Назва была выбрана шляхам грамадскага абмеркавання ў жніўні гэтага года. Для галасавання было прапанавана 8 варыянтаў назвы сквера, у тым ліку і дасланыя мясцовымі жыхарамі. Большасць галасоў — 53% — атрымала назва «Вераніцынскі сквер».
Помнік палясоўшчыку Тарасу ў Гарадку. Фота: тэлеграм-канал "Спадчына"
У Гарадку зацвердзілі назву гарадскога сквера перад райвыкананам — цяпер ён будзе называцца «Вераніцынскі сквер».
«Названы ён у гонар Канстанціна Вераніцына, ураджэнца Гарадоччыны, які лічыцца найбойльш імаверным аўтарам сатырычна-гумарыстычнай паэмы «Тарас на Парнасе», напісанай у 1850-я гады. У скверы яшчэ ў 2014 годзе быў пастаўлены помнік галоўнаму герою паэмы палясоўшчыку Тарасу, так што новая назва цалкам лагічная», — паведамляе тэлеграм-канал «Спадчына».
«Спадчына» адзначае, што выбар такой назвы — гэта «рэдкі выпадак, калі ў рэгіёне ў справе наймення абыйшлося без ваяк, прадсядацеляў райкамаў, людзей, якія былі на Беларусі толькі праездам, і пафасных пустых назваў тыпу «за ўсё добрае супраць усяго благога».
Памятны камень у гонар паэмы "Тарас на Парнасе". Фота: wikipedia.org
Канстанцін Васілевіч Вераніцын (13 чэрвеня 1834, Астраўляны Віцебскага павета Віцебскай губерні, цяпер Гарадоцкі раён — 26 жніўня 1903, Лясны ўчастак, прыгарад Пецярбурга) — удзельнік літаратурнага жыцця ў Беларусі сярэдзіны ХІХ ст., адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры. Найбойльш імаверны аўтар сатырычна-гумарыстычнай паэмы «Тарас на Парнасе».
Паходзіў з прыгонных сялян памешчыкаў Бондыравых, прозвішча яго было Васільеў (або Васілёў), атрымаўшы вольную ў 1851 годзе ён прыпісаўся да гарадоцкіх мяшчан і ўзяў прозвішча Вераніцын.
У 1857 годзе як пансіянер Вольнага эканамічнага таварыства паступіў у Горы-Горацкі земляробчы інстытут адразу на трэці курс. У 1859 выдатна скончыў інстытут са званнем агранома, абараніў дысертацыю «О белорусском хозяйстве».
У 1874-1879 працаваў выкладчыкам прыродазнаўства, геаграфіі і гісторыі ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. З 1880 служыў у Пецярбургу ў апараце Міністэрства шляхоў зносін. У 1900 выйшаў у адстаўку ў чыне стацкага саветніка.
Чытайце яшчэ: Cцежкамі Канстанціна Вераніцына