Наперадзе выходныя. Каб крыху адпачыць ад цяжкіх навінаў і паўсядзённых рэалій, прапануем рушыць у вандроўку па Беларусі. Калі такой магчымасці няма, то хаця б проста пачытайце наш тэкст пра цікавосткі Мёршчыны. Гэта таксама дапаможа перазагрузіць галаву.
Працягваем вандраваць разам з «Будзьма!» па беларускіх абшарах. Сёння наведаем Мёрскі раён Віцебскай вобласці. Прапануем наступны маршрут: Дзісна — Дарожкавічы — Галомысла — Язна — Мёры — Лявонпаль — Вята — Пруднікі — Ідолта — Асада-Дзедзіна — Ніўнікі — Пераброддзе — Камянполле — Кублішчына — Новы Пагост — Стэфанова — Ельня. Сёння нас чакае вёска Пруднікі, вадаспад на рацэ Вята, вёска Ідолта з сядзібай роду Мілашаў ды некалькімі адметнымі храмамі.
Фота: planetabelarus.by
Чытаць па тэме: Вандруем разам з «Будзьма!». Што паглядзець у Мёрскім раёне. Частка першая
Пруднікі
Наступным пунктам нашай вандроўкі прапануем зрабіць вадаспад на рацэ Вята побач з вёскай Пруднікі Мёрскага раёна Віцебскай вобласці. Раім заехаць не толькі на вадаспад, але і ў саму вёску, там, на рацэ Наква, захаваліся крушні вадзянога млына канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя.
Фота: mapio.net
За час свайго існавання ў млына часта змяняліся гаспадары. Вядома, што ў міжваенны час, за польскай уладай, млын належаў габрэйскай сям’і. Але падчас Другой сусветнай вайны гаспадары загінулі. У 1948 годзе млын стаў калгаснай уласнасцю.
Фота: mapio.net
Пазней млын быў электрыфікаваны, але і стары механізм працаваў спраўна, таму быў захаваны. Па сёння ўнутры будынка можна пабачыць шматлікія аўтэнтычныя элементы колішняга механізму вадзянога млына. Але, на жаль, гэты цікавы помнік прамысловай архітэктуры паступова руйнуецца ды раскрадаецца.
Фота: mapio.net
Вадаспад на рацэ Вята ( 55.7604, 27.61722 )
Далей рушым непасрэдна да вадаспаду на рацэ Вята. Гэты вадаспад быў створаны напачатку ХХ стагоддзя, пасля пабудовы электрастанцыі на Вяце Альгердам Аскеркам. ГЭС мелася забяспечваць электрычнасцю мясцовую кардонную фабрыку.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Каб гідраэлектрастанцыя працавала больш эфектыўна, на рацэ было вырашана закласці каменную сцяну больш за два метры вышынёй, праз што і ўтварыўся вадаспад. Зразумела, што помнік не зусім прыродны, бо зроблены з дапамогай чалавека, але ж ад таго ён не менш уражвае ды вабіць шматлікіх вандроўнікаў на Мёршчыну.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Чытаць па тэме:Вандруем разам з «Будзьма!». Што паглядзець у Мёрскім раёне. Частка другая
Вадаспад на рацэ Вята самы вялікі беларускі вадаспад: вышыня — больш за два метры, шырыня — каля дзесяці. Яго чуваць прыкладна за кіламетр. ГЭС на Вяце ўжо не працуе. Яшчэ на беразе ракі захаваліся рэшткі старога млына канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя.
Фота: @tomkad
Фота: @tomkad
Фота: @tomkad
Ідолта
Далей прапануем рушыць у колішняе мястэчка, сёння аграгарадок Ідолта, які месціцца на беразе аднайменнага возера. Тут захавалася некалькі цікавых архітэктурных помнікаў у дастаткова добрым стане: сядзібна-паркавы комплекс Мілашаў, родавая капліца-пахавальня і касцёл пачатку ХХ стагоддзя.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Першыя згадкі аб Ідолце, гістарычна вядомай як маёнтак «Дубрава», пазней «Сапежын», паходзяць з ХVI стагоддзя. Першапачаткова маёнтак належаў роду Масальскіх, якія ў 1598 годзе прадалі яго Рудамінам-Дусяцкім. У 1600 годзе маёнтак перайшоў да Лявона Сапегі і ажно да 1824 года ў ім гаспадаралі Сапегі, пакуль Францішак Сапега не прадаў Ідолту Юзафу Мілашу герба «Любіч», пасля ягонаму сыну Яўгену Мілашу з жонкай Эміліяй. Апошнімі гаспадарамі Ідолты з пачатку ХХ стагоддзя і па 1939 год, пакуль не прыйшла савецкая ўлада, стаў род Свідэрскіх.
Ідолта, Сядзіба Мілашаў да 1939 г.
Ідолта, Сядзіба Мілашаў да 1939 г.
У 1862 годзе Яўгеніюш Мілаш фундаваў узвядзенне ў Ідолце мураванай каталіцкай капліцы. Там ён змясціў парэшткі сваёй жонкі Эміліі. Пазней і сам быў пахаваны там разам з дзецьмі. Гэтую капліцу можам пабачыць у Ідолце і сёння, нягледзячы на тое, што яна была разрабаваная пасля Другой сусветнай вайны, а пахавальны склеп разбураны.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Капліца ў Ідолце — помнік ранняга класіцызму. Гэта невялікі прастакутны будынак з пяціграннай апсідай і бакавой сакрыстыяй. Над франтонам будынка ўзвышаецца драўляная квадратная вежа, інтэр’еры капліцы афарбаваныя ў белы колер. Будынак вярнуўся да вернікаў толькі ў 1990 годзе. Могілкі пры капліцы былі знішчаны, ацалела толькі адно надмагілле ХІХ стагоддзя Конрада Мілаша, верагодна, сына Яўгеніюша Мілаша, колішняга гаспадара Ідолты, які і збудаваў капліцу.
Фота: planetabelarus.by
Капліца-пахавальня Мілашаў — не адзіны рыма-каталіцкі храм у Ідолце. У 1937–1939 гг. тут быў узведзены парафіяльны касцёл у стылі мадэрн, які належаў да парафіі Маці Божай Шкаплернай, зараз Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Да пачатку Другой сусветнай вайны касцёл так і не быў дабудаваны. Айцец Баляслаў Грамс, народжаны ў вёсцы Кублічы, што на Ушаччыне, прыехаў служыць у Ідолту 2 жніўня 1941 года і завяршыў будаўніцтва касцёла.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Чытаць па тэме: Вандруем разам з «Будзьма!». Што паглядзець у Мёрскім раёне. Частка трэцяя
Месцічы ўзгадвалі маладога энергічнага святара добрым словам, кажуць, што шмат дапамагаў людзям, дзяліўся апошнім і не выракаўся святарскай службы нават у самы небяспечны час. 8 чэрвеня 1944 года айцец Баляслаў быў арыштаваны «ўласаўцамі» ды жорстка забіты. Існуе некалькі версіяў, чаму так сталася: можа, з-за таго, што ён дапамагаў Арміі Краёвай, дзе служылі ягоныя браты, можа, нехта з тых, каго спавядаў, выкрыў яго, ці з-за таго, што апекаваўся групай яўрэяў, якія хаваліся ад пераследу нацыстаў.
Кс. Баляслаў Грамс
Магілу ксяндза можна пабачыць побач з касцёлам у Ідолце. Яшчэ недалёка ад храма знаходзіцца драўляная плябань пачатку ХХ стагоддзя. А сам касцёл у Ідолце ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Яшчэ адной архітэктурнай перлінай Ідолты, вартай увагі, з’яўляецца сядзібна-паркавы комплекс Мілашаў. У 1840 годзе ўжо вядомы нам Яўгеніюш Мілаш распачаў тут будаўніцтва сваёй летняй рэзідэнцыі на заходнім беразе возера Ідолта. Гэта быў аднапавярховы мураваны прастакутны будынак у стылі класіцызм на нізкім падмурку з вялікімі падваламі ды двухпавярховай цэнтральнай часткай.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Інтэр’ер сядзібы ўпрыгожвалі габелены і партрэты прадстаўнікоў роду Мілашаў. Пры сядзібе была вялікая бібліятэка, якая змяшчала і вялікую колькасць унікальных друкаваных выданняў. Але за Саветамі палац быў разрабаваны, па Другой сусветнай вайне там размясціўся калгас. У 2005–2006 гг. сядзіба была адрамантаваная, сёння ў будынку месціцца бібліятэка.
Фота: planetabelarus.by
Захаваліся і іншыя аб’екты сядзібнага комплексу з другой паловы ХІХ стагоддзя. Напрыклад, гаспадарчыя пабудовы, аздобленыя «разынкавай муроўкай». Але большасць з іх у напаўразбураным стане. Часткова захаваліся і рэшткі прысядзібнага парку.
Фота: planetabelarus.by
Вандруйце разам з «Будзьма!». Працяг будзе.