2014 год жыхарам в. Восава Салігорскага раёна Мінскай вобласці абавязкова прынясе дабрабыт, шчасце, здароўе, бо Шчодры вечар прайшоў тут весела! Гурт шчадроўнікаў, да прыходу якога восаўцы рыхтаваліся старанна – ладзілі святочныя сталы ў сваіх хатах, загадзя клапаціліся пра пачастункі, – прайшоў па вёсцы са звыклымі спевамі, танцамі, смехам і радасцю.
У складзе гурта былі традыцыйныя маскі – жораў, конь, цыганка з дзіцем, баба. Адзін з персанажаў каляднага гурта – дзед – носіць берасцяную маску, аналагаў якой не сустрэнеш у Беларусі. Яе вырабляюць у выглядзе цыліндрычнай шапкі з дзвюх палос бяросты. І каза там незвычайная – не пераапрануты ўдзельнік гурта, а лялька-пудзіла са скуры маладзенькай козачкі, набітая саломай. Калі трэба, «дапамагае» казе скакаць адна з жанчын гурта.
Захоўваюць мясцовыя традыцыі ўдзельнікі фальклорнага гурта «Палескія крыніцы» Восаўскага сельскага дома культуры, створанага ў 1973 г. Яны не толькі выдатна спяваюць, але і могуць расказаць шмат цікавага пра сямейныя і каляндарныя абрадавыя традыцыі, тутэйшыя сакрэты народнага лекавання. Старэйшым носьбітам спадчыны сёння ўжо нялёгка хадзіць ад хаты да хаты, таму эстафету падхапілі больш маладыя жыхары вёскі, сярод іх і ўдзельнікі дзіцячага калектыву «Ручаёк».
Істотны складнік віншавальнага абыходу – песенна-музычны. Шчадроўнікі выконваюць песні для гаспадароў («Ці ўдома, удома сам пан гаспадар?», «Ой, устань, устань, сам пан гаспадар!», калі ж у сям’і ёсць дзяўчына на выданні, чуецца «Ой, рано-рано й куры попелі», калі малады нежанаты хлопец – “Ой, над ракою, над глыбокою, там стаяў явор, тонкій высокой”. Скокі казы суправаджае спеў «Го-го-го, коза». Са словаў песень ды рэплік, якімі абменьваюцца між сабой ды гаспадарамі хат удзельнікі калядавання, можа атрымацца ладны слоўнічак мясцовай гаворкі!
Творчы імпэт, глыбіня мудрасці, вясковая інтэлігентнасць, жыццёвая натуральнасць самаадчування восаўцаў у спалучэнні з унікальным культурным ландшафтам стварылі тут той самы «дух месца», што, адчуўшы аднойчы, не зблытаеш ні з якім іншым. З кожным годам ахвочых пабачыць на ўласныя вочы праявы традыцыйнай культуры становіцца ўсё больш, што не можа не радаваць, бо прынцып «толькі ведаючы сваё, мы можам рушыць наперад» ніхто не адмяняў. Але ў гэтым хаваецца і небяспека, якую можна было назіраць у Восаве: некаторыя журналісты-фатографы бяруць на сябе неверагодна многа і лічаць, што могуць умешвацца ў ход дзеі, прыпыняючы яе, просячы носьбітаў традыцыі зрабіць «дубль», каб атрымаць «прыгожанькую карцінку». Хочацца запытацца: «Спадарства, а як наконт этыкі?» Выклік сучаснасці? Так! Дык, можа, пачнем сапраўды паважаць тое крохкае, чаму сёння маем шыкоўны шанец быць удзячнымі сведкамі?
Акрамя журналістаў гасцямі на свяце ў Восаве сталі аматары традыцыйных спеваў з Мінска. Папярэдне дзяўчаты вучылі мясцовыя калядныя песні.
Перад абыходам двароў некаторыя з гасцей паспелі з’ездзіць у суседнюю вёску Рог да бабуль – носьбітак спеўных традыцый. З іх удзелам абрад, які праводзіцца цяпер у Восаве, адвеку бытаваў у Рагу. Але вёска старэе, таму цяпер абрад выконваюць пераймальнікі.
Некаторыя ўдзельніцы выправы падзяліліся сваімі ўражаннямі.
Вольга: Нечакана доўгая дарога прывяла нас у заснежанае Восава, дзе насустрач па дарозе ішла невялікая група калядоўшчыкаў у суправаджэнні відэааператара і журналіста з тэлебачання. Ужо пачалася “рэпетыцыя” і першыя здымкі. Трэба сказаць, што сёлета на Шчадрэц прыехала даволі шмат журналістаў з Мінска і рэгіёна, а таксама 2 каналы тэлебачання. Таму сам абрад быў трохі падобны да пастаноўкі для фотасесіі і здымкаў фільма.
Вельмі спадабалася ў гасцях у бабуль у суседняй вёсцы Рог. Самі яны не паехалі калядаваць у Восава, але вельмі старанна падрыхтаваліся да візіту гасцей: усе ў строях, прыгожыя, поўны стол розных страваў. Сярод прысмакаў быў надта смачны кісель, які проста прывёў у захапленне нашых дзяўчат. Бабулі спявалі калядныя і бяседныя песні, расказвалі пра сваё жыццё, пра тое, як колісь святкавалі Раство і Новы год. Вельмі цёпла, гасцінна і шчыра. Хочацца прыехаць да іх ізноў. Дзякуй арганізатарам за гэтую вандроўку!
Юля: Асабліва прыемна, што ў склад мясцовага танцавальнага калектыву ўваходзяць маладыя дзяўчаты. Здзівіла, што ў казу не пераапранаюцца, а робяць яе фігуру з адпаведных матэрыялаў і падчас абыходу носяць на руках. Таксама цікавым было тое, што адна з удзельніц гурта насіла ў перавязцы ляльку-немаўлятка. А ўвогуле ўсё супер! Спадабалася.
Таццяна Мармыш
Фота аўтара