Калі надакучыла сядзець у Мінску, душа прагне прыгодаў, а часу бракуе, «Будзьма» мае што параіць з маршрутаў і на гэты выпадак. Сёння прапануем працягнуць вывучаць Маладзечанскі раён Мінскай вобласці ды праехаць па маршруце Вязынка — Плябань — Ракуцёўшчына. Тут наведаем адноўлены на арыгінальных падмурках сядзібны комплекс — малую радзіму Янкі Купалы, маляўнічы касцёл XVIII стагоддзя, дом-музей Максіма Багдановіча — колішнюю сядзібу Лычкоўскага, дзе паэт правёў некалькі найбольш плённых у творчасці месяцаў свайго жыцця, і шмат іншых цікавостак.
Музей у Вязынцы. Фота: planetabelarus.by
Як дабрацца?
Увесь маршрут Вязынка — Плябань — Ракуцёўшчына мае працягласць каля 20 кіламетраў. Да ўсіх трох прыпынкаў апроч уласнага аўто можна дабрацца на электрацыі Мінск — Маладзечна. Прыпынкі называюцца Вязынка — Ласі — Краснае адпаведна. Па дарозе можна завітаць і ў вёску Дубрава, пра якую мы распавядалі раней.
Станцыя «Вязынка». Фота: planetabelarus.by
Вязынка, Маладзечанскі раён, Мінская вобласць
Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны запаведнік імя Янкі Купалы
Першай кропкай нашага сённяшняга маршруту будзе Вязынка Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці. Тут, у колішнім фальварку суддзі Мінскага губернскага суда Валенція Замбажыцкага, у які вясной 1881 года пераехала сям’я Луцэвічаў, 7 ліпеня 1882 года нарадзіўся Іван Дамінікавіч Луцэвіч, якога большасць ведае як Янку Купалу.
Вязынка. Фота: planetabelarus.by
Сядзіба і некалькі гаспадарчых пабудоваў, што ўваходзілі ў комплекс, адноўлены на арыгінальных падмурках. Сёння тут месціцца Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны запаведнік імя Янкі Купалы, на тэрыторыі якога ладзіцца шмат цікавых імпрэзаў. Такіх як, напрыклад, «Гуканне вясны» , якое святкуецца там кожны год. Таму сачыце за абвесткамі.
Гуканне вясны ў Вязынцы. Фота: set.ethno.by
Музей адчыніў свае дзверы для наведнікаў 5 красавіка 1972 года, то-бок сёлета ўстанове спаўняецца 52 гады. Аўтары праекта запаведніка намагаліся захаваць натуральны ландшафт колішняга маёнтка Вязынка, якім яго мог бачыць Янка Купала, архітэктурную планіроўку, старыя дрэвы, вадаёмы. Была адрэстаўравана сядзіба, адноўлены стары сад, гаспадарчыя пабудовы. Цэнтральным месцам запаведніка з’яўляецца сядзіба з хатай, у якой нарадзіўся Янка Купала, цяпер тут функцыянуе музей. Экспазіцыя складаецца з дзвюх частак — прысвечаных жыццёваму шляху і творчасці паэта.
Вязынка, у музеі. Фота: planetabelarus.by
Побач з будынкамі адноўлена старая сажалка, побач з якой адкрываецца найлепшы ракурс на сядзібу ды атрымліваюцца найбольш маляўнічыя фотаздымкі. На тэрыторыі запаведніка можна знайсці крынічку, з якой пачынаецца рака Вязынка, ад якой, магчыма, і паходзіць назва паселішча. Увогуле ўзгорыстыя мясціны навокал музея-запаведніка вельмі ўражваюць, таму тым, хто не быў тут, абавязкова раім завітаць.
Вязынка. Фота: planetabelarus.by
Чытайце яшчэ:
Да Дня народзінаў паэта: песні беларускіх музыкаў на вершы Янкі Купалы
Плябань, Маладзечанскі раён, Мінская вобласць
Касцёл Узнясення Найсвяцейшай Панны Марыі, сёння Свята-Успенская царква
Рушым у вёску Плябань, якая ўпершыню ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1500 годзе. Нагадваем, што калі будзеце дабірацца сюды электрацыяй, трэба выйсці на прыпынку з назвай «Ласі». Назва Плябань паходзіць ад слова plebania — назва будынка, дзе жыў мясцовы каталіцкі ці ўніяцкі святар. Будынак месціўся зазвычай побач з храмам. Невыпадкова асноўнай архітэктурнай дамінантай і сёння ў Плябані з’яўляецца касцёл, узведзены напрыканцы XVIII стагоддзя.
Касцёл Узнясення Найсвяцейшай Панны Марыі, сёння Свята-Успенская царква ў Плябані. Фота: wikipedia.org
Упершыню паселішча Плябань узгадваецца ў сувязі з пабудовай тут вялікім князем Аляксандрам Ягелончыкам першага драўлянага касцёла. Той храм згарэў падчас Трынацццацігадовай вайны з Масковіяй, а напрыканцы XVII стагоддзя на ягоным месцы быў узведзены новы. Мураваны храм у пераходным стылі ад барока да класіцызму, які мы можам пабачыць на намоленым месцы сёння, быў закладзены ў 1800 годзе. Будаўніцтва доўжылася да 1858 года.
