25 лютага літаратар Андрэй Хадановіч і музыка Сяргей Башлыкевіч наведалі Мазыр. Творчая сустрэча адбылася ў гімназіі імя Янкі Купалы, у межах кампаніі “Пяцісотгоднасць”, што далучылася да ўрачыстых Купалаўскіх чытанняў, якія штогод, ужо ў шосты раз адбываюцца ў Мазыры. Актавая заля была запоўненая навучэнцамі і настаўнікамі – як мясцовымі, так і з іншых гарадоў Гомельшчыны. Навучэнцы гімназіі падрыхтавалі цікавую праграму адкрыцця свята, з вершамі і песнямі, урачыстымі прамовамі і элементамі тэатралізацыі: у поўны момант на сцэне апынуліся маладыя людзі ў касцюмах Францыска Скарыны і Янкі Купалы, звярнуўшыся да беларускіх слухачоў ХХІ стагоддзя.
Потым адбыўся літаратурна-музычны канцэрт менскіх гасцей. Выступоўцы чаргаваліся, змяняючы адзін аднаго ля мікрафона. Андрэй Хадановіч чытаў свае вершы і пераклады з кніг “Лісты з-пад коўдры”, “Разам з пылам” і “Цягнік Чыкага-Токіё”, прадставіў прысутным кніжку Рыгора Барадуліна “Перавыбранае” і беларускія зборнікі Эдгара По, Шарля Бадлера і Гіёма Апалінэра з серыі “Паэты планеты”, а таксама выканаў пару перакладаў Леанарда Коэна і Сержа Генсбура. Сяргей Башлыкевіч пад гітару праспяваў свае песні “На Буйніцкім полі”, “Ярылы крыж”, “Лётчык”, “Снежань” і “Барадоўшчына”. Магчыма, найцікавейшым пунктам імпрэзы быў момант імправізацыі і ўзаемадзеяння двух выступоўцаў, калі Башлыкевіч і Хадановіч разам выканалі беларускую версію знакамітай песні Боба Дылана “Blowing in the wind”, кожны ў сваім стылі і сваім перакладзе – “Дзе той адказ” і “Словы на вецер” адпаведна. Прысутныя рэагавалі радасна і разняволена, задавалі пытанні, набывалі кніжкі, бралі аўтографы і атрымлівалі памятныя прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі”. Выглядала на тое, што словы вершаў і песень гэтым разам не ляцелі на вецер, а знаходзілі сваіх адрасатаў.