Сакавік выдаўся не самым плённым месяцам адносна колькасці беларускамоўных рэлізаў, але, вядома, без новых трэкаў і відэа аматары беларускай музыкі не засталіся. У нашай падборцы ўзгадаем 10 беларускіх музычных падзеяў мінулага месяца.
Вясновая прэм’ера ад Змітра Вайцюшкевіча. «Прэм’ера Х’юстана», — напісаў на сваёй старонцы музыка, бо знаходзіўся на момант рэлізу акурат у гастрольным туры па ЗША. Кранальная беларускамоўная адаптацыя песні на словы М. Матукоўскага і В. Баснера з кінафільма 1971 года «Мировой парень» адгукнецца асабліва тым, хто зараз на эміграцыі. Рэліз пакуль можна пачуць толькі на Youtube у нестудыйным варыянце.
Гродзенскі музыка Яўген Кучмэйна (.К) таксама сустрэў вясну беларускамоўным рэлізам. Музыка Яўгена эксперыментальная і «зойдзе не кожнаму слухачу. Але «тыя, хто ў тэме», будуць у захапленні.
«У ёй шмат пяшчоты і падзякі. І веры ў тое, што прыгажосць нікуды не знікае, нават калі пакідае бачны намі свет. Пра гэта нават напісана ў падручніках фізікі ў раздзеле аб захаванні энергіі. І ў іншых добрых кнігах», — напісала Света Бень на сваёй старонцы ў Facebook з нагоды рэлізу. Песня мае назву «Самый красивый», вокладку да трэку распрацаваў Аляксандр Бельскі. Песня без хэпі-энду пра першае каханне ў суворых умовах, вельмі пазнавальных для пакалення 30+.
У першыя дні вясны выйшаў альбом электроннай музыкі «Tradycyjny Stroj». У першую частку зборніка ўвайшлі кампазіцыі, створаныя адмыслова для відэаролікаў аднайменнага праекта. Асновай для напісання аўтарскіх электронных саўндтрэкаў сталі беларускія аўтэнтычныя спевы, найгрышы з розных мясцовасцей Беларусі паходжання строя. У стварэнні альбома ўдзельнічалі кампазітары, фольк-калектывы і музыкі: Sneguole, DAH, Diamos Roll, Vuraj, Astrouna, СherryVata, гурт «Калыханка», гурт «Хатовічы», Сяржук Доўгушаў, Віктар Паўлючэня, Андрэй Еўдакімаў.
Гурт архаічнай музыкі «Astrouna» падрыхтаваў для сваіх прыхільнікаў цудоўны вясновы падарунак — кліп на русальную песню «Проведу я русалочкі». «Глядзіце наш стылёвы, калярова-чорна-белы, урбаністычна-лясны, фалькова-панкаўскі кліп на русальную песню», — напісалі ўдзельнікі гурта. Здымаў кліп нязменны рэжысёр, аператар і фатограф гурта Міхась Аракчэеў.
Музыка Алесь Чумакоў выканаў вядомую польскую песню пра Гомель па-беларуску. Над стварэннем беларускай версіі кранальнай песні «Gdzie jest mój Homel» працаваў майстар-гусляр Алесь Чумакоў, а адаптаваў тэкст бард Сяржук Сокалаў-Воюш. Песня «Мой любы Гомель» распавядае пра жыццё горада над Сожам у першай палове ХХ стагоддзя. Тады значную частку жыхароў Гомеля складала менавіта габрэйскае насельніцтва. Гэты спеў быў створаны па матывах культавага твора пісьменніка Іллі Эрэнбурга «Вірлівае жыццё Лазіка Ройтшванца» — вядомага ў свеце сатырычнага твора, які не саступае раману Яраслава Гашака пра прыгоды бравага ваякі Швейка.
Гурт «Дом Сувязі» прадставіў кліп на песню «Спи». Гэта кранальная і месцамі балючая рэфлексія разам з цёплым і настальгічным відэа. Песня была напісана яшчэ ў 2010 годзе, пасля жорсткага падаўлення пратэстаў у Беларусі. У 2020 годзе музыкі ўзяліся яе якасна запісаць, але дапрацавалі запіс і знялі кліп ужо ў Польшчы.
«У 20-м годзе, у той час як у Беларусі зноў праходзілі пратэсты супраць скрадзеных выбараў і гвалту, мы гралі «Спі» ў мінскіх дворыках і заўжды рабілі рэмарку: песня напісана ўжо даўно, і мы адчуваем, як мы прачынаемся, што тэкст нарэшце губляе сваю актуальнасць. Але зараз ужо зразумела, што абуджэнне — гэта таксама доўгая-доўгая дарога. Дзякуй усім, хто быў і хто працягвае заставацца з намі на гэтым шляху», — пішуць музыкі.
Моцны і кранальны рэліз «Зарапад» ад Яўгена Барышнікава прыйдзецца даспадобы аматарам разумных тэкстаў, трапных метафараў ды ўсім, каму адгукаецца пра горад «дзе ты больш не жывеш». «Многія беларусы сустрэлі вайну ва Ўкраіне, якая стала нам другім домам. Многія засталіся дапамагаць. Многія былі змушаны выехаць. Многія далучыліся да супраціву. Але сірэны паветранай трывогі гучаць для ўсіх аднолькава. Прысвячаецца ўсім, хто быў вымушаны пакінуць свае дамы», — так прэзентаваў свой рэліз музыка.
Напрыканцы сакавіка гурт Intelligency пацешыў сваіх слухачоў доўгачаканым беларускамоўным рэлізам пад назвай «Sonca». Флегматычны трэк, вельмі тыповы для пазнавальнага стылю гурта, адгукнецца ўсім, хто стаміўся чакаць святла. «Хутка будзе і сонца», — пракаментавалі рэліз на сваіх старонках музыкі.
У апошні дзень першага месяца вясны беларуская спявачка D.JAZA прэзентавала беларускамоўны трэк «У бабулі». Рэліз прыйдзецца даспадобы аматарам якаснай поп-музыкі: прыгожы актуальны вакал, арганічная стылю аранжыроўка, адсылкі да традыцыйных спеваў выканаўца змястоўна аб’яднала ў прыгожы трэк. Рэліз можна знайсці на ўсіх стрымінгавых платформах.
Аглядальнік, budzma.org