За апошнія дзевяць месяцаў няспынных рэпрэсій, актыўнай эміграцыі і жорсткай пандэміі складваецца адчуванне, нібы культурнае жыццё ў Беларусі стала на паўзу. Аднак гэты песімістычны погляд на рэчаіснаць разбіваецца ўшчэнт дзякуючы падзеям, якія ўсё ж праходзяць, нягледзячы на ўсе неспрыяльныя ўмовы. Адна з такіх падзей — гэта кінафестываль «Паўночнае ззянне», адзін з нямногіх ацалелых кінафорумаў, які працягвае сваё існаванне. Ен другі раз праходзіць анлайн і прапаноўвае набыць квіткі на прагляд 24 стужак краін Паўночнай Еўропы, Балтыі і Беларусі. Мы з гэта спісу адабралі шэсць найбольш цікавых і тлумачым, чаму іх варта паглядзець.
«Апошнія і першыя людзі», рэж. Ёхан Ёхансан (Ісландыя, 2020 год)
Лёс мастака можа складацца так, што яго творы часцей за ўсё перажываюць яго самога. Нешта падабное сталася з ісландскай зоркай — кампазітарам Йоханам Йохансанам, які стаў знакамітым пасля стварэння моцных і атмасферных саўндтрэкаў да шэрагу галівудскіх хітоў: «Прыбыццё», «Забойца», «Сусвет Стывена Хокінга». Музыка тры гады таму пайшоў з жыцця з-за злоўжывання наркотыкамі, а ў мінулым годзе дабралася да вялікіх экранаў яго другая рэжысёрскае спроба — чорна-белае эстэцкае кінаэсэ «Апошнія і першыя людзі». У ім аўтар праводзіць сувязь паміж далёкім космасам і старажытнай архітэктурай, што засталася нам ад невядомых продкаў. Веліч каменных пабудоў, майстарскі знятых аператарам Стурлай Брандтам Гроўленам, падкрэсліваюцца велічнай музыкай самаго Ёхансана і філасофскім закадравым тэкстам з фантастычнага рамана Олафа Стэплдана, які чытае галівудская дзіва Цільда Суінтан. Гэтыя элементы сумесна ствараюць моцнае ўражанне, пасля якога яшчэ доўга немагчыма прыйсці ў сябе.
«Найпрыгажэйшы хлопчык у свеце», рэж. Крысціна Ліндстром, Крысціян Петры (Швецыя, 2021 год)
Міжнародная сфера забаў дзесяцігодзямі прапагандуе сярод моладзі ідэю, што трэба імкнуцца да славы і папулярнасці, менавіта яны прынясуць грошы, павагу і шчасце. Але тое што прыносіць асалоду адным, разбурае жыццё іншым. Менавіта расчараваннем для шведскага актора і музыкі Б’ёрна Андэрсана апынуўся вопыт супрацы з класікам італьянскага кіно Лукіна Вісконці. Пасля доўгага і вялікага кастынгу ў пачатку 1970-х гадоў 15-гадовага прыгожага хлопца адабралі для здымак у стужцы «Смерць у Венецыі». Фільм атрымаўся паспяховым, але сам Б’ёрн так і не змог змірыцца з тым, што яго асацыююць з прыгажуном, які стаў любоўнай цікаўнасцю галоўнага героя. Як склаўся яго лёс? Аб чым ужо сталы артыст марыць і чаго жадае? На гэтыя і іншыя пытанні спрабуюць адказаць аўтары стужкі «Найпрыгажэйшы хлопчык у свеце».
«Бунт свінняў», рэж. Яак Кілмі, Рэнэ Рэйнумягі (Эстонія — Фінляндыя, 2004 год)
Людзі з поставецкай прасторы, маладосць якіх прыйшлася на савецкі перыяд, часцяком узгадваюць тыя часы з удушальнай настальгіяй. Дапамагае ім у гэтым ідэалагічнае расейскамоўнае кіно, ствараючае з памерлай імперыі вобраз рамантычнага рая на зямлі, у які так і хочацца вярнуцца. Але далёка не ўсе згодныя з благаснай ацэнцкай тых часоў. Рэжысёры і сцэнарысты Яака Кілмі і Рэнэ Рэйнумягі перанеслі свае бурныя ўспаміны аб вопыце наведвання піянерскага лагера ў Эстонскай ССР, моладзь якога, напляваўшы на выхаванне і камуністычны гонар старэйшых, адрываецца па поўнай. Менавіта такой магла атрымацца знакамітая камедыя пра савецкі лагер «Сардэчна запрашаем, ці Староннім уваход забаронены», калі б над яе аўтарам Элемам Клімавым не вісеў дамоклаў меч цэнзуры.
«Пяшчотныя салдаты», рэж. Марыя Станітэ (Літва, 2020 год)
Доўгая барацьба за раўнапраўе адчыніла дзверы магчымасцяў для жанчын па ўсім свеце. І многія з іх пачалі выпрабоўваць сябе ў тых сферах, якія да апошніх часоў лічыліся выключна мужчынскімі. Дэбютная стужка «Пяшчотныя салдаты» рэжысёркі Марыі Станітэ распавядае пра вопыт трох літоўскіх дзяўчын, якія вырашылі стаць прафесійнымі ваярамі — і апынуліся на зачыненай ваенай базе з 600 жаўнерамі. Аўтарка дэманструе, з чаго складаецца быт дзяўчат, як яны пераносяць вялікія фізічныя нагрузкі і спецпадрыхтоўку, пра што думаюць і аб чым мараць. Калі вы глядзелі стужку Рыдлі Скота «Жаўнер Джэйн», то гэты дакументальны фільм вам дакладна спадабаецца.
«Рай 89», рэж. Мадара Дышлерэ (Германія — Латвія, 2018 год)
Юныя рыжанкі Паўла і Лаўра летам 1989 года адпраўляюцца на вакацыі ў невялічкае правінцыйнае мястэчка, дзе іх чакаюць кузіны Мая і Лінда. Чатыры энергічныя дзяўчыны, прадастаўленыя самі сабе, свавольнічаюць і ўвязваюцца ў прыгоды, пакуль іх савецкая краіна — Латвійская ССР — набліжаецца да свайго немінуючага скону. Яшчэ адна настальгічная стужка, што ўвабрала ў сябе не толькі прыватны вопыт сталення аўтаркі Мадары Дышлерэ, але і, дазваляючы гледачу азірнуцца на мінулае і на сённішні дзень, беларускую аўтарытарную рэчаіснаць, якая крок за крокам набліжаецца да свайго сканчэння. Якім вы яго запомніце — такім яно і застанецца на ўсё жыццё.
«Як мы гулялі ў рэвалюцыю», рэж. Гедрэ Жыцкітэ (Лiтва, 2012 год)
У 1984 у Літве, як і ў іншых савецкіх рэспубліках, пачынаецца працэс «перабудовы», асноўным элементам якога стала палітыка галоснасці. На гэтай хвалі дэмакратычнага ўздыму ўзнікае рок-ансамбль Antis, музыкі якога ў жорсткай форме іранізуюць над савецкай сучаснасцю. Іх творчасць запальвае літоўскі індзі-рух, які праз пяць гадоў дапамагае краіне атрымаць незалежнасць ад савецкай імперыі. Змантаваны з архіўных відэа дэбютны фільм Гедрэ Жыцкітэ «Як мы гулялі ў рэвалюцыю» абвяргае тэзу, што перамены могуць наступіць толькі гвалтоўна, дзякуючы зброі і сіле. Моц простых словаў, эмоцыяў і шчырасці можа стаць добрым падмуркам для трансфармацыі залежнага народа ў свабодную нацыю, якая будзе ведаць, куды трэба рухацца далей.
Тарас Тарналіцкі, budzma.by