«Што было сном, было домам». Выстава беларускіх, польскіх і ўкраінскіх мастакоў і мастачак

Адкрыццё выставы з удзелам беларускіх, польскіх і ўкраінскіх мастакоў і мастачак «Што было сном, было домам» адбудзецца 14 чэрвеня а 19:00 у галерэі «MiserArt» ва Уроцлаве. У праекце возьмуць удзел Аляксандр Кот-Зайцаў, Ала Савашэвіч, Аляксандр Адамаў, Дмытро Красны, Караліна Бальцэр і іншыя.


Afiša

Праект запрашае асэнсаваць паняцце дому як першасны вобраз, што вызначае нашыя ўяўленні. Родны дом паказаны як дом-мроя, сіла, што інтэгруе нашыя думкі, успаміны, мары і робіцца ключавым складнікам нашага бачання рэчаіснасці.

Да фатаграфічнага праекта «DOM.» Аляксандра Кот-Зайцава куратары запрасілі мастакоў з Беларусі, Польшчы і Украіны, каб тыя сваімі працамі стварылі дыялог на прапанаваную Аляксандрам тэму. 

Kot-Zaitsau
Праца Аляксандра Кот-Зайцава

Helena Minginowicz
Праца Алена Мінгіновіч

Асаблівую значнасць выставе надаюць не толькі працы гэтых мастакоў, якія з незалежных ад іх прычын не могуць вярнуцца ў свае дамы, але і месца яе размяшчэння, галерэя «MiserArt», што падтрымлівае людзей, якія трапілі ў крызіс бяздомнасці. 

Назва выставы ўзятая з верша Марціна Святліцкага «Дом».

Вернісаж выставы адбудзецца 14 чэрвеня а 19:00 у галерэі «MiserArt» па адрасе: Wrocław, Wojciecha Cybulskiego, 35A.

Госці на вернісажы:

Аляксандр Ясінскі, музыка Пражскай філармоніі, выканае музыку, спецыяльна створаную да фатаграфій Аляксандра Кот-Зайцава. Ён прыляціць на гэтую імпрэзу з Прагі. 

Танцавальны перформанс выканае Дар’я Іванова.

Выстава будзе даступная для наведвання да 24 жніўня, з панядзелка па пятніцу, з 11:00 да 16:00.

Падчас выставы таксама плануюцца іншыя суправаджальныя мерапрыемствы.