Мастак Уладзіслаў Стальмахоў памёр 26 жніўня. Наколькі вядома, прычынай стала вострая сардэчная недастатковасць — хуткая не паспела яго выратаваць, піша «Наша Ніва».
Уладзіслаў Стальмахоў
«Чарговая трагедыя. Не стала выбітнага беларускага мастака Уладзіслава Стальмахова, які апошнім часам жыў пад Варшавай», — напісаў у сваім фэйсбуку пісьменнік і журналіст Алесь Аркуш.
Уладзіслаў Стальмахоў нарадзіўся ў 1970 годзе.
Скончыў Мінскі радыётэхнічны інстытут. Падчас вучобы працаваў мастаком-афарміцелем і паралельна атрымліваў прафесійную мастацкую падрыхтоўку.
Ужо з 1991 года Стальмахоў удзельнічаў у неафіцыйных мастацкіх выставах у Мінску і Віцебску. З канца 1990‑х пачаў актыўна выстаўляцца персанальна. Яго працы паказвалі ў Беларусі, Германіі, Люксембургу, Швейцарыі, Даніі, Швецыі, Расіі, а пазней і ў Польшчы ды Францыі. На яго рахунку больш за два дзясяткі персанальных выстаў.
Стальмахова часта называюць мастаком-прымітывістам, але гэта азначэнне толькі часткова апісвае яго. Ён свядома карыстаецца мовай наіўнага мастацтва: парушае рэалістычныя прапорцыі, не імкнецца да правільнай перспектывы, робіць чалавека падобным на персанажа казкі ці гарадскога фальклору.