піша тэлеграм-канал «Вёскі Беларусі».
«Мы ехалі па вёсцы, калі заўважылі калодзеж, выраблены з камня і прыпыніліся, каб паглядзець. Насупраць, у сваім двары стаяла бабуля, да якой мы накіраваліся, каб спытаць хто зрабіў такую прыгажосць. Бабуля пачала распавядаць пра суседа, а мы ёй распавялі, што едзем на магілу Драздовіча. І што вы думаеце? Праз 10 хвілін размовы Мальвіна Браніславаўна (так, мы пазнаёміліся) раптам кажа „Хадзіце, я вам пакажу Язэпа Драздовіча шкаф“. Мы нават аслупянелі», — пішуць аўтары пабліка.
У хаце — размаляваная Драздовічам шафа. На кожнай дзверцы яго подпіс. Па словах Мальвіны Браніславаўны, яе ўжо хацелі набыць, але сын не хоча прадаваць сямейную каштоўнасць. А таксама распавяла, як яна мые шафу, каб не пасціраліся фарбы.
Працаваў тады Язэп Драздовіч за ежу. У вёсцы шмат у каго былі ягоныя дываны, абрусы ці шафы. Куды цяпер усё падзелася — бабуля не ведае.
«Мы проста прыпыніліся і паразмаўлялі з бубуляй. Цуд».