Касцёл Узнясення Найсвяцейшай Панны Марыі ў Плябані. Фота: wikipedia.org
Падчас Студзеньскага паўстання інсургенты з мясцовага атрада Юліяна Бакшанскага захоўвалі ў гэтым касцёле зброю. Пасля паразы паўстання касцёл быў зачынены і ў 1872 годзе перададзены праваслаўнай царкве. У міжваенны час храм зноў дзейнічаў як каталіцкі, але за Саветамі не аднаўляўся і паступова ператвараўся ў крушні. Толькі ў 1996 годзе храм быў перададзены праваслаўным, пачалася рэканструкцыя бажніцы ўжо як Свята-Успенскай праваслаўнай царквы.
Цэнтр традыцыйнай культуры і побыту вёскі Плябань. Фота: planetabelarus.by
Праз дарогу ад касцёла варта звярнуць увагу на яшчэ адзін адметны будынак — былую плябань, узведзеную, верагодна, у першай палове ХХ стагоддзя. Сёння тут месціцца Цэнтр традыцыйнай культуры і побыту вёскі Плябань. Экспазіцыя невялікая, але па-хатняму ўтульная. Да таго ж, унутры захаваліся і некаторыя аўтэнтычныя аздабленні будынка. Яшчэ раім наведаць мясцовыя могілкі, што на ўзгорку па іншы бок чыгункі, дзе захавалася шмат цікавых магіл. Некаторыя з іх датуюцца ХІХ стагоддзем. Там можна пабачыць шмат старадаўніх надмагільных камянёў з вядомымі прозвішчамі.
Могілкі вёскі Плябань. Фота: wikipedia.org
Вёска Ракуцёўшчына, Маладзечанскі раён, Мінская вобласць
Колішні фальварак Вацлава Лычкоўскага
Апошнім нашым прыпынкам на сёння будзе колішні фальварак Ракуцёўшчына. Калі будзеце дабірацца электрацыяй, то трэба выходзіць на прыпынку Краснае ды прайсціся каля трох кіламетраў да музейнага комплекса, які нас цікавіць. Але па дарозе раім завітаць яшчэ і да неагатычнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, якому больш за сто год, як і да мясцовай царквы Покрыва Багародзіцы. Праваслаўны храм — так званая «мураўёўка», узведзены па тыпавым праекце пасля паразы Студзеньскага паўстання. Адметная ў бажніцы тэхніка разынкавай муроўкі, якой часткова выкананыя сцены царквы.
Касцёл у вёсцы Краснае. Фота: planetabelarus.by
Царква ў вёсцы Краснае. Фота: planetabelarus.by
Вернемся да фальварку Ракуцёўшчына, куды ў 1911 годзе прыехаў Максім Багдановіч. Гэта было першае ў свядомым узросце вяртанне паэта на радзіму пасля доўгага перапынку. Па запрашэнні братоў Луцкевічаў Багдановіч спыніўся ў сядзібе іхняга дзядзькі Вацлава Эмерыкавіча Лычкоўскага. Паэт меў на мэце пажыць у беларускай вёсцы, пазнаёміцца з тутэйшым ладам жыцця, пачуць жывую беларускую мову. У Ракуцёўшчыне пясняр пражыў усяго два летнія месяцы, але яны сталіся вызначальнымі і надзвычай плённымі ў ягонай творчасці. «Страніца лепшая ў штодзённіку жыцця!» — так вызначаў Максім Багдановіч гэты час. У Ракуцёўшчыне ён напісаў 17 вершаў з дзвюх нізак «Старая Беларусь» і «Места» і дзве паэмы «У вёсцы» і «Вераніка».
Музей «Фальварак Ракуцёўшчына». Фота: planetabelarus.by
Сёння на месцы сядзібы Лычкоўскага ў вёсцы Ракуцёўшчына працуе філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры «Фальварак Ракуцёўшчына». У музейны комплекс уваходзяць тры адноўленыя будынкі: сядзіба гаспадара Вацлава Лычкоўскага, дом арандатара, дзе спыняўся Максім Багдановіч, і гаспадарчая пабудова — гумно.
Музей «Фальварак Ракуцёўшчына». Фота: planetabelarus.by
Мэтай стварэння музея было праілюстраваць жыццё незаможнай шляхты пачатку ХХ стагоддзя адпаведнымі інтэр’ерамі і прадметамі побыту. На жаль, аўтэнтычных экспанатаў, звязаных непасрэдна з гасцяваннем Максіма Багдановіча, не было выяўлена — экспазіцыя ў асноўным створана з рэчаў, знойдзеных на тэрыторыі фальварка і іншых прадметаў пачатку ХХ стагоддзя, якія выдатна рэканструююць тагачасны побыт.
Музей «Фальварак Ракуцёўшчына». Фота: planetabelarus.by
Язэп Вараніцкі, budzma.org
Чытайце яшчэ:Вандруем шляхамі Максіма Багдановіча