Не толькі ўзмацненне крымінальнай адказнасці за згвалтаванне, але і незамоўчванне праблемы і асуджэння агрэсараў. Што мусіць змяніцца ва ўспрыманні грамадскасцю гендарна абумоўленага гвалту. Гэтае пытанне абмеркавалі эксперты ў эфіры Свабода Premium. Самыя цікавыя моманты размовы запісала «Салідарнасць».
Увечары 6 сакавіка беларусы, палякі і ўкраінцы выйшлі ў цэнтр Варшавы, каб ушанаваць памяць беларускі Лізы, якая памерла ў шпіталі пасля жорсткага згвалтавання. Што зменіць для грамадства гэты марш памяці? Акрамя гучнага рэзанансу, ці паўплывае гэта на нашае стаўленне да праблемы гендарна абумоўленага гвалту?
— Самы галоўны мэсэдж, які я хачу данесці — каб абсалютна кожная жанчына, у прыватнасці, кожная беларуска, ведала, што яна ніколі не будзе адна ў такой сітуацыі, што заўжды будуць жанчыны, якія яе падтрымаюць і дапамогуць, — абазначыла ў эфіры Свабода Premium сваю асабістую пазіцыю адна з арганізатарак марша памяці «Яе звалі Ліза» і акцыі ў сацсетках #хопіцьгвалціць, радыкальная феміністка і нізавая актывістка Наста Базар.
Наста Базар
Я таксама буду пералічваць сродкі арганізацыям, што дапамагаюць жанчынам, якія знаходзяцца ў эміграцыі — а таксама тым, якія знаходзяцца ў Беларусі. Давайце не забываць, што ў Беларусі, на жаль, жанчыны таксама сутыкаюцца з сэксуалізаваным, з хатнім гвалтам.
І другі мой мэсэдж у тым, што трэба працаваць з прычынай, а не з наступствамі. Безумоўна, наступствы трэба вырашаць — курсамі самаабароны, якія я хачу запусціць, флэшмобам, ці, мабыць, больш правільна сказаць, хваляй #хопіцьгвалціць. Але ж гэта наступствы. А прычыны — як бы мы ні хацелі, як гэта ні балюча чуць, але ў асноўным гвалцяць мужчыны. Таму мой другі мэсэдж — заклікаць мужчын падтрымліваць жанчын, перастаць гвалціць.
«Перастаць гвалціць», патлумачыла актывістка, не значыць абвінавачваць кожнага мужчыну ў гвалце. Але ж праявы гвалту бываюць вельмі розныя і часам, на жаль, не ўспрымаюцца як нешта, што патрабуе выпраўлення. Сэксісцкія жарты, неабарона жанчын у медыяпрасторы альбо фізічна, пазіцыя замоўчвання і неасуджэння — усё гэта не спыняе гвалт, а толькі спрыяе яму.
— Гвалт расцвітае, калі пра яго нічога не кажуць, — падкрэсліла Наста Базар.
Актывістка дадае важны момант: маўчанне не роўнае згодзе. Паводле статыстыкі, каля 70% жанчын у сітуацыі гвалту маўчаць, бо проста знаходзяцца ў ступары, не разумеюць, што адбываецца, адчуваюць дысацыяцыю з целам. Але маўчанне ахвяры ні ў якай ступені не робіць гвалт дапушчальным.
Блогер, аўтар ютуб-канала «Максімальна» Максім Паршута, які адным з першых мужчын-беларусаў падтрымаў акцыю #хопіцьгвалціць, пагаджаецца, што асэнсаванне маштабаў праблемы мужчынамі вельмі важнае для таго, каб сітуацыя змянілася:
— Калі я чытаю пад гісторыямі жанчын, хто дзеліцца сваім вопытам сексуалізаванага гвалту, дзясяткі і сотні каментароў у стылі «сама вінаватая», «не трэба было так апранацца», — мне робіцца фізічна балюча. Чытаючы такія каментары, можна вырашыць, што ўсе мужчыны такія і думаюць роўна так.
Не, не ўсе мы так робім. Але ж важна зрабіць рэвізію ўласных учынкаў, слоў, дзеянняў, якімі, магчыма, кожны з нас нават неўсвядомлена здзяйсняў гвалт (вядома ж, гэта не пра выпадкі гвалтавання, а пра нібыта нявінныя жарты, флірт, які пераходзіў у дамаганні, і г.д.)
Мне падаецца, часцей за ўсё за такімі словамі і ўчынкамі не стаіць нейкага злога намеру, аднак, з іншага боку, не хочацца і апраўдваць мужчын, якія гэта робяць. Устаноўкі кшталту таго, што трэба дабівацца жанчыну, што яе «не» — гэта «так», безумоўна, вельмі шкодныя. Мужчыны, якія не сутыкаюцца з эфектам гэтых установак, часам не разумеюць праблему. Таму так важна, каб мужчыны, якія гэта разумеюць, падтрымлівалі жанчын і паказвалі сваю салідарнасць.
Не пагаджацца з сэксізмам, з дамаганнямі, гаварыць іншым мужчынам, што мы не згодныя з іхнімі паводзінамі і асуджаем іх, рабіць іх нерукапажатнымі — гэта складана, гэта можа быць страшна і дакладна нязвыкла, таму што базава часцей за ўсё на паводзіны мужчын, якія «не так» ставяцца да сваіх дзяўчат, партнёрак, заплюшчваюць вочы
Але гэта важнае развіццё, якое нас чакае і да якога мусіць прывесці ў тым ліку марш памяці Лізы і шырокае абмеркаванне праблемы
— Мужчыны мусяць зразумець, што гэта не прыдуманая праблема, не раздзьмуты з мухі слон. Трэба прыняць як рэальнасць: калі ёсць такая вялікая колькасць пацярпелых жанчын, значыць, ёсць такое мноства гвалтаўнікоў-мужчын, — дадае прадстаўніца АПК Вольга Гарбунова.
Вольга Гарбунова
Гэта ў тым ліку нашы знаёмыя, людзі з якімі мы перасякаемся ў краме, на працы і на вучобе. І, мабыць, у той момант, калі гвалтаўнікі стануць нерукапажатнымі, калі мужчыны будуць асуджаць гвалт і не працягваць кантакты з агрэсарамі — мяркую, тым больш шансаў, што гэтая рэальнасць будзе прынятая і пэўная колькасць мужчын падключыцца да інфармацыйных кампаній, да пастаяннай працы па прадухіленні гендарна абумоўленага гвалту.