Слонімскую сінагогу зноў выставяць на аўкцыён

У хуткім часе Слонімская сінагога зноў будзе выстаўлена на аўкцыён. Стартавы цэннік складзе 130 000 рублёў, паведамля s13.


1280px-Synagogue,_Slonim.jpg

У 2020 годзе пісьменніца Ілона Караваева купіла сінагогу за 30 000 рублёў.

Ілона Караваева ўбачыла будынак былой сінагогі на паштоўцы і вырашыла купіць яго, каб аддаць даніну павагі сваёй сям’і. Пасля вайны яе маці жыла з бацькамі ў Слоніме, дзе хадзіла ў школу, дзе нарадзілася яе малодшая сястра. Ілона вырашыла захаваць будынак, вярнуць яго да жыцця, каб новыя пакаленні не забывалі пра гісторыю горада і людзей, якія ў ім жылі. Для гэтага яна прадала кватэру. Хоць, па яе прызнанні, разумела, што рэстаўрацыя помніка архітэктуры можа каштаваць мільёны даляраў.

Пісьменніца спадзявалася аднавіць культурную каштоўнасць, але, на жаль, не разлічыла сваіх сіл. Яна выявіла, што будынак у аварыйным стане, і на адзін толькі праект рэканструкцыі трэба было сабраць мінімум $50 000.

Але знайсці грошы на рэстаўрацыю ёй не ўдалося, таму гістарычны помнік у чарговы раз перадалі гораду.

Сінагога ў Слоніме — найстарэйшы архітэктурны помнік горада і адзін са знакавых не толькі для Гродзенскай вобласці, але і ўсёй Беларусі. Сінагога была пабудавана ў 1642 годзе. Гэта помнік архітэктуры эпохі барока з архітэктурна-кампазіцыйнымі прыёмамі, характэрнымі для манументальнага будаўніцтва Беларусі XVII-XVIII стст., і арыгінальным арнаментальна-дэкаратыўным рашэннем інтэр’еру.