У гэты дзень, 8 траўня 1883 года, у вёсцы Данілаўка былога Бабруйскага павета, нарадзіўся беларускі мовазнавец і грамадскі дзеяч Сцяпан Некрашэвіч. З нагоды 140-годдзя вядомага беларускага навукоўца прыгадваем малавядомыя старонкі з яго жыцця.
Чытайце таксама: Сцяпан Некрашэвіч. Апантаны мовай
Сам Сцяпан Некрашэвіч старанна хаваў тую акалічнасць, што меў дваранскае паходжанне і таму агульнапрынятая думка, што ён быў з сялян. На тое было некалькі прычынаў. Найперш для беларускага руху першых дзесяцігоддзяў ХХ стагоддзя быў характэрны эгалітарызм — яго прадстаўнікі знатнага паходжання вельмі часта імкнуліся мімікрыраваць пад простых людзей — сялян ці рабочых, хаваючы свой сапраўдны радавод. Пазней гэта стане ўжо жыццёвай неабходнасцю, бо для савецкай улады выхадзец з шляхты ці арыстакратыі быў класавым ворагам.
Фота: Сцяпан Некрашэвіч, 1920-я гады
Яшчэ ў сярэдзіне 90-х гадоў Эмануіл Іофе давёў, што родны дзядзька мовазнаўцы Рыгор Некрашэвіч меў шляхецкае паходжанне, аб чым зрабіў публікацыю ў адным з нумароў часопіса «Спадчына» за 1995 год. Адпаведна і бацька Сцяпана Некрашэвіча меў такое самае паходжанне, якое перадалося і сыну.
У царскае войска Сцяпан Некрашэвіч быў прызваны з пачаткам Першай сусветнай вайны самым звычайным салдатам, хаця меў за плячыма неблагую адукацыю — скончаныя Панявежскую настаўніцкую семінарыю і Віленскі настаўніцкі інстытут. Быў на Румынскім фронце, прыкладна ў тых краях, дзе пазней будзе і Якуб Колас. Пазней наш класік апіша той вайсковы досвед у рамане ў вершах пад назвай «На шляхах волі», які будзе друкавацца на старонках часопіса «Полымя».
Чытайце таксама: «Сярэдзіны мы не прызнаём!» Да 100-годдзя часопіса «Полымя»
Пасля таго, як у лютым 1917 года ў Расейскай імперыі адбылася рэвалюцыя і манархія была скінута, Сцяпана Некрашэвіча абралі сябрам армейскага камітэту 6-й арміі. Сам ён пра тое ўзгадваў у аўтабіяграфіі так: «стаў чыноўнікам вайсковага часу». Калі ў сакавіку 1918 года была абвешчана БНР, то будучы мовазнаўца, а тады актыўны беларускі дзеяч вёў перамовы з французскім вайсковым камандаваннем ад імя новапаўсталай дзяржавы аб стварэнні беларускага войска для змагання з бальшавікамі і стварэння незалежнай Беларусі.
Па вяртанні на радзіму ў 1920 годзе ён пойдзе на супрацоўніцтва з тымі, супраць каго яшчэ 2 гады таму збіраўся ваяваць. Бо за гэты час змяніліся геапалітычныя расклады — БНР так і не адбылася як рэальная дзяржава, была абвешчана Савецкая Беларусь, а паміж Польшчай і Савецкай Расіяй разгарэлася вайна. Пры выбары бальшавікі або палякі Некрашэвіч зрабіў стаўку на першых. І такі выбар прынёс плён, бо ўжо ў хуткім часе Сцяпан Некрашэвіч пачне займаць высокія пасады ў навуковых установах паўторна абвешчанай летам 1920 года БССР. Нібыта не без пратэкцыі чыноўнікаў у высокіх кабінетах.
Так ці іначай, але па стане на сярэдзіну 20-х гадоў Сцяпан Некрашэвіч быў не проста прызнаным мовазнаўцам, але аўтарытэтам. Яшчэ ў 1922 годзе яго «Беларускі Лемантар» стаў адной з дзвюх першых кніжак, што былі выданы Змітром Жылуновічам у Берліне. У гэты час ён напіша і апублікуе два дзясяткі грунтоўных навуковых прац, дзе будуць разглядацца самыя розныя аспекты мовазнаўства.
Гэта дазволіць яму абрынацца з крытыкай на калегаў, якія будуць займацца аналагічнай справай — складаннем слоўнікаў. Так у адным з нумароў «Полымя» за 1926 год Сцяпан Некрашэвіч раскрытыкаваў «Падручны расiйска-крыўскi (беларускi) слоўнiк», які пабачыў свет у 1924 годзе ў Коўне і быў укладзены Вацлавам Ластоўскім.
Фота: Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік, 1924 год
Чытайце таксама: Складаны выбар Власта
Паводле Некрашэвіча «аўтар слоўніка робіць з беларускай мовай такія мудраванні, такія опэрацыі, што ў рэзультаце атрымліваецца нешта новае, мала падобнае на беларускую мову...». Для справялівасці варта адзначыць, што не адзін ён крытыкаваў Властаў слоўнік, былі і іншыя, да ўсяго Некрашэвіч рабіў гэта аргументавана, знаходзячы ў тым ліку і плюсы. Але высновы зрабіў для Ластоўскага несуцяшальныя:
«На прыкладзе працы В. Ластоўскага мы бачым, як можна, маючы сабраны матэрыял, але паставіўшы сабе непамерную задачу (ачышчэньне мовы) і ўжыўшы пры гэтым наіўны мэтод, напісаць непатрэбную кнігу.»
Фота: Вокладка часопіса «Полымя», 1926 год.
Горкая іронія ў тым, што ўжо ў хуткім часе гэтыя два чалавекі пасябруюць, калі Ластоўскі вернецца ў БССР вясной 1927 года. Навукоўцы разам будуць займацца рэарганізацыяй Інстытута Беларускай Культуры ў Акадэмію Навук. У траўні 1929 года разам паедуць у экспедыцыю і наведаюць Семежава, Капыль, Пясочнае і Койданава. Аб тым Власт потым распавядзе на старонках «Савецкай Беларусі» — тады яму яшчэ будуць даваць слова.
Але ўсё памяняецца ўвосень, калі 20 кастрычніка 1929 года і Сцяпана Некрашэвіча, і Вацлава Ластоўскага вызваляць ад пасадаў у Акадэміі Навук. А летам 1930 года іх арыштуюць проста ў часе экспедыцыі — акадэмікі будуць вывучаць побыт беларусаў Сібіры. А зімой таго ж года яны страцяць ужо і свае званні.
Фота: Вокладка часопіса «Полымя», 1930 год.
У апошнім нумары часопіса «Полымя» за 1930 год, які пачынаўся са знакамітага верша Міхася Чарота «Суровы прыгавор падпісываю першым», будзе апублікавана і абгрунтаванне арышту навукоўцаў:
«Выкрытая органамі ДПУ контрэвалюцыйная група на чале з былымі міністрамі і дзеячамі Беларускай Рады — Ластоўскім, Цвікевічам, Лёсікам, Некрашэвічам і іншымі, акапаўшыся ў Беларускай Акадэміі Навук, прасунала адтуль свае шчупальцы на шэраг участкаў эканамічнага і культурнага фронту, у Наркамзем, Наркамасьветы, Белдзяржвыдавецтва і інш...».
Ужо ў красавіку 1931 года без суда і следства, але паводле пастановы АДПУ, арыштаваныя будуць адпраўленыя ў высылку. Сцяпан Некрашэвіч накіруецца ў горад Сарапул Удмурцкай Аўтаномнай ССР, дзе будзе працаваць спачатку планавіком-эканамістам, а потым бухгалтарам.
У тым самым годзе пабачыць свет сумнавядомая кніга «Навука на службе нацдэмаўскай контррэвалюцыі», дзе фактычна будзе пададзена абгрунтаванне рэпрэсій супраць беларускіх навукоўцаў і нацыянальных дзеячаў. Сярод іншага Сцяпану Некрашэвічу будуць закідаць змаганне за нейкую міфічную «самабытнасць» і «„скарынінскую“ чыстату беларускай мовы». Але ўзгадаюць таксама і ягонае замілаванне шляхтай:
«Каб забраняць сябе ад „чужой стыхіі“, каб выратавацца ад моўнага ўплыву рэвалюцыі, нацдэмы зварачаюць свае зрокі на шляхту. Тутака, у кулацкіх гнёздах, яны вышукваюць і ўшукваюць чыстую, багатую і цікавую беларускую гаворку. Пры гэтым нацдэмы наогул ня ўпускаюць выпадку выразіць свае сымпатыі кулацкім носьбітам моўнай самабытнасьці. У тым жа артыкуле аб Парыцкіх гаворках Некрашэвіч так характарызуе шляхту:
„Шляхта больш гасьцінная, больш далікатная ў абыходжаньні. Па рэлігіі шляхта падзяляецца на праваслаўную (большасьць) і каталіцкую (меньшасьць). Як тая, так і другая шляхта гаворыць добраю беларускаю гаворкаю“».
Чалавеку фактычна ставілі ў віну тое, што ён дзяліўся сваімі палявымі назіраннямі, не больш і не менш. Бо сам Некрашэвіч, натуральна, меў нацыянальныя, але ўсё ж хутчэй левыя погляды. То бок не быў такім ужо кансерватыўным, як яго малявалі аўтары гэтага пасквіля. Ну а што дбаў аб развіцці роднай мовы — дык гэта абсалютна не загана для чалавека з такім шырокім кругаглядам.
У любым разе з абвінавачваннямі такога кшталту ў 30-х гадах выжыць было амаль немагчыма. Сцяпана Некрашэвіча паўторна арыштуюць у снежні 1937 года і ў хуткім часе расстраляюць. Рэабілітуюць толькі ў другой палове 50-х гадоў.
Л. Г., budzma.org