У дні святкавання 70-годдзя Перамогі мы звяртаем асаблівую ўвагу на подзвіг тых, хто прайшоў ваеннымі шляхамі праз вялікія выпрабаванні. Сярод іх — пісьменнік, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Фелікс Уладзіміравіч Шкірманкоў.
Малодшы лейтэнант Ф. Шкірманкоў, 1945 г.
Пісьменнік нарадзіўся 27 мая 1926 года ў мястэчку Прапойск (зараз г. Слаўгарад). На пачатку вайны ў пятнаццацігадовым узросце ваяваў у знішчальным батальёне. Пасля заканчэння спецыяльнай падрыхтоўкі быў накіраваны ў варожы тыл, дзе з мая 1942 г. быў байцом партызанскага атрада Б. Саўкова, а потым брыгады Ф. Шляхтунова, якая з 1943 г. насіла імя генерала Л. Даватара.
Узнагародны ліст з апісаннем асабістага подзвігу і з прапановай узнагародзіць ордэнам Чырвонай Зоркі.
Двойчы быў паранены. У красавіку 1943 г. пасля цяжкага ранення з Бягомльскага партызанскага аэрадрома вывезены ў савецкі тыл на лячэнне ў шпіталь. У красавіку 1944 г. Беларускім штабам партызанскага руху накіраваны на вучобу ў Маскоўскае Чырвонасцяжнае ваенна-інжынернае вучылішча.
Рэзалюцыі вышэйшага камандавання “з паніжэннем” — толькі на медаль “За адвагу”.
Пасля заканчэння вучобы ў студзені 1945 г. накіраваны на 4 Украінскі фронт камандзірам асобнага ўзвода інжынернай разведкі 113-га Станіслаўскага ордэнаў Багдана Хмяльніцкага і Чырвонай Зоркі інжынерна-сапёрнага батальёна. Яшчэ раз паранены ў лютым 1945 г. Узнагароджаны ордэнам Баявога Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Айчыннай вайны І ступені, медалямі “За адвагу”, “Партызану Айчыннай вайны” І ступені і “За перамогу над Германіяй”.
З загаду па брыгадзе аб узнагароджанні медалём “За адвагу”.
Пасля дэмабілізацыі ў маі 1951 г. па працоўным дагаворы паехаў у Магадан, дзе пасля заканчэння курсаў тэхнікаў-геолагаў працаваў у геалагічных партыях на пошуках радовішчаў урана, а потым золата. Закончыў горны факультэт Усесаюзнага завочнага палітэхнічнага інстытута і атрымаў кваліфікацыю горнага інжынера-геолага.
Узнагародны ліст з апісаннем асабістага подзвігу і прапановай узнагародзіць ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені. Звярніце ўвагу на падкрэсліванні чырвоным алоўкам – хутчэй за ўсё, іх зрабіў ці сам камандуючы 1-й Гвардзейскай арміі А. Грэчка, ці нехта з іншых вышэйшых камандзіраў, што паспрыяла “павышэнню” узнагароды.
Рэзалюцыі камандзіраў, а ўнізе канчатковы штэмпель з пазначанай узнагародай – ордэн Чырвонага Сцяга, што было значна вышэйшым, чым прапанаваны спачатку ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені.
З загаду па арміі аб узнагароджанні ордэнам Чырвонага Сцяга.
Пасля выхаду на пенсію вярнуўся ў 1979 г. на радзіму ў Слаўгарад, дзе быў абраны дэпутатам і старшынём гарадскога Савета дэпутатаў. На гэтай пасадзе адпрацаваў чатыры гады.
Фелікс Шкірманкоў
Вашай увазе прапануюцца сканы ўзнагародных лістоў і загадаў аб узнагароджанні Ф.У. Шкірманкова медалём “За адвагу” і ордэнам Баявога Чырвонага Сцяга. Дакументы адсканаваны ў Падольскім архіве МА РФ, і менавіта толькі зараз Ф.У. Шкірманкоў меў магчымасць упершыню пазнаёміцца з імі.
Матэрыялы прадастаўлены Магілёўскім абласным аддзяленнем СБП, lit-bel.org