Усе задаюцца пытаннем: адкуль у беларусаў такая памяркоўнасць і талерантнасць? Шмат хто грашыць на «штучны адбор»: маўляў, праз Беларусь увесь час туды-сюды гойсалі розныя людзі з захопніцкімі войнамі. І ў нас «самых буйных» знішчылі, а засталіся тыя, хто пастаянна «хаваўся ў бульбу». Адпаведны ў нас і генетычны код.
Можа быць, гэтая тэорыя і вартая ўвагі, але яна не тлумачыць наяўнасці шматлікіх вызвольных паўстанняў, якія ў Беларусі выбухалі ці не раз на паўстагоддзя.
Але тое, што па прыродзе сваёй беларусы — людзі мірныя і рахманыя, яскрава бачна, калі спрабуеш падабраць варыянты імёнаў для нованароджаных з беларускім каларытам. Такія, якія б былі адметныя і пры гэтым — яскрава каларытныя.
Беларуская культура пры гэтым — вельмі цікавая тым, што ў ёй не існуе нейкай кананічнай формы імені. Нам ўласцівы менавіта народны іменнік, які характарызуецца адсутнасцю строга замацаванай формы, як, напрыклад, у рускай праваслаўнай традыцыі. У рускіх «Юрый» — і кропка. А ў беларусаў пры гэтым ёсць Юрась і Юрок, не кажучы ўжо пра прастамоўнае Юрка.
Аднак у выніку русіфікацыі, якая праводзілася за савецкім часам, у беларускай мове народныя імёны былі выціснутыя з афіцыйнага ўжытку праваслаўнымі кананічнымі формамі. Нельга было ў дакументах запісаць дзіця Юркам або Юрком, аднак лёгка можна было запісацца Акцябрынай ці (крый божа) Даздрапермай («Да здравствует Первое мая!»).
Такім чынам, некалькі імёнаў для хлопчыкаў з беларускім каларытам даводзіцца абіраць суб’ектыўна. І калі пачынаеш гартаць які-небудзь іменнік, сутыкаешся з цікавай з’явай. Нашыя імёны — амаль усе мірныя, без ваяўнічага падтэксту.
Чытайце таксама: Назаві мяне па-беларуску!
Напрыклад, імя Багуслаў — у славянскім азначэнні «той, які славіць бога». Варыянты — Багусь, Богцік, Багук, Богуш, Богша.
Ёсць беларускае па гучанні імя Брачыслаў. Яно азначае «славуты воін», «гучная слава».
З той жа кагорты — Ізяслаў. Усе мы разумеем, у гонар каго названае Заслаўе: у гонар маленькага князя Ізяслава Уладзіміравіча, родапачынальніка полацкіх князёў. І легенду пра тое, як ён, узяўшы меч, бараніў сваю маці, таксама ведаем. А азначае імя Ізяслаў «той, хто павінен стаць славутым».
Дарэчы, не трэба называць Ізяслава Ізяй. Ізя — гэта памяншальная форма ад габрэйскага «Ізраіль», «той хто змагаўся з Богам, сапернік Бога».
У гэтых імёнах адметнасць — частка «слаў», што і дае ім значэнне «слаўны, славуты».
Цікава, што ў славянскім іменніку ёсць і самастойнае імя Мірэк. Аднак там яно з’яўляецца кароткай формай імені Ярамір — «яры і мірны», што неяк больш агрэсіўна за Будзіміра.
Таксама дзякуючы паэту Славаміру Адамовічу мы ведаем такое імя, якое азначае «слава міру; той, хто ўслаўляе мір; слаўны і мірны».
Імя Казімір — Казік, Казюк — вядомае па «Народным альбоме», азначае «казачнік, той хто кажа пра мір», прапаведнік міру». Утворанае. зразумела, ад «кажа» + «мір».
Імёны з часткай «мір» таксама ёсць адметнасцю славянскага (і беларускага) імяўтварэння.
Беларускае імя Вінцэнт (памятаеце, што Каліноўскага поўнасцю звалі Кастусь Вікенцій?) утворанае ад лацінскага Vincent і азначае «той, хто перамагае». Цікава, што імя Вікенцій — гэта не поўная форма імя Вінцэнт, а наадварот — славянскае ўтварэнне ад сапраўднага лацінскага імені. У размове Вінцэнта беларусы называлі Вінцуком, Вінцусём, Вінькам.
Таксама папулярнае на нашых прасторах імя Дамінік. Яно паходзіць з лаціны і азначае «дзень Божы». Бо гэтае імя надавалася хлопчыкам, што нарадзіліся ў нядзелю, у той самы сёмы дзень, які, паводле запавету, трэба прысвяціць богу.
Варта адзначыць, што адзін Дамінік, які нарадзіўся ў 1170 годзе ў заможнай іспанскай сям'і Гусманаў у Калеруэзе, моцна паўплываў на каталіцкую царкву. Бо менавіта ён стаў заснавальнікам ордэна дамініканцаў. Найважнейшым напрамкам дзейнасці дамініканцаў было паглыбленае вывучэнне тэалогіі з мэтай падрыхтоўкі пісьменных прапаведнікаў, а значыць — развіццё навукі. Дамініканцы заснавалі ўласныя навучальныя ўстановы (напрыклад, у Балонні, Кёльне, Оксфардзе і інш.), узначальвалі багаслоўскія кафедры ва ўніверсітэтах Парыжа, Падуі, Прагі і іншых. Альберт Вялікі і Тамаш Аквінскі — знакамітыя навукоўцы, якія выйшлі з ордэна; да яго ж належалі майстар Экхарт, Таўлер, Джыралама Саванарола і многія іншыя вядомыя асобы.
Чытайце таксама: Як адрознівацца ад іншых
А яшчэ з імем святога Дамініка каталіцтва звязвае з’яўленне Ружанца — шырока распаўсюджанай каталіцкай малітвы на пацерках. Паводле легенды, Ружанец быў уручаны святому Дамініку ў 1214 годзе падчас з’яўлення яму Панны Марыі.
Цікавая гісторыя імені Жыгімонт. Гэта, аказваецца, літоўская (балцкая) форма славянскага імені Сігізмунд. А Сігізмунд (польскае Zygmunt) — у сваю чаргу форма германскага імені Зігмунд, якое азначае «пераможца і абаронца». Вось такая шматхадовачка!
Кандрат Крапіва, падаецца, парадаваў нас яшчэ адным беларускім па гучанні іменем. Аднак утворанае імя Кандрат (Кандраш) ад лацінскага (Quadratum) і азначае простую рэч: «квадратны, шырокі ў плячах». І, гледзячы на Кандрата Крапіву, разумееш: імя насамрэч яму пасуе.
І, вядома ж, імя Якуб — у варыянтах Янцік, Яктук, Яктусь, Ян. Насамрэч гэта ўтварэнне ад біблейскага імені Якаў — «той, што ідзе ўслед».
Аліна Бялова, budzma.by