Новыя маршруты зараз працуюць у тэставым рэжыме, а адміністрацыя замка збірае пра іх водгукі на сайце, піша Times.by.

Нясвіжскі замак. Фота: Аляксей Мацюшкоў, Times.by
Два новыя эксклюзіўныя экскурсійныя маршруты па раней недаступных лакацыях адкрыліся па просьбах для наведвальнікаў у Нясвіжскім замку.
Штогод знакамітую рэзідэнцыю Радзівілаў наведваюць больш за паўмільёна турыстаў, таму запуск новых маршрутаў дазваляе не толькі пераразмеркаваць гіганцкія патокі гасцей, але і мінімізаваць фізічную нагрузку на старажытнае архітэктурнае збудаванне.
Пра гэта ў эфіры СТВ распавёў загадчык сектара Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж» Аляксей Буднік.
Першы маршрут пралягае праз падземны ход XVI стагоддзя з цудоўна захаванымі абарончымі ўмацаваннямі, а другі праходзіць па адкрытай частцы бастыёнаў, адкуль адкрываюцца маляўнічыя панарамныя віды на замкавыя паркі і сажалкі.
Працягласць кожнага маршруту складае прыкладна 20–30 хвілін. Пакуль экскурсіі праводзяцца без гіда і працуюць у тэставым рэжыме